Царква
Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна
(Кніга Прарока Ісаі 24:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Хрысьціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу

Пад такой назвай адбылася рэспубліканская навукова-тэарэтычная канферэнцыя ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 20 красавіка 2007 году. Сярод арганізатараў канферэнцыі – Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, факультэт гісторыі і сацыялогіі і кафедра гісторыі Беларусі Гарадзенскага ўніверсітэту.

Навукоўцы з розных куткоў Беларусі праявілі вялікую цікавасьць да гэтай канферэнцыі. На пленарным паседжаньні былі праслуханы восем дакладаў, а ў шасьці секцыях былі заяўленыя каля ста дваццаці дакладаў і паведамленьняў. Навукоўцы закранулі самыя розныя тэмы – тэарэтычна-метадалагічныя падыходы да вывучэньня хрысьціянства ў гісторыі, узаемасувязь дзяржаўна-палітычных і рэлігійных прыярытэтаў, хрысьціянскае асьветніцтва, этнаканфесійныя стэрэатыпы беларусаў, хрысьціянскія матывы ў літаратуры, тапаніміі, гэральдыцы Беларусі.

Адметнай рысай канферэнцыі стаўся шырокі ўдзел духавенства розных канфесіяў – праваслаўных, каталікоў лацінскага і візантыйскага абрадаў. Тое, што канферэнцыя была арганізаваная сьвецкай навучальнай установай, стварыла магчымасьць сустрэчы розных пунктаў гледжаньня, спрыяла абмену думкамі паміж прадстаўнікамі розных накірункаў – хрысьціянамі і атэістамі, каталікамі і праваслаўнымі. Падобны форум стаўся магчымым, дзякуючы намаганьням арганізатараў канферэнцыі, перадусім дэкана гістарычнага факультэту ГрДзУ сп. Эдмунда Ярмусіка.

Нямала цікавых дакладаў і паведамленьняў на канферэнцыі былі прысьвечаны тэме Уніі і сучаснага грэка-каталіцтва. Сярод іх можна выдзеліць даклад доктара Анджэя Гіля з люблінскага Інстытуту Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы “Роля Ўніяцкай Царквы на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагоддзі” і цікавае паведамленьне студэнткі Берасьцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту Любові Лукашэвіч “Праца з моладдзю ў сучаснай Грэка-Каталіцкай Царкве на прыкладзе парафіяў Берасьцейскай вобласьці”. Актыўна ўдзельнічалі ў канферэнцыі і самі грэка-католікі – дыякан Яўген Усошын з Менску, айцец Андрэй Крот з Горадні. Усяго з дакладамі і паведамленьнямі выступіла каля дзясятка грэка-каталіцкіх навукоўцаў з розных навучальных установаў. Доктар гістарычных навук, прафесар Сьвятлана Марозава, якая зьяўляецца адным з вядучых у Беларусі сьпецыялістаў па Уніі, была адным з арганізатараў канферэнцыі.

а. Андрэй Крот

На фота: 20.04.2007, Горадня. Сустрэча падчас навуковай канферэнцыі праваслаўнага і грэка-каталіцкага сьвятара.


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)