Царква
Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:10)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Навіны хрысьціянскага сьвету

Бенядыкт XVI: дар любові надае вартасьць усім іншым дарам

У разважаньні перад малітвай «Анёл Гасподні» 31 студзеня 2010 году на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI нагадаў вернікам пра месца і значэньне любові ў жыцьці Царквы і кожнага хрысьціяніна. Як адзначыў Папа, любоў зьяўляецца вялікім дарам, які надае вартасьць усім іншым дарам, дадаўшы, што сваю першую энцыкліку прысьвяціў менавіта гэтай тэме.

Закранаючы тэму «гімна пра любоў» апостала Паўла, Пантыфік заўважыў, што апостал, сьцьвярджаючы, што разнастайныя дары Духа Сьвятога спрыяюць дабру ўсёй Царквы, указвае вернікам у сваім пасланьні шляхі дасканаласьці. Паводле словаў Сьвятога Айца, сьвяты Павел падкрэсьлівае, што гэтыя дары не засноўваюцца на незвычайных рэчах, такіх, як валоданьне многімі мовамі, веданьне ўсіх таямніцаў або зьдзяйсьненьне неверагодных учынкаў. Сутнасьцю гэтай дасканаласьці зьяўляецца сапраўдная любоў, якую Бог аб’явіў у Ісусе Хрысьце.

Любоў, як адзначыў Папа, зьяўляецца дарам найвышэйшым, які надае вартасьць усім іншым дарам, і разам з тым яна ня дбае пра сябе і клапоціцца пра агульнае дабро. Той, хто сапраўды любіць, падкрэсьліў Бенядыкт XVI, не шукае свайго, ня памятае зла, усё зносіць і ўсяму верыць. Сьвяты Айцец дадаў, што пры сустрэчы твар у твар з Госпадам усе іншыя дары зьнікнуць – застанецца вечнай толькі любоў, таму што Бог зьяўляецца любоўю, а людзі будуць падобныя да Госпада ў дасканалай еднасьці з Ім.

Папа адзначыў таксама рысы хрысьціянскай любові, якая зьяўляецца сінтэзам усяго жыцьця: таго, у што верым, і таго, што чынім. Любоў, паводле словаў Сьвятога Айца, – гэта сутнасьць самога Бога, сэнс стварэньня і гісторыі, сьвятло, якое надае прыгажосьць жыцьцю кожнага чалавека. Калі мы думаем пра сьвятых, дадаў Папа, то пазнаём разнастайнасьць духоўных дароў, якія яны мелі. Жыцьцё кожнага з іх – гімн пра любоў, жывая песьня аб любові Госпада.

Паводле Catholic.by

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)