Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Навіны хрысьціянскага сьвету
 
Дакументы
II Ватыканскага Сабору –
упершыню па-беларуску

14 лютага 2009 году ў нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» ў Менску адбылася прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, а таксама кнігі кс. прафесара Яна Гурскага «Сустрэча з рэлігіямі».

На прэзентацыі выступілі рыма-каталіцкі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Царквы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі кс. Ян Крэміс, магістр тэалогіі Марына Пашук, кс.Ян Гурскі, доктар тэалогіі, прафесар, аўтар кнігі «Сустрэча з рэлігіямі», дырэктар выдавецтва «Pro Christo» Аліна Новікава, перакладчык кнігі «Сустрэча з рэлігіямі» на беларускую мову, рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша Вера» Крыстына Лялько.

Напачатку прэзентацыі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Ўладыка Тадэвуш (Кандрусевіч) падкрэсьліў значнасьць дадзенай працы, а таксама падзякаваў усім супрацоўнікам Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Царквы пры ККББ, намаганнямі якіх быў здзейснены пераклад на беларускую мову Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору.

«Сёньня адбываецца прэзентацыя доўгачаканага перакладу Дакументаў II Ватыканскага Сабору. Паглыбленьне самасьвядомасьці Касьцёла, аднаўленьне яго жыцьця, дыялог з хрысьціянскімі канфесіямі і нехрысьціянскімі рэлігіямі, дыялог з сусьветам – вось асноўныя мэты II Ватыканскага Сабору. Сёньня немагчыма ўявіць вучэньне Касьцёлу без дадзеных дакументаў. Асабліва хачу падкрэсьліць, што пераклад на беларускую мову быў зьдзейснены не механічна, творча. Існавала неабходнасьць стварэньня новай тэрміналогіі. Такім чынам, пераклад Дакументаў II Ватыканскага Сабору – гэта таксама значны ўклад Каталіцкага Касьцёлу ў нацыянальную беларускую культуру»,– падкрэсьліў архіпастыр РКЦ у Беларусі.

Мітрапаліт таксама дадаў, што экзэмпляры Дакументаў II Ватыканскага Сабору будуць падараваны Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, абласным і раённым бібліятэкам, а таксама Беларускай Праваслаўнай Царкве.
Кажучы пра кнігу Яна Гурскага «Сустрэча з рэлігіямі», Уладыка адзначыў:«Сёньняшні чалавек жыве ў сьвеце глабалізацыі. Таму, каб весьці дыялог з іншымі рэлігіямі, першапачаткова трэба ведаць пра іх саміх і іх вучэньне. Значным плюсам дадзенай кнігі зьяўляецца і тое, што яна зьмяшчае афіцыйнае вучэньне Каталіцкага Касьцёлу аб гэтых рэлігіях».

Кс. Ян Крэміс у сваю чаргу выказаў спадзяваньне на тое, што «знаёмства з Дакументамі II Ватыканскага Сабору паспрыяе разуменьню місіі Касьцёла ў грамадзтве», і падзякаваў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за ініцыятыву і падтрымку падчас працы над перакладам.

Магістр тэалогіі Марына Пашук, кажучы пра пэўныя цяжкасьці працы над гэтым выданьнем, адзначыла: «Пры выкарыстаньні ў дакументах адпаведнай тэалагічнай тэрміналогіі Секцыя па перакладзе кіравалася прынятымі ў Каталіцкім Касьцёле на Беларусі і зацьверджанымі кампетэнтнай касьцёльнай уладай тэрмінамі, якія выкарыстоўваюцца ў літургічных кнігах, дакументах Касьцёлу і ў перыядычных каталіцкіх выданьнях, акрамя гэтага даводзілася перакладаць на родную мову новыя паняцьці і ствараць новыя тэрміны».
Ксёндз прафесар Ян Гурскі выказаў радасьць і ўдзячнасьць за магчымасьць убачыць сваю кнігу на беларускай мове. Асаблівым чынам ён падзякаваў перакладчыцы – спадарыні Крыстыне Лялько. Трэба адзначыць, што менавіта ў гэтай кнізе ўпершыню цытуюцца Дакументы II Ватыканскага Сабору на беларускай мове.

Пасьля заканчэньня прэзентацыі кожны меў магчымасьць набыць пераклад Дакументаў II Ватыканскага Сабору, а таксама кнігу «Сустрэча з рэлігіямі» з подпісам аўтара
 
Паводле Catholic.by

На фота: Мітрапаліт Т.Кандрусевіч прэзентуе беларускі пераклад Дакументаў II Ватыканскага Сабору.
Гэты артыкул чыталі 7 разоў (-ы)