Царква
Не выдумляй ілжы на брата твайго, і не рабі таго ж супраць аднаго. Не жадай казаць якую б то ні было хлусню, бо паўтор яе не паслужыць на добрае
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 7:12-13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

«Разам» - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 4 (32) 2008

Данесьці Слова Божае
да людзей – на роднай мове

Размова з мітрафорным протаярэем айцом Аляксандрам Надсанам, Апостальскім Візітатарам для беларусаў-католікаў замежжа

– Айцец Аляксандар, раскажыце, калі ласка, як нарадзілася і як разьвівалася Вашае пакліканьне да сьвятарства.

– Вельмі цяжкае пытаньне. Я не магу так сказаць, калі і ў якой хвіліне гэта сталася. Безумоўна, паволі Бог, разумееце, заўсёды вядзе людзей такой дарогай, каб не рабіць гвалт над душою.

Мае маладыя гады праходзілі падчас вайны. Узгадаваньня рэлігійнага і маральнага цэлага не было. Безумоўна, думалі толькі каб выжыць. А ў школах таксама ніякага рэлігійнага выхаваньня не было. Так сталася – я апынуўся на Захадзе. Шмат людзей ня ведаў. А ў той час – час фармацыі – я меў шчасьце. І гэта таксама Ласка Божая. Разумееце, мы – вельмі моцна шчырыя беларусы, заўсёды шукаем беларусаў. Пачуеш: «Беларускі сьвятар», і тое, што ён сьвятар, зараз ня важна, важна, што быў беларус.

Вось, я памятаю, першы раз паехаў у Рым. Ужо вайна скончылася, 1945-ы год. Спаткаўся з айцом Чаславам Сіповічам, гэта была яшчэ восень, хіба 1 лістапада 1945-га году. Прыйшоў – малады, энэргічны, па-беларуску прыгожа гаварыў. Як прывітаўся – адразу зрабіў уражаньне. Між іншым, у тым часе былі яшчэ ў Рыме іншыя два сьвятары. Яны толькі прыехалі – уцяклі ад камуністаў. Гэта былі айцец Леў Гарошка і айцец Пётр Татарыновіч. Вось, на другі дзень я з імі сустрэўся. Я б сказаў, што яны зрабілі на мяне ўражаньне вялікае і зусім адметнае ад іншых сьвятароў, якіх я сустракаў раней. Бачыце, яны былі і сьвятары, і беларусы, і інтэлегентныя, з імі можна было гаварыць на розныя тэмы. Яшчэ ў тым часе мяне справа Божая не абыходзіла, але яны зрабілі ўражаньне, шмат далі да думаньня. Я думаю, гэта, можа, быў першы крок такі ў гэтым напрамку.

Мне прыйшлося з імі яшчэ сустракацца. Айцец Сіповіч паехаў у Лёндан. Мы з ім зьблізіліся і пачалі размаўляць на рэлігійныя тэмы. Я пачаў разумець, у чым справа... Паволі гэта ўсё ішло. Я яшчэ быў студэнтам ва ўніверсітэце, вывучаў матэматыку, яшчэ быў далёка ад рэлігіі. Але, відаць, Ласка Божая ўжо працавала. Я неяк аднаго дня сказаў айцу Сіповічу (тады яшчэ айцу – ня біскупу), што хацеў бы быць сьвятаром. Я ўжо пачаў хадзіць рэгулярна ў Царкву, слухаць-выслухоўваць, як усё гэта йдзе, пачаў задумвацца над гэтым. Так што, бачыш, не было нічога сенсацыйнага, гэта быў павольны працэс.

