Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

РАЗАМ – старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 1 (29), 2008

Ці кожны эма зьяўляецца хрысьціянінам?

Каментар сьвятара

У кантэксьце артыкула Адкуль узяліся гэтыя ЭМА?, як увогуле пры кожнай размове пра моладзевую субкультуру, паўстае пытаньне: ці мае рух Эма ў сабе хрысьціянскія элементы і, адпаведна, ці можа хрысьціянін быць эма?

Напэўна, нельга даць гэтаму руху адназначнай ацэнкі. Яго складаюць неардынарныя маладыя людзі, якія ў свой спосаб шукаюць сэнс жыцьця, і таму заслугоўваюць павагі. Станоўчымі момантамі тых, хто прытрымліваецца субкультуры Эма, зьяўляецца таксама імкненьне адмовіцца ад шкодных звычак, неўпарадкаваных палавых кантактаў, імкненьне да самакантролю.

Сьцьверджаньне, што большасьць сучасных эма ня маюць нічога супольнага з сапраўднай субкультурай Эма, дазваляе скіраваць ніжэй напісаныя словы да тых, каго аўтар артыкулу акрэсьлівае як прадстаўнкоў «позерскай» субкультуры. Памылкаю было б ставіць знак тоеснасьці паміж Эма і хрысьціянствам, а гэта значыць, што эма-кід, які прымае Хрыста, мусіць адмовіцца ад пэўных рэчаў.

Хрысьціянства вучыць, што чалавек складаецца з душы, якая ў сваю чаргу складаецца з розуму, волі і пачуцьцяў, і цела. Розныя філасофскія плыні спрабавалі на працягу гісторыі ўзвысіць значэньне аднаго з гэтых элементаў (як, напрыклад, матэрыялісты, якія «займаліся» толькі целам чалавека), аднак хрысьціянства заўсёды настойвала на неабходнасьці гарманічнага разьвіцьця ў чалавеку ўсіх гэтых складнікаў. Здаецца, Эма (прынамсі, у тым выглядзе, у якім часьцей сустракаецца ў нас) зьяўляецца чарговаю антрапалагічнаю памылкаю людзей, якія намагаюцца пераацаніць значэньне душы-эмоцыяў для чалавека. На самой справе эмоцыі (ня дрэнныя самі па сабе) мусяць ураўнаважвацца розумам чалавека, які падказвае слушныя рашэньні, і воляю, якая дазваляе іх выконваць нават насуперак пачуцьцям.

Не зусім прымальным для хрысьціяніна ёсьць таксама прынцып Эма – «рабі ўсё сам», бо мы жывем у супольнасьці і патрабуем часам дапамогі адзін аднаго. Зрэшты, прырода чалавека – сацыяльная, што адлюстроўваецца ў розных супольнасьцях (у сям’і, народзе, Царкве і інш.), да якіх належыць кожны з нас. Аднак здаровая самастойнасьць як адмова ад характэрнай для нашага часу інфантыльнасьці ёсьць вельмі карыснаю для разьвіцьця маладых людзей.

Ці сапраўды – для таго, каб эма-кіду стаць хрысьціянінам, яму трэба стаць «сапраўдным» эма, а не прадстаўніком «позерскай субкультуры»? Адказ на гэтае пытаньне хутчэй за ўсё негатыўны, бо хрысьціянства – гэта ня проста сумленнае жыцьцё бяз шкодных звычак. Хрысьціянства – гэта прыналежнасьць да Хрыста, да Бога. Хрысьціянін ведае, што не праз уласныя намаганьні ён збаўляецца, але праз тую дапамогу, якую дае яму Бог. Ці можа «сапраўдны» эма-кід заставацца эма пасьля таго, як прыняў Хрыста? На гэтае пытаньне адказаць можа толькі ён сам, бо хрысьціянства — гэта не адназначны звод законаў, а жывы досьвед сустрэчы жывога чалавека і жывога Бога. І так як не было адказу на пытаньне: «Ці можа быць хрысьціянінам чалавек, які не належыць да габрэйскай культуры?», пакуль апостал Пётр не ўвайшоў у дом сотніка Карнілія, так няма адказу на пытаньне: «Ці можа стаць хрысьціянінам малады чалавек, які належыць да пэўнай сучаснай субкультуры?», пакуль ён сваім рэальным жыцьцём ня дасьць адказу на гэтае пытаньне.

а. Андрэй Крот


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)