Царква
Навушнік апаганьвае сваю душу і будзе ненавідзім ўсюды, дзе толькі жыць будзе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 21:31)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Падзеі і сьвяты

Архірэйская хіратонія
новага Сакратара Кангрэгацыі
Ўсходніх Цэркваў

7 траўня 2009 году Папа Бенядыкт XVI прызначыў новага Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў – а. Цырыла Васіля, SJ, які дагэтуль працаваў рэктарам Папскага Ўсходняга інстытуту (Pontificia Instituto Orientale). У нядзелю, 14 чэрвеня, у рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore адбылася архірэйская хіратонія новага Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, якога Папа ўзьвёў да годнасьці архібіскупа, удзяліўшы яму тытулярны пасад Пталемаіды Лівійскай.

Хіратонія адбывалася ў той самай базыліцы, у якой 1140 гадоў таму Папа Адрыян ІІ у 869 годзе высьвяціў на біскупа Апостала і Настаўніка Славянаў – сьв. Мятода (Салунскага). Перад яе пачаткам быў зачытаны прывітальны ліст ад Дзяржсакратара Ватыкану кардынала Тарчызіё Бэртонэ, у якім адзначаецца, што Грэка-Каталіцкая Царква ў Славакіі дала нямала мучанікаў і мужных вызнаўцаў веры ў часы камуністычнага перасьледу, якія засьведчылі сваю вернасьць Папе і сталі тым добрым семем, якое прынесла багаты плён. І сёньня, у асобе пакліканага на адказнае служэньне сына гэтай зямлі Цырыла Васіля, можна бачыць “яшчэ адзін знак багатага ўраджаю, які падрыхтаваў Госпад”. Пасьля таго, як намінант а. Цырыл (Кірыла) Васіль склаў вызнаньне веры, быў зачытаны дэкрэт пра абраньне яго на архібіскупа і прызначэньне на служэньне ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Ва ўрачыстай сьв. Літургіі ў візантыйска-славянскім абрадзе, якую ўзначальваў грэка-каталіцкі Мітрапаліт Прэшаўскі Ян Бабяк, SJ, удзельнічалі 22 біскупы ўсходніх каталіцкіх Цэркваў, 7 біскупаў лацінскага абраду і больш за 150 сьвятароў розных абрадаў (візантыйскага, малабарскага, маланкарскага, копцкага, мараніцкага, армянскага, лацінскага) з усяго сьвету, а сярод славацкіх сьвятароў, якіх было асабліва шмат, былі таксама бацька і родны брат новавысьвячанага Ўладыкі Кірылы (Васіля), якія, як і ён, зьяўляюцца грэка-каталіцкімі сьвятарамі. Літургію саслужылі Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры (ён гаварыў казаньне падчас Літургіі), Прэзідэнт Папскай Рады па справах душпастырства мігрантаў і падарожнікаў архібіскуп Антоніа-Марыя Вэльё – папярэднік Уладыкі Кірылы на пасадзе Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, а. Адольфа Нікалас, Генеральны супэрыёр айцоў-езуітаў, а сярод чатырох кардыналаў, прысутных на гэтай урачыстай багаслужбе, быў і чэшскі кардынал Тамаш Шпідлік, SJ – выдатны багаслоў і знаўца духоўнасьці хрысьціянскага Ўсходу.

Абрад хіратоніі ўзначальваў Уладыка Славамір (Міклаўш), біскуп Крыжавацкай грэка-каталіцкай япархіі ў Харватыі, які нядаўна пайшоў на пенсію і які роўна 22 гады таму высьвяціў Цырыла Васіля на сьвятара. Паводле царкоўнай традыцыі падчас біскупскай хіратоніі з ім саслужылі два біскупы – архібіскуп Прэшаўскі Ян Бабяк і біскуп Кошыцкі Мілан Хаўтур, CsSR.

Па асабістым запрашэньні новага Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў а. Цырыла Васіля ў Боскай Літургіі, на якой адбывалася яго хіратонія, удзельнічалі Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ і протапрасьвітар-дэкан Цэнтральна-Заходняга протапрасьвітарату а. Андрэй Абламейка (Уладыка Кірыла шмат гадоў быў царкоўным асістэнтам скаўтаў Еўропы (FSE) і ведае асабіста яго) ды ераманах Лявонці (Тумоўскі), а таксама рымскі семінарыст БГКЦ Андрэй Гайдукевіч.