І вось, недзе ў 1950-я гады (пачатак 50-х гадоў) я падумаў таксама пасьвяціць сваё жыцьцё Богу, паколькі былі сьвятары, якія мне вельмі імпанавалі – а. Сіповіч, а. Гарошка асабліва. Айцец Сіповіч сказаў, што гэта (сьвятарства) магчыма – чаму не, і хацеў мяне тады ў «Русікум» паслаць. Але тут я кажу: «Не, можа, што іншае». Тады прапанаваў «Грэцкую калегію», якая ўсё ж такі гістарычна зьвязана з беларусамі. У XVII і XVIII стагоддзі нашыя студэнты вучыліся ў Грэцкай калегіі ў Рыме, калі была ў нас Уніяцкая Царква.

Напісалі да кардынала Тысэрана, і мяне прынялі. У 1953 годзе я скончыў навуку ў Лондане. Тады я паехаў у Рым. І ня знаю, пасядзеў там, пасядзеў – і стаў сьвятаром. Вось так! Вось гэта ўсё, нічога сенсацыйнага, звычайныя рэчы. Паволі даходзіў да гэтага ўсяго. Ня тое што ў сьв. Паўла! Ну вось тое, што я магу сказаць. І да гэтага часу я застаўся такім: 50 гадоў сьвятару, раблю сваю работу паволі.

Скончыўшы сваю навуку ў Рыме, я вярнуўся ў Лондан. Дапамагаў а. Сіповічу. Розныя ў нас былі ініцыятывы. Трэба было працаваць, бо ўсё ж такі эміграцыйнае жыцьцё – гэта ня ёсьць нармальнае жыцьцё. Ёсьць свае цяжкасьці. Людзі не жылі кампактна, былі раскіданыя, трэба было іх неяк зьбіраць, нешта рабіць. Цяжка да іх дабрацца. Гэткія цяжкасьці засталіся і да гэтага часу. Цяжка. Яшчэ на вялікія сьвяты зьбіраюцца. Лондан – як вялікая вёска, некаторыя раскіданыя паміж сабой на 50-60 км. Ня ўсе маюць магчымасьць кожнага дня дабірацца ў царкву, і мы ня ў праве дамагацца гэтага ад людзей. Такія вялікія адлегласьці, дзе людзі ня маюць магчымасьцяў дабірацца грамадзкім транспартам. Што ўжо гаварыць пра людзей, якія жывуць у іншых гарадах. Дык вось гэта ёсьць цяжкасьці. Зьбіраюцца на большыя сьвяты, на Каляды, напрыклад, ці на Вялікдзень. Яшчэ пытаньне колькі ты можаш даць ім.

Нам хацелася ім даць хоць крыху (і гэта таксама важна, таму што мы – беларусы) – маліцца да Бога на роднай мове. Пыталіся ў мяне: чаму ты ня хочаш стаць рускім? Я адказваў: «Хочаш – ня хочаш, я такі, які ёсьць! Я – беларус». Маўляў, быў бы як усе нармальныя людзі – было б усё ў парадку. Нічога супраць расейцаў ня маю. Проста мне хацелася, каб беларусы славілі Бога на роднай мове. Гэта быў мой пачатак літургічных перакладаў на беларускую мову. Тое, што я вучыўся ў Грэцкай калегіі, таксама дапамагло... Навучыўся грэцкай мовы таксама. Рабіў пераклады і ўжо бачыў, як людзі маліліся на сваёй роднай мове. Хутка паехаў у Лондан і пачаў рабіць пераклады. Паказаў свае першыя пераклады (гэта былі 1960-ыя гады) а. Сіповічу, ён ужо быў біскупам. Яны з а. Гарошкам прачыталі і сказалі: «Што ты, смаркач, абы-чым займаешся, лепшыя за цябе баяцца перакладаць!» Можна было пакорна схаваць у шуфляду і нікому не паказваць. Я ім: «А я і не паказваў нікому!» А пасьля час зьмяніўся. Я выцягнуў з шуфляды і зрабіў добрыя пераклады Літургіі. Тады была кансэкрацыя біскупа Тарасевіча, я паехаў туды, у Чыкага, і там была экценія на беларускай мове. Наш новы біскуп аж падскочыў: «Адкуль ты маеш такі пераклад?!» – «Ну вось, я зрабіў...» – «А ці я магу мець?» Вось тады пачалося ўсё па-беларуску.

