Царква
Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:20)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

РАЗАМ – старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 1 (29), 2008

Адкуль узяліся гэтыя ЭМА?

Погляд на адну з сучасных моладзевых субкультур

Прыязджаючы з семінарыі на адпачынак, міжволі зьвяртаеш увагу на тое, чым жыве сёньня моладзь, твае сучасьнікі. Зьмяняюцца часы, зьмяняецца культура, зьмяняюцца надпісы на мурах, як і зьнешні выгляд тых, хто малюе, і тых, хто «сузірае» такія «творы мастацтва». Сярод сьвежых надпісаў можна заўважыць тры цікавыя літары: «ЕМО». Можа быць, хтосьці зусім не цікавіцца «насьценным» мастацтвам, аднак ён, напэўна, мог бачыць каго-небудзь з прадстаўнікоў сёньняшняй моладзі, апранутых у чорнае, часта з кантраснымі чырвонымі элементамі, у якіх фрызура (яна звычайна пафарбаваная ў чорны колер, але бываюць і ружовыя локаны) закрывае палову твару, на заплечніку — плюшавая цацка (ружовы мядзьведзік, зайчык і т. п.), на руках — «фенечкі», на нагах — кеды (нават могуць быць з абцасамі!). Хто ж яны?

Гісторыя «сапраўдных» эма, як многіх іншых субкультур, зьвязана з музычнымі зацікаўленьнямі. Пачалася яна ў 1983 годзе. Вашынгтонскі хардкор-панк страчвае папулярнасьць і некаторыя гурты пераходзяць на іншыя стылі. Новаўтвораныя музычныя каманды (зразумела, з рэштак раней папулярных гуртоў, што яшчэ памятаюць, як дабываць рыфы з гітар і «груканьне» з барабанаў) пачынаюць шукаць «новых хваляў». Так іхняя музыка сталася больш меладычнай, менш агрэсіўнай, рытмы лагаднейшымі, вакалы чысьцейшымі – свайго роду набліжэньне да звычайнай «папсы» (параўнальна, напрыклад, з гуртом «Звери»). Ужо ў 1985 годзе быў пачатак першай хвалі такой музыкі, існавала шмат гуртоў з «новым» гучаньнем. Іх жартаўліва пачалі называць «эма» — скарочана ад ангельскага слова «Emotion» (эмоцыя), або яшчэ «імо».

Напрыканцы 1980-х некаторыя музыкі пачалі больш рабіць акцэнтаў на эмоцыях у сваіх творах, падкрэсьліваючы іх кантраснымі гітарнымі хадамі і вакаламі, што пераходзяць ад пяшчотнага шэпту да істэрычных надрывістых крыкаў. Да пачатку 1990-х эма стае цалкам самастойным музычным накірункам і набывае нават свае новыя «падстылі». З 2000 году па сёньняшні дзень эма мае даволі шмат сваіх слухачоў і прыхільнікаў па ўсім сьвеце. Асаблівае месца субкультура Эма мае ў Японіі, адкуль паходзіць сувязь Эма з мультфільмамі анімэ.

Што ўвогуле можна сказаць пра эма-кідаў («эмацыйных дзяцей»)? Пачнем з таго, што маем: з музыкі, дзе ёсьць самастойны накірунак эма-стылю і нават вельмі разнастайныя падстылі. Заўзятыя аматары дадзенага музычнага накірунку – таксама ў наяўнасьці, нібы ў дастатковай колькасьці. Зьнешні выгляд – больш, чым трэба. Але большасьць увагі ў кожнай субкультуры трэба ўдзяляць, так бы мовіць, ідэалогіі – таму, «чым дыхае» гэтая моладзь. Асабіста мне, колькі даводзілася сустракацца з эма-кідамі, ніхто нармальна так і не расказаў пра свае эма-ідэі. Найчасьцей даводзілася чуць: «Наша ідэалогія – нашыя эмоцыі» ці: «Нашая філасофія – нашыя перажываньні, нашыя пачуцьці». Кожны нармальны чалавек мае пачуцьці і эмоцыі, кожны мае свае перажываньні, хтосьці больш уражлівы, хтосьці менш, бо ўсе мы розныя, бо ўсе мы людзі. Такія рэчы, як іх выгляд (карыстаньне касьметыкай, фарбаваньне ўсяго, што толькі даецца пафарбаваць, пасьля чаго цяжка адрозьніць хлопца ад дзяўчыны), вытлумачэньні іх ідэалогіі, штучныя паводзіны прывялі да непрыязьні да іх з боку іншых моладзевых субкультур. Праўда такая, што мужчына — мусіць быць мужчынай, жанчына — мусіць быць жанчынай, а «унісэкс» — зьнішчэньне розьніцы паміж мужчынскім і жаночым выглядам, якое сёньня нярэдкасьць — супраціўны хрысьціянству.

Па сваёй сутнасьці Эма — гэта перадусім хардкор, бо з гэтага накірунку панк-музыкі гэтая субкультура вырасла. Адпаведна да гэтага можна «дабыць» два ідэйныя накірункі стасоўна менавіта субкультуры Эма: «DIY» і «sXe». «DIY» – расшыфроўваецца і перакладаецца прыблізна як «рабі ўсё самастойна». Каментару не патрабуе. «sXe» калісьці зарадзілася ў панкаўскім асяродзьдзі. Асноўнай рысай гэтага зьявішча было поўнае самакантраляваньне, пры гэтым абавязковая была адмова ад шкодных звычак (цыгарэт, алкаголю, наркотыкаў, псіхічных і фізічных стымулятараў). Калі ж хтосьці з эма-кіндэраў ня ведае, што такое хардкор, «DIY», «sXe», то з пэўнасьцю можна сьцьвердзіць яго прыналежнасьць да любой «позерскай» псеўдасубкультуры, але ніколі да субкультуры Эма.

