Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Шлях да Бога

Прыйдзіце, прыміце Духа Сьвятога

14-18 ліпеня 2009 году прадстаўнікі парафіяў БГКЦ удзельнічалі ў міжнародным «Кангрэсе пакланеньня», які быў арганізаваны каталіцкай Супольнасьцю «Эмануэль» у французскім мястэчку Парэ-ле-Маньяль (Paray-le-Monial). Гэтае месца вядомае ад часу зьяўленьняў Ісуса сьвятой манахіні Маргарыце Марыі (Алякок) у 1629 г. і ўстанаўленьня ў Каталіцкай Царкве культу Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса.

У намёце, дзе адбываліся нашыя малітоўныя спатканьні, вісеў абраз, на якім Сэрца Ісуса Хрыста было паазана як еўхарыстычная Гостыя (Агнец). Гэтая ікона была заклікам да малітоўнага пакланеньня Ісусу Хрысту ў Сьвятых Дарах Еўхарыстыі. І на самой справе кожны дзень у праграме Кангрэсу быў час на еўхарыстычную адарыцыю (пакланеньне Сьвятым Дарам). Гэта давала ўдзельнікам Кангрэсу магчымасьць асэнсаваць Еўхарыстыю як крыніцу Боскай Любові, як Сакрамант Духа Сьвятога. Тым больш, што на іконе ў кнізе, якую трымае Ісус Хрыстос, зьмешчаныя словы з Евангельля «Прыміце Духа Сьвятога».

У духовых выкладах падкрэсьлівалася, што крыніцай нашай любові да Бога, а значыць і жаданьня Яму пакланяцца – ёсьць Любоў, якой адорвае нас Ісус Хрыстос з Свайго Сэрца. Для нас, грэка-католікаў, гэта была магчымасьць бліжэй пазнаёміцца і адчуць усю таямніцу еўхарыстычнай адарацыі – даўняй практыкі братоў лацінскага абраду.

У духоўнай традыцыі Заходняй Царквы звычайна пераважае розум, практычнасьць, дзейнасьць, ёй менш уласьцівыя ўсходні містыцызм, сузіральнасьць, медытацыйнасьць. Але якраз еўхарыстычная адарацыя зьяўляецца тым часам, калі рыма-католік спыняецца, каб пабыць з Ісусам Хрыстом адзін на адзін, у цішыні.

Што ж да ўзаемаадчуваньня, то нават не былі патрэбныя выклады: дастаткова было паглядзець навокал. З усёй усходняй групы – а гэта каля 70 беларусаў, палякаў і ўкраінцаў – французскай мовай валодала толькі некалькі асобаў, але гэта не перашкаджала нам адчуваць сябе там добра. Усьмешка, дапамога, прыязная размова – гэта было абсалютна натуральна.

Таксама і Боская Літургія ў візантыйскім абрадзе, якую ўзначальваў а. Алесь Шаўцоў з Полацку, была цудоўным часам сулучнасьці беларусаў, украінцаў і палякаў (падобна, некаторыя французы таксама прысутнічалі) у праслаўленьні Хрыста, Які ў сьвятых Сакрамантах жыве і надзяляе вернікаў Духам Сьвятым.

Алена Андросік, г.Менск


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)