– А раней было па-славянску?

– Па славянску, так. Апостал і Евангельле па-беларуску, а рэшта – па-славянску. Ня знаю, чаму баяліся перакладаць усё на беларускую мову. Я кажу, што калі Бог хацеў, то чаму ж мы ня можам славіць Бога на роднай мове? Цяпер ужо, здаецца, усюды па-беларуску. Пераклады пакуль што толькі мае. Спачатку я пераклаў нядзельную Літургію, пасьля штодзённыя службы Вячэрні і Ютрані, паслья сьвяточныя. Яшчэ ня ўвесь камплект, але практычна ўсё, што трэба, скажам, нам для парафій. Гэтага дастаткова пакуль. Дзякуй Богу! Ну вось усё, што магу сказаць. Былі людзі, якім гэта спачатку не падабалася. Яны не разумелі царкоўна-славянскай мовы, але так прывыклі да яе і было нібы ўсё ў парадку. Але пасьля прывыклі да беларускай.

– Што найбольш патрэбна ў жыцьці семінарысту і ў выхаваньні да сьвятарства?

– Кожнаму чалавеку трэба, каб жыў з думкаю, што ён знаходзіцца ў прысутнасьці Бога. На гэтым трэба будаваць, гэта аснова. А яшчэ ёсьць дзьве рэчы. Першае, што семінарыст павінен памятаць, што сьвятар – гэта бацька для дзяцей. Ён павінен іх вучыць. А каб навучаць, трэба нешта ведаць самому. Мы павінны дапамагаць людзям ісьці да Бога. Ня мы іх робім – Ласка Божая нам даецца. Мы толькі дапамагаем людзям, стаемся прыладаю, нам дадзена пэўная роля. Але ніхто ня можа даць таго, чаго ня мае. І другое: калі ідзем да Бога – трэба памятаць, што малітва патрэбная ня Богу, а нам. Каб быць з Богам заўсёды, трэба быць чалавекам малітвы, каб людзі бачылі, як мы молімся. Важна асабістая малітва і галоўным чынам малітва эўхарыстычная. Падчас навучаньня ў семінарыі семінарыст вучыцца маліцца, як бы прывыкае да малітвы, яна ўваходзіць у цэнтр нашага жыцьця. Калі ж мы гэтага яшчэ ў семінарыіі ня схопім, то бедныя мы, і бедныя нашыя людзі. Яны гэта бачаць, і калі мы ня ўмеем маліцца, то і іх не зможам навучыць. І адказ дамо ня толькі за сябе, але і за іх. Бо кажуць: «Каму шмат дадзена, з таго больш і спытаецца».

– Што б Вы хацелі пажадаць беларускім сьвятарам і семінарыстам у нашай працы ва ўмовах сучаснай Беларусі?

– Найперш трэба быць сьвятарамі Божымі, як бы ні было цяжка, якімі б цяжкімі не былі абставіны. Наша справа – справа Божая. Мы як беларусы павінны любіць свой народ і даць яму тое, што яму належыць. Нашая беларускасьць – гэта дар Божы. Трэба дзякаваць Богу, што мы нарадзіліся беларусамі. Важна данесьці Слова Божае да людзей у найбольш даступны спосаб – на роднай мове.

Размаўляў

бр. Антон (Нікалаеў), CSsR

На фота:

1. Падчас размовы семінарыстаў з а. Аляксандрам Надсанам.

2. Менск, 23.11.2008. Віншаваньне айца А.Надсана пасьля падзячнай Літургіі ў Чырвоным касьцёле.

3. Менск, 22.11.2008. Семінарысты і сьвятары БГКЦ з а. Аляксандрам Надсанам.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)