Што можна сказаць пра тэксты эма-музыкі, ад якой фанацеюць эма-кіды? Сёньня ў сучасных так званых эма-выканаўцаў часьцей можна пачуць прыкладна такія тэмы (цытую з гумарам перакладчыка): «Мяне кінула мая каханая, мне надакучыла жыць, я крычу ад болю, я буду біцца галавой аб сьцены, каб стала яшче балесьней, я хачу перастаць жыць... я перастану жыць...» Калі гэта выдумана (на шчасьце, 95% такіх твораў штучныя), можна задацца пытаньнем: навошта аж столькі і так трагічна, і навошта так надрывацца? Калі гэта сапраўдныя перажываньні, то існуе немалая верагоднасьць, што слухач эма-кід, калі яго кіне каханая, папраўдзе будзе біцца галавой аб сьцены. Што ж сьпявалі прадстаўнікі старой эма-школы? Зноў цытую перакладчыка: «Мяне кінула мая каханая, жыцьцё страціла сэнс, ня хочацца больш жыць... Але я маю мару, сьветлую мару, цёплую мару, нават калі ўвесь сьвет адвернецца ад мяне, нават праз сьлёзы, мара ажыцьцявіцца... Варта жыць для такой мары».

Абавязкова мушу адзначыць, што пераважная большасьць сучасных музычных гуртоў, якія дэкларуюць сябе як «ЕМО», да сапраўднага эма (а нават і да хардкору, панку, і яшчэ глыбей: да сапраўднага року) ня маюць аніякага дачыненьня.

Таксама трэба пагаварыць пра выгляд эма-кідаў, так званы EMO-Style. Вышэй апісаны вобраз сучаснага эма-кіндэра – толькі 0,01% ад сапраўдных эма, і пачатак свой бярэ не з каранёў Эма субкультуры, а, найверагодней, з поп-псэўда-мадэрн-готаў (пра іх, магчыма, іншым разам). Сапраўдныя эма-хлопцы выглядаюць перадусім як хлопцы: звычайныя джынсы (але вузкія), звычайная майка бяз надпісу «Tokio bordel» (прабачце, дарагія чытачы!) або цёмнага колеру вязаны швэдар, звычайныя (не ружовыя!) кеды ці іншы зручны абутак, а на галаве нармальны, у сэнсе ўласьцівы амаль усім рокавым субкультурам, хаер (доўгія валасы). Традыцыйнай прычоскай эма лічыцца касы рваны чуб да кончыка носу, каб закрывала адно вока, а ззаду – кароткія валасы, якія тырчаць у розныя бакі. Эма-хлопцы не карыстаюцца жаночай касьметыкай і не фарбуюцца, як кіношныя гомасэксуалісты. Часта эма абвешаныя рознымі значкамі сваіх эма-гуртоў. У эма-хлопца відаць яго індывідуальнасьць.

Няхай мяне прабачаць усе дзяўчаты за далей напісанае. Эма-дзяўчат, як такіх, лічу, не існуе! Жыць паводле прынцыпу: больш эмоцыяў і больш выяўленьня гэтых эмоцыяў — для прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва – гэта натуральная справа. А эма-хлопцы – гэта тыя, якія мацней за іншых нармальных хлопцаў засяродзіліся на пачуцьцях, і сапраўдныя пачуцьці і перажываньні для іх зьяўляюцца велічэзнымі каштоўнасьцямі, нават у нейкім сэнсе скарбам. Часта эма любяць пісаць вершы, маляваць у стылі Эма.

Вядома, сапраўдныя эма (напрыклад, японскія) супраць шкодных звычак, супраць неўпарадкаваных сэксуальных кантактаў, падтрымліваюць здаровы лад жыцьця, шануюць пачуцьці, аднак менавіта гэта, часта празьмерная, акцэнтацыя на эмоцыях і пачуцьцях, асабліва на негатыўных, зьяўляецца небясьпечнаю.

Нельга не адзначыць яшчэ адзін немалаважны момант, які нярэдка ўзьнікае вакол звышэмацыйных людзей – гэта праблема самазабойства. Важна ведаць, што «сапраўдныя» эма ня маюць суіцыдальных схільнасьцяў, але паколькі сучасныя так званыя эма-выканаўцы кожным другім куплетам апяваюць «нежаданьне» жыць, варта задумацца на тэму нармальнасьці такіх ЭМАцыйных падлеткаў, бо калі не самазабойства, то нездаровы мазахізм пагражае асобе даволі сур’ёзна.

Як ставіцца да Эма або ўвогуле як ставіцца да падобных моладзевых субкультур? Калі прыналежнасьць да той ці іншай моладзевай субкультуры не перашкаджае чалавеку быць хрысьціянінам, не засланяе сабой Хрыста, а ідэі не супярэчаць агульначалавечым вартасьцям, то, напэўна, мае права на існаваньне. У кожным выпадку чалавек мусіць ведаць, або, прынамсі, задумвацца, што ён слухае, чаму ён так, а не па-іншаму апранаецца, і, самае галоўнае — навошта яму гэта.

семінарыст Аляксандр Хахлоў
(За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу шчыра дзякую віцебскім нефармалам і ўсім наведвальнікам «метал»-парталу.)

Гл. таксама: Ці кожны эма зьяўляецца хрысьціянінам?


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)