Царква
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна
(3 запаведзь, Выхад 20:7)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Сьвяткаваньне ў гонар Сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага

ПОЛАЦАК

Сёлетняе сьвяткаваньне мучаніцкае сьмерці сьв. Язафата ў Полацку мела іншы фармат, чым звычайна. Яно было арганізавана ў выглядзе малітоўнага спатканьня, на якое, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, прыбыло каля 25 чалавек гасьцей. Сярод іх былі ўдзельнікі менскага міжпарафіяльнага хору «Прасфарa», а таксама сёстры базыльянкі з Украіны, на чале са сваёй правінцыйнай настаяцелькай маці Маргарэтай Гутнік.

Увечары 10 лістапада госьці разам з мясцовымі парафіянамі маліліся ў Барысаглебскім манастыры Вялікую Вячэрню. Пасьля Вячэрні ўсіх чакала вячэра і традыцыйнае для сьвяткаваньняў у Полацку начное чуваньне. Позьнім вечарам, пры адным толькі лагодным сьвятле запаленых перад іконамі лампадаў, стомленыя пілігрымы маліліся ў манастырскім храме Ісусавай малітвай. Раніцай наступнага дня была Ютрань, якую сьпявалі сёстры, а пасьля яе — сьвяточная Боская Літургія, на якой сьпяваў менскі хор «Прасфарa».

Сьвяточны абед і супольная размова завяршалі сьвяткаваньне. Падчас размовы сёстры падзяліліся ўражаньнямі ад сваёй пілігрымкі на Беларусь, дзе, уласна, узяла свой пачатак іхняя манаская Супольнасьць. Менскія пілігрымы распавялі пра досьвед свайго царкоўнага служэньня, адной з праяваў якога стала зьяўленьне царкоўнага хору. Дарэчы, недзе месяц таму, хор узяў сабе назву «Прасфарa». Ва ўсходнехрысьціянскай традыцыі так называецца літургічны хлеб, які ёсьць сымбалем еднасьці.

Н. У.
ВІЦЕБСК

12 лістапада 2007 году ў Віцебску, у храме рыма‐каталіцкай парафіі Сьвятога Духа (будаўніцтва храму яшчэ працягваецца) а 18-й гадзіне адбылася важная падзея. Сьвятамучанік Язафат, змагар за еднасьць Царквы, сабраў разам на сьвяткаваньне вернікаў усходняга і заходняга абрадаў. Такое штогадовае сьвяткаваньне сталася ўжо

традыцыяй. Сьв. Язафат зьяўляецца афіцыйным апекуном Віцебскай рыма‐каталіцкай дыяцэзіі, якая носіць яго імя. У гэтым годзе, нягледзячы на сьнег, вецер і холад (храм пакуль ня мае ацяпленьня), нягледзячы на стомленасьць пасьля працоўнага дня, на пачатак Боскай Літургіі храм быў запоўнены людзьмі.

Сьвяткаваньне распачалося сьпевамі рэлігійных гімнаў «Божа, славім мы Цябе» і «Уладыка, Ойча» у выкананьні прадстаўнікоў хору віцебскіх грэка‐каталіцкіх парафіяў пад кіраўніцтвам матушкі Інэсы Грышан. У хоры сьпявалі таксама віцебскія мастакі І. Дураў і Э. Галустаў ды іншыя вернікі, сьпеў гучаў урачыста і прыгожа. На самым пачатку Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей, які ўзначаліў урачыстасьць, асьвяціў абраз сьв. Язафата. Гэты абраз упрыгожыў сьцяну галоўнага алтара. Потым з прамовай пра жыцьцё і мучаніцкую сьмерць сьв. Язафата да вернікаў зьвярнуўся пробашч рыма‐каталіцкай парафіі Сьвятога Духа а. Сяргей Сурыновіч (гл. тэкст далей). Ягоныя словы наблізілі прысутным вобраз сьвятамучаніка Язафата і ягоны час і далі магчымасьць кожнаму зразумець, што кіравала ім у ягонай дзейнасьці ажно каб прыняць пакуты мучаніцкай сьмерці. У саслужэньні Боскай Літургіі ўдзельнічалі, апрача трох грэка‐каталіцкіх сьвятароў, яшчэ чацьвёра рыма‐каталіцкіх сьвятароў з парафіяў Віцебскага дэканату. Сярод вернікаў знаходзіліся таксама так зв. асобы з абмежаванымі магчымасьцямі, якім дапамаглі прыбыць у храм добраахвотныя памочнікі — валанцёры з розных парафіяў. На заканчэньне а. Зміцер Грышан, парах віцебскіх грэка‐каталіцкіх парафіяў, падзякаваў за ўдзел усім прысутным і выказаў надзею, што духоўнае сяброўства паміж вернікамі двух абрадаў будзе пастаянна ўмацоўвацца.

