Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Слова
Пасланьне Сьвятога Айца
Бенядыкта XVI
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
 падчас іх візіту «ad limina Apostolorum»

Паважаны спадар кардынал!
Шаноўныя браты!
Я вельмі рады вітаць кожнага з вас у доме Наступніка апостала Пятра, якому Хрыстос даручыў заданьне пасьвіць свой статак (пар. Ян 21, 15–19), умацоўваць братоў у веры (пар. Лк 22, 31), зьберагаць і ўзмацняць царкоўную еднасьць (Lumen gentium, 22). Дзякую спадару біскупу Аляксандру Кашкевічу за прамову, у якой ён паказаў шлях Царквы ў Беларусі, пры гэтым падкрэсьліўшы таксама выклікі, якія чакаюць яе.

Падчас маіх сустрэчаў з вамі я ацаніў пастырскую руплівасьць, з якой вы выконваеце вашае служэньне, вашыя імкненьні і намаганьні, каб усё больш узрастала ўсьведамленьне адзінства і супольнай адказнасьці за рашэньні, а вашае служэньне каб прыносіла яшчэ большы плён. Сапраўды, надзвычай важна з новым энтузіязмам і новымі сіламі абвяшчаць заўжды актуальнае Евангельскае пасланьне ў грамадзтве, якое неабароненае перад пагрозаю секулярызацыі, геданізму і рэлятывізму, азнакаю якіх ёсьць зьмяншэньне нараджальнасьці, нетрываласьць сям’і і існаваньне ілюзіяў пра магчымасьць здабыць шчасьце па-за межамі бацькаўшчыны. Перад такімі выклікамі неадкладнае заданьне пастыраў – паказваць сілу веры, веры, укаранёнай у трывалай традыцыі, каб дапамагчы захаваць глыбокую хрысьціянскую тоеснасьць нацыі, у паважлівым дыялогу з іншымі культурамі і рэлігіямі. Каб дасягнуць гэтай мэты, неабходна, успрымаючы як заклік словы псальму: «Як добра і як міла, калі браты жывуць разам!» (Пс 133), прыкладаць вялікія намаганьні дзеля стварэньня праграмаў і ўдасканаленьня метадаў душпастырскай працы, а таксама дзеля рэалізацыі рашэньняў Канферэнцыі Біскупаў. Такое новае сьведчаньне еднасьці будзе карысным для абвяшчэньня Евангельля, будзе спрыяць наладжваньню стасункаў з дзяржаўнымі ўладамі і прынясе вялікую карысьць экуменічным сувязям.

Яшчэ адзін асьпект, які я хацеў бы падкрэсьліць, – неабходнасьць надаваць асаблівую ўвагу адукацыі ў душпастырскай дзейнасьці. Як я неаднаразова казаў, сёньня мы жывём у свайго роду «надзвычайнай сітуацыі» у гэтай далікатнай і важнай сферы, і неабходна павялічыць намаганьні, каб забясьпечыць грунтоўную фармацыю, у першую чаргу новаму пакаленьню. Таму заахвочваю вас працягваць вашую працу, каб належная катэхетычная адукацыя паказвала шлях веры на ўсіх этапах жыцьця, і каб былі абставіны, intra ed extra ecclesiali (унутры і па-за Царквой), у якіх пад вашым кіраўніцтвам пасланьне Хрыста дасягала да кожнага асяродку даручанага вам статку. Асаблівае значэньне набывае клопат пра распазнаньне і разьвіцьцё розных пакліканьняў, асабліва да сьвятарства і манаскага жыцьця, а таксама намаганьньні па падтрымцы праграмаў для чалавечага і хрысьціянскага разьвіцьця моладзі. Таму заклікаю вас асаблівую ўвагу надаваць таму, каб кандыдаты да сьвятарства атрымлівалі грунтоўную і дакладную духоўную і тэалагічную фармацыю і належным чынам кіраваліся ёю, каб сур’ёзна і глыбока праверыць сваё Боскае пакліканьне. Цяперашняя сітуацыя ў нашым грамадзтве патрабуе асабліва ўважлівага распазнаньня пакліканьня. Таму, важна для будучыні вашай Царквы, каб у Горадні і Пінску і надалей маладым семінарыстам маглі прапаноўваць поўны курс фармацыі і кваліфікацыі, і тое, што ў абедзьвюх установах шлях да сьвятарства кандыдаты як у дыяцэзіяльнае, так і ў манаскае духавенства праходзяць поруч, зьяўляецца каштоўнай магчымасьцю для разьвіцьця сумеснай пастырскай дзейнасьці. Такая сітуацыя прынясе яшчэ большы плён, калі прапанаваная адукацыя стане вынікам актыўнага супрацоўніцтва паміж біскупам і старэйшымі манаскіх законаў і дасьць магчымасьць рэалізаваць ідэю бесьперапыннай фармацыі. Будзьце заўсёды блізкія да сваіх сьвятароў, атуляйце іх штораз большым клопатам, асабліва тых, якія распачынаюць пастырскае служэньне. Уважлівы і зычлівы бацькоўскі клопат біскупа – гэта асноўны элемент для посьпеху ў сьвятарскім жыцьці! Варта таксама мець на ўвазе і тое, што Госпад заклікае вас, як пастыраў Царквы, умець распазнаваць кожнае служэньне, якое спрыяе пабудове цела Царквы, у тым ліку сьвецкага, культурнага і сацыяльнага характару, бо ўсе могуць уносіць свой уклад у пашырэньне Божага Валадарства ў Беларусі ў духу сапраўднай і рэальнай еднасьці, вяртаючы ў жыцьцё тыя хрысьціянскія каштоўнасьці, што адыгралі вызначальную ролю ў стварэньні еўрапейскай цывілізацыі.