Сярод вернікаў была вялікая група скаўтаў з Славакіі і розных краінаў Еўропы.

Напрыканцы багаслужбы са словам падзякі выступіў новавысьвячаны Ўладыка Кірыла (Цырыл Васіль). Ён адзначыў, што пачынае сваё біскупскае служэньне ў сымбалічным месцы, бо ўласна ў гэтай базыліцы Сьвятой Марыі Найвялікай папа Адрыян II паклаў на алтар славянскія літургічныя кнігі, тым самым ухваліўшы літургічную мову нашых продкаў. Тут, у Рыме, недалёка ад гэтай базылікі, 1140 гадоў таму (у 869 г.) закончыў свой зямны шлях сьв. Кірыла, а пасьля яго сьмерці асьветніцкую дзейнасьць сярод славянаў працягваў сьв. Мятод, які стаў тут архібіскупам і папскім легатам. Таксама ён узгадаў часы перасьледу Грэка-Каталіцкай Царквы ў Славакіі і яе мужных ярархаў – сьвятамучанікаў Паўла Гойдыча і Васіля Гопка. Дзякуючы ўсім, хто дапамагаў яму на яго жыцьцёвым шляху, Уладыка Кірыла ўзгадаў і тое, як у 1987 годзе, яшчэ ў часы перасьледу ГКЦ, ён зьвярнуўся ў Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў з просьбай пра магчымасьць студыяў у Рыме, і вось сёньня, з ласкі Божае, ён вяртаецца туды зноў, ужо як Сакратар. Напрыканцы сваёй прамовы ён асабліва падзякаваў Сьвятому Айцу, а таксама біскупам, сьвятарам, манахам і вернікам, якія маліліся за яго падчас хіратоніі, і ўдзяліў усім прысутным сваё першае архірэйскае блаславеньне.

Пасьля хіратоніі дэлегацыя БГКЦ павіншавала Ўладыку Кірыла, а Архімандрыт Сяргей перадаў яму капсулу з зямлёй з месца мучаніцтва сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага.

Беларускія ўдзельнікі гэтай урачыстай падзеі мелі таксама магчымасьць паразмаўляць з Прэфектам Кагрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Кардыналам Леанардам Сандры. БГКЦ сёньня наўпрост падпарадкавана Апостальскай Сталіцы і кіраваньне ёй зьдзяйсьняецца праз гэтую Кангрэгацыю.

На фота: 14.06.2009. Рым, Базыліка Santa Maria Maggiore. Хіратонія Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Цырыла Васіля.

* * *

Уладыка Кірыла Васіль (Cyril Vasil’) нарадзіўся ў Кошыцах (Славакія) 10 красавіка 1965 г. Навучаўся ў Браціслаўскім універсітэце на багаслоўскім факультэце. Быў рукапакладзены на сьвятара 14 чэрвеня 1987 г. біскупам Славамірам Міклаўшам з Югаславіі, бо ў той час Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквой кіраваў ардынар-мітрат, які ня быў біскупам (не атрымаў дазволу камуністычных уладаў). У 1990 годзе айцец Цырыл Васіль уступіў у Ордэн Езуітаў.

У 1989 г. атрымаў ліцэнцыят усходняга кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, там жа ў 1994 г. абараніў доктарскую працу.

Пасьля заканчэньня студыяў а. Цырыл Васіль зьяўляўся прафесарам, дэканам факультэту кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце, а з 2004 г. – рэктарам гэтага Інстытуту. Разам з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) працаваў у коле кансультараў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Уладыка Кірыла Васіль – аўтар шматлікіх кніг і публікацыяў, супрацоўнічаў з Ватыканскім Радыё.

Акрамя роднай славацкай мовы, валодае таксама лацінскай, італійскай, ангельскай, французскай, нямецкай, гішпанскай, грэцкай, царкоўнаславянскай, расейскай і ўкраінскай мовамі.

Новы Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў свабодна чытае па-беларуску і шматразова дапамагаў сваімі юрыдычнымі кансультацыямі БГКЦ.
Гэты артыкул чыталі 8 разоў (-ы)