Сьвяткаваньне працягнулася яшчэ ў сядзібе грэка‐каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага, дзе была арганізаваная сустрэча духавенства. Тыя сьвятары, што па прычыне іншых абавязкаў не змаглі далучыцца да Еўхарыстыі ў храме Сьвятога Духа, тут разьдзялілі радасьць сьвята. Пасля нешпараў (вячэрняй малітвы гадзін паводле заходняй літургічнай традыцыі) усе частаваліся стравамі, прыгатаванымі вернікамі парафіі. Так сьвяткаваньне ў гонар сьв. Язафата чарговы раз паказала, што сяброўства і добрасуседзтва будуюцца сумеснай малітвай і гасьціннасьцю.

Сьвятлана Пчолкіна, Віцебск
АНТВЭРПАН

У нядзелю, 11 лістапада 2007 г., у г. Антвэрпан беларускія грэка‐католікі Бельгіі адзначылі парафіяльнае сьвята Сьвятамучаніка Язафата Полацкага, Заступніка Беларусі. Урачыстую Боскую Літургію ў беларускай царкве ў Антвэрпане ўзначаліў Апостальскі Візітатар для беларусаў у замежжы Айцец Мітрат Аляксандар Надсан. Ягоны візіт быў вялікай радасьцю для ўсіх удзельнікаў парафіяльнага сьвята.

З Вялебным Айцом Візітатарам Боскую Літургію спаўслужылі парах антвэрпанскай парафіі а. Ян Майсейчык, парах галандзкай грэка‐каталіцкай парафіі ў Малдэне а. Тон Сіп і пробашч парафіі Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса а. Язэп Гендрыкс. Разьдзяліць урачыстасьць з беларусамі прыехаў прафесійны царкоўны хор з місійнае грэка‐каталіцкае парафіі ў Дронгене «Анёльскі сабор», які ўзвышанымі мелодыямі духоўнай музыкі дапамог вернікам больш глыбока перажыць Боскую Літургію. Акрамя шматлікіх беларусаў, што прыехалі на Сьвята з розных гарадоў, у набажэнстве таксама прынялі ўдзел бельгійцы, сярод якіх былі доктар багаслоўя праф. Гэлена Мардага, іканограф Павал Дэ Гроот і прадстаўнікі фламандзкага парафіяльнага камітэту па дачыненьнях з дзяржавай. Пасьля Боскай Літургіі адбылася сьвяточная трапеза, якую ласкава прапанавалі для ўсіх удзельнікаў набажэнства беларускія жанчыны.

Я. М.
На фота:

1.Полацак, 10.11.2007. Сустрэча з сёстрамі базыльянкамі з Украіны падчас сьвяткаваньняў у гонар сьв. Язафата.

2.Антвэрпан (Бельгія), 11.11.2007. Айцец-мітрат Аляксандар Надсан на парафіяльным сьвяце ў гонар сьв. Язафата - апекуна беларускіх грэка-католікаў Бельгіі.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)