Дарагія браты, выкарыстоўвайце кожную добрую нагоду для абвяшчэньня і пашырэньня Божага Валадарства, канкрэтнымі справамі даючы сьведчаньне братэрства, якое нараджае супакой; трывайце ў лагоднасьці, якая ёсьць спадарожніцай справядлівасьці; у духу еднасьці, які выключае адасобленасьць, у любові, якая доўгацярплівая, ласкавая; не зайздросьціць, не пыхлівая, не ганарыцца, не зьневажае, не шукае свайго, ня гневаецца, ня памятае зла, ня радуецца несправядлівасьці, але радуецца разам з праўдай, усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць дзеля любові Хрыстовае (пар. 1 Кар 13, 4-7). У гэтым кантэксьце вельмі важным зьяўляецца братэрскае супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой, пастыры якой падзяляюць ваш клопат і разам з вамі шукаюць дабра для вернікаў. Праваслаўныя Цэрквы, як і Каталіцкая Царква, грунтоўна разважаюць над тым, як адказваць на выклікі нашага часу, каб верна перадаваць Хрыстова Дабравешчаньне. Прымаючы заахвочаньне, якое было выказана падчас нядаўняй каталіцка-праваслаўнай сустрэчы на Кіпры, мы павінны прыкласьці яшчэ больш намаганьняў на супольным шляху ў гэтым кірунку. Значны ўнёсак у гэтую справу можа зрабіць невялікая, але руплівая грэка-каталіцкая супольнасьць вашай краіны. Яна зьяўляецца важным сьведчаньнем для Царквы і дарам ад Госпада.

Некалькі месяцаў таму я прыняў спадара Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падчас сустрэчы, якая праходзіла ў атмасферы сардэчнасьці і ўзаемнай павагі, была выказана гатоўнасьць абодвух бакоў заключыць Пагадненьне, якое цяпер распрацоўваецца. Акрамя таго, я падкрэсьліў асаблівую ўвагу, з якою Апостальская Сталіца, а таксама і Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі сочаць за падзеямі ў краіне, і запэўніў, што мы гатовыя плённа супрацоўнічаць у пытаньнях, якія ўяўляюць агульны інтарэс, з мэтаю спрыяць дабру грамадзянаў, з павагаю да сфераў кампетэнцыі кожнага.

Шаноўныя браты! Яшчэ раз выказваючы маю падзяку, прашу Маці Божую, якую так глыбока шануюць на вашай зямлі, каб падтрымлівала і абараняла вас сваім заступніцтвам. З такімі пажаданьнямі і з асаблівай любоўю ўдзяляю вам, сьвятарам, манахам і манахіням і ўсім вернікам сваё Апостальскае Блаславеньне і запэўніваю ў сваёй пастаяннай малітве за ўвесь беларускі народ.
Ватыкан, 17 сьнежня 2009 г.

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)