Царква
Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 6:25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Падзеі і сьвяты

У Браславе каранавана ікона Маці Божай Валадаркі Азёраў

У суботу, 22 жніўня 2009 году, у Браславе, пад адкрытым небам, на платформе, зробленай у выглядзе карабля, якая была разьмешчана непасрэдна каля марыйнага санктуарыюму, што на беразе возера, была каранаваная папскімі каронамі цудатворная Браслаўская ікона Маці Божай – Валадаркі Азёраў.

Ікона Багародзіцы, якая ўшаноўваецца цяпер у браслаўскім касьцёле Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, доўгі час знаходзілася ва Ўсьпенскім манастыры манахаў-базыльянаў, які разьмяшчаўся на адным з 15 астравоў возера Несьпіш. Манастыр вядомы яшчэ з 1500 году, уніяцкім ён стаў ад 1596 году, а яго архімандрыт Багдан Годкінскі-Клімант быў сярод тых, хто ў Берасьці паставіў свой подпіс пад дакументамі царкоўнай Уніі.

У браслаўскі касьцёл цудатворная ікона Багародзіцы была перададзена ў часы, калі пачалося зьнішчэньне Уніі ў краі. 21 жніўня 1832 году ў Браслаўскім базыльянскім манастыры здарыўся моцны пажар. Царква і ўсе манастырскія будынкі былі зьнішчаныя агнём. Ацалеў толькі абраз... Існуе меркаваньне, што манастыр загарэўся падчас начной навальніцы ад маланкі. Аднак на гэтыя трагічныя падзеі можна глянуць і ў іншым сьвятле: у 1832 годзе расейскія ўлады пачалі зачыняць базыльянскія манастыры – галоўныя аплоты Уніі. Ад 17 ліпеня 1832 году Закон Айцоў Базыльянаў у Расейскай імперыі перастаў існаваць, а ўсе манастыры былі непасрэдна падпарадкаваныя зьнішчальніку Уніі Ё.Сямашку. Браслаўскі манастыр у ягоным сьпісе на закрыцьцё быў у ліку першых...

22 жніўня 2009 году, пасьля зьдзяйсьненьня ўрачыстай каранацыі Браслаўскай іконы, вядомай яшчэ як Манастырская, на небе зьявілася гало – кола вакол сонца, якое ярка сьвяцілася. Гэты аптычны феномен, які назіраецца ў прыродзе ня так ужо і часта, прыцягнуў увагу шматлікіх вернікаў, якія сабраліся на пляцы перад браслаўскім санктуарыем Маці Божай.

Урачыстасьць каранацыі праходзіла пад адкрытым небам, на пляцы перад касьцёлам. Месца, дзе быў устаноўлены часовы алтар для літургіі, аформілі ў выглядзе карабля даўжынёй 32 метры. Мачту гэтага карабля вянчаў 22-метровы крыж. Сам цудатворны абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў, упрыгожаны белымі лілеямі, быў усталяваны на невялікай яхце перад алтаром. Карабель сымбалізаваў запрашэньне ў жыцьцёвае падарожжа разам з Божай Маці, якой трэба даверыцца, каб Яна прывяла кожнага з нас да жыцьця вечнага ў доме нашага Айца.

У гонар Маці Божай напярэдадні каранацыі адбыўся фэст нацыянальных культур – свае хрысьціянскія сьпевы прапанавалі беларускія, польскія, латышскія і ўкраінскія вернікі.

На ўрачыстасьць у Браславе сабраліся 31 ярарх Каталіцкай Царквы з дзесяці краінаў сьвету – Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША, а таксама каля 200 сьвятароў. Ва ўрачыстасьцях каранаваньня іконы прымалі ўдзел Ўладыка Мілан Шашык, Апостальскі Адміністратар Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі, манахі-базыльяне з Украіны і Літвы, а таксама групы вернікаў з розных грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі на чале з Апостальскім Візітатарам архім. Сяргеем Гаекам. Былі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы з Віцебскай япархіі, а таксама амбасадары і прадстаўнікі дыпламатычных місіяў шэрагу дзяржаў. Усяго – больш за 10 тысячаў вернікаў ня толькі з Беларусі, але і з суседніх краінаў маліліся ў гэты дзень ля цудатворнай іконы Багародзіцы.

Непасрэдна перад галоўнай сьвятой Імшой міжпарафіяльны грэка-каталіцкі хор «Прасфара» з Менску прасьпяваў Акафіст да Маці Божай. Набажэнства ўзначальвалі архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітарар для грэка-католікаў Беларусі, разам з біскупам Мукачаўскім Міланам Шашыкам і архімандрытам Пятром Берашам з Вужгараду (гл. фота).
Урачыстую сьвятую Імшу ўзначальваў архібіскуп Кёльнскі, кардынал Ёахім Майснэр, які, дарэчы, з асаблівай пашанай ставіцца да сьвятога Язафата Кунцэвіча. Уладыка Ёахім прамовіў казаньне, у якім заклікаў вернікаў ва ўсіх нашых складаных жыцьцёвых сітуацыях быць вернымі Царкве і заўсёды заставацца, як Марыя, пры Ісусе. «Хто цалкам аддаў сябе Богу – а менавіта так зрабіла Марыя,– будзе цалкам прыняты Ім. Гэта надае нашаму жыцьцю элемент вечнасьці. І таму Марыя нездарма ўпрыгожана каронаю, якую атрымала ад Свайго Сына. Тое, што Яна была ўзята на неба з усёю сваёю чалавечаю істотаю, для нас становіцца выклікам, які адначасова зьяўляецца надзеяй. Бог хоча асьвяціць нас, усё наша чалавечае існаваньне і прыняць на неба. Праз гэта Бог надае нашаму жыцьцю сапраўдны сэнс і належны падыход да сьмерці. І для нас у небе падрыхтавана вечная карона. Як сказаў сьвяты Пётр, мы – каралеўскае сьвятарства, народ выбраны (пар. 1 Пт 2, 9), і Бог жадае давесьці сваё стварэньне да мэты – вечнасьці», – сказаў нямецкі ярарх.

Пасьля казаньня адбыўся галоўны момант усёй урачыстасьці: кардынал Ёахім Майснэр усклаў на цудатворным абразе карону спачатку на галаву Ісуса, а потым Яго Маці – Найсьвятой Багародзіцы.

Пасьля гэтага перад каранаванай іконай рыма-каталіцкі біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін зачытаў Акт адданьня вернікаў і душпастыраў Віцебскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі пад апеку Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Урачыста гучала малітва: «О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасьць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасьцю».

У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі пасьля гэтай урачыстай падзеі прайшла Актава падзякі за ласку каранаваньня гэтай старадаўняй іконы Багародзіцы.

Сёлетняя каранацыя ў Браславе цудатворнай іконы Маці Божай Валадаркі Азёраў – ужо сёмая ў найноўшай гісторыі Беларусі і дзявятая за ўсю гісторыю. У часы ВКЛ на тэрыторыі сучаснай Беларусі першай была каранавана цудатворная ікона Маці Божай у Жыровіцах (1730 г.), якой апекаваліся тады базыльяне, а пазьней яшчэ й Бялыніцкая ікона Маці Божай (1761 г.), што захоўвалася ў касьцёле кармялітаў.

Ігар Бараноўскі

Фота П.Дайліда
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)