Царква
Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:10)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Падзеі і сьвяты

«Няхай Бог блаславіць
Грэка-Каталіцкую
Супольнасьць Беларусі»

Прамова Кардынала Тарчызіё Бэртонэ,
Дзяржсакратара Сьвятой Сталіцы,
падчас сустрэчы з духавенствам і вернікамі БГКЦ

Менск, 19 чэрвеня 2008 году


Дарагі Архімандрыт, Апостальскі Візітатар
Грэка-Каталіцкай Супольнасьці Беларусі,
Дарагія Браты ў Біскупстве,
Паважаныя Прадстаўнікі Ўладаў,
Дарагія Сьвятары, Манахі і Манахіні,
Дарагія Семінарысты,
Дарагія Браты і Сёстры!


Гэтая нашая сустрэча кароткая, але вельмі насычаная і сямейная. Дзякуй за вашую сардэчную гасьціну ў гэтым вашым душпастырскім цэнтры, прысьвечаным сьвятому Язэпу, Апекуну Царквы.

“Еднасьць у разнастайнасьці
абрадаў, формаў і культураў ёсьць
вялікім багацьцем Каталіцкай Царквы;
яна зьяўляецца скарбам царкоўнай
Сулучнасьці, якую мусім рупліва
захоўваць, абараняючы яе ад усякай
рызыкі ды небясьпекі”.

Я хацеў бы прывітаць усіх вас з вялікай сардэчнасьцю. Перш за ўсё вітаю Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў у Беларусі Дастойнага Архімандрыта Яна Сяргея Гаека ды дзякую яму за ветлівыя словы прывітаньня, якія ён накіраваў да мяне ад імя ўсіх вас. Вітаю і дзякую прадстаўнікам духавенства і вернікам вашай Супольнасьці, якія ад вашага імя выказалі нам сардэчнае прывітаньне. Вітаю Біскупаў тут прысутных, а ў першую чаргу Апостальскага Нунцыя, Яго Эксцэленцыю Архібіскупа Марціна Відавіча, які прадстаўляе тут, у Беларусі, Сьвятога Айца. Вітаю Прадстаўнікоў Улады, якія захацелі прыняць удзел у гэтай нашай сустрэчы.

Да Яго Сьвятасьці Бенядыкта XVI хочам зьвярнуць зараз нашыя думкі. Я тут, сярод вас, ад Яго імя; прыношу вам Ягонае прывітаньне і Ягонае Блаславеньне ды запэўніваю вас у Ягоным сталым клопаце пра вашую Супольнасьць. Я ведаю, што вялікай ёсьць вашая Яму вернасьць, і за гэта дзякую вам.

Еднасьць у разнастайнасьці абрадаў, формаў і культураў ёсьць вялікім багацьцем Каталіцкай Царквы; яна зьяўляецца скарбам царкоўнай Сулучнасьці, якую мусім рупліва захоўваць, абараняючы яе ад усякай рызыкі ды небясьпекі. Каб застацца вернымі гэтай еднасьці, шматлікія мучанікі на працягу стагоддзяў пралівалі сваю кроў, як сьвятамучанік Язафат – сьвяты вельмі дарагі вам ды ўсім каталікам. Госпад кліча ўсіх нас насьледаваць тых нашых братоў і сёстраў у веры, сьведчаньне якіх зьзяе як яскравы прыклад ды заахвочвае трываць у вернасьці Евангельлю, таксама сярод цяжкасьцяў і выклікаў сучаснага пост-мадэрнага сьвету.

Калі я ўваходзіў у гэты ваш душпастырскі цэнтр, у гэтае месца малітвы, дзе зьбіраецца вашая Супольнасьць, я адчуў веру, якую ў вас ажыўляюць шматлікія іконы, якія вы шануеце з вялікай пабожнасьцю. Таму я сапраўды рады, што я мог асьвяціць ікону сьвятога Язэпа, якая застанецца памяткай гэтага майго візіту ў вашым доме.

Вы зьяўляецеся спадкаемцамі старажытнай літургічнай ды кананічнай традыцыі, якая ў Сьвятой Божай Царкве мае поўную годнасьць.

Сьвятому Язэпу, гэтаму сьвятому, які быў выбраны, каб клапаціцца пра Ісуса ды Ягоную Маці, Дзеву Марыю, давяраю ўсіх вас, вашыя сем’і, а асабліва моладзь.

Няхай сьвяты Язэп прыдбае вам дар давесьці да поўнага завершаньня місію, якую Бог прызначае кожнаму з вас; ён няхай блаславіць ды апякуецца вашымі сем’ямі; няхай узбудзіць пакліканьні да сьвятарства і да пасьвячанага Богу жыцьця; няхай ён сьцеражэ ваш Горад ды ваш Народ.

З любоўю паўтараю вам маю самую шчырую падзяку за вашую гасьціну ды – з гэтымі пачуцьцямі – клічу на ўсіх вас тут прысутных матчынае заступніцтва Найсьвятой Дзевы Марыі, Маці Божай ды Маці Царквы, Маці еднасьці ды Зоркі мужнай надзеі. У Ейныя рукі давяраю вас, каб вы маглі крочыць заўжды зьяднанымі ды трываць у вернасьці Яе Сыну Ісусу Хрысту.

Яшчэ раз дзякуй!

Няхай Бог блаславіць Грэка-Каталіцкую Супольнасьць Беларусі!
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)