Царква
Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:9)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

"Разам" - старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 2 (30)-2008

“Быць выканаўцамі Слова”
(пар. Як 1,22)

Колькі часу перад заканчэньнем сярэдняй школы сьвятар, які ў нашай парафіі апекаваўся моладдзю, прапанаваў нам узяць удзел у трохдзённых, гэтак званых “закрытых”, рэкалекцыях у адным з кляштараў у Чанстахове.

Я, праўда, хадзіла на катэхетычныя сустрэчы ды ў нядзелю на сьв. Літургію (бацькі вымагалі гэтага ад мяне), але на гэтым заканчвалася мая вера. На рэкалекцыі, на тры дні ў манастыр, мне асабліва ехаць не хацелася. Але паколькі ехалі туды мае сябры ды сяброўкі, а мама вельмі настойвала, я ў рэшце рэшт прыняла запрашэньне.

Сьвятар, які праводзіў рэкалекцыі, прафесар епархіальнай Духоўнай семінарыі, стаў тым чалавекам, якога Бог выбраў, каб прамаўляць да майго сэрца. Не памятаю тэмы рэкалекцыяў, але тое, як сьвятар гаварыў пра Бога, глыбока закранула мяне. Першы раз у жыцьці ў мяне было ўражаньне, што хтосьці гаворыць пра Бога так, нібы ведае яго асабіста, нібы сустрэў Яго ў сваім жыцьці і падтрымліваў з Ім жывы кантакт. Калі ён служыў Літургію і калі маліўся, у мяне складалася ўражаньне, што ён прамаўляе да кагосьці блізкага яму...

Ува мне само па сабе нараджалася пытаньне: як гэта сталася, што ён мае вопыт чагосьці, чаго я не ведаю? Як сустрэць Бога і застацца з Ім у кантакце? Як пачуць Яго голас? Я прыступіла да сьвятой Споведзі і на ёй задала ўсе гэтыя пытаньні сьвятару. Ён слухаў мяне ўважліва і даў мне вельмі просты адказ: “Пачні чытаць Евангельле. Там ты знойдзеш адказ на ўсе пытаньні. Калі якое-небудзь слова закране тваё сэрца, затрымайся над ім. Праз яго Бог хоча табе штосьці сказаць’’.

Я прыслухалася да словаў сьвятара і, калі вярнулася дахаты, пачала чытаць Евангельле. І вельмі хутка я пераканалася ў праўдзівасьці словаў сьвятара. Першы раз у жыцьці я ўсьвядоміла, што Бог гаварыў да мяне праз словы Сьвятога Пісаньня. Я адкрыла для сябе, што словы Бібліі – не чалавечыя словы. Слова Божае жывое. Бог сапраўды гаворыць да нас, а я пра гэта раней ня ведала. Я не ўмела патлумачыць, як гэта адбываецца, але гэта была праўда. Так распачалася мая жывая сувязь са Сьвятым Пісаньнем.

* * *

Тыя тры дні, праведзеныя ў манастыры на рэкалекцыях, карэнным чынам перамянілі маё жыцьцё, яго сэнс і мэту. У апошні момант я зьмяніла выбраны напрамак навучаньня. Я адмовілася ад здачы іспытаў і паступленьня на медычны факультэт і прыняла рашэньне прысьвяціць сябе вывучэньню Сьвятога Пісаньня. Навучаньне на тэалагічным факультэце Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне стала адказам на маё памкненьне. Там я зразумела, наколькі важна чытаць Сьвятое Пісаньне ў кантэксьце ўсяго навучаньня Царквы. І ня толькі чытаць. Слова Божае трэба ўважліва чытаць і жыць ім. Трэба сур’ёзна паставіцца да словаў сьвятога апостала Якуба: “Будзьце выканаўцамі Слова, а ня толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць” (Як 1, 22).

* * *

Падчас маёй вучобы ў Каталіцкім універсітэце я ўвайшла ў каталіцкую супольнасьць, якая дапамагала мне быць “выканаўцам Слова” і несьці гэтае Слова іншым як крыніцу надзеі. Так пачалася мая “прыгода” са Словам Божым.

Цяпер я жыву ў Бельгіі, у манастыры Фішарман каля Ватэрлоа і зьяўляюся сябрам каталіцкай супольнасьці “Le Verbe de Vie” (з франц. – “Слова жыцьця”). Гэта супольнасьць, у якой з блаславеньня Царквы жывуць разам сем’і з дзецьмі, манахіні ды сьвецкія вернікі-цэлібаты (мужчыны і жанчыны). Галоўнае пакліканьне нашае Супольнасьці – пазнаваць і абвяшчаць іншым Слова Божае.

Кожны дзень мы пачынаем і заканчваем літургічнай малітвай Царквы паводле Часаслова. Імкнемся выкарыстоўваць багацьце тэкстаў ды мелодыяў Усходняе Царквы (асабліва візантыйска-славянскай традыцыі). Нашыя любімыя сьпевы – гэта трапар “Хрыстос уваскрос з мёртвых”, стыхіра “Уладару нябесны”, гімн “Сьвятло лагоднае” ды, канешне, “Акафіст да Багародзіцы”.

У манастыры мы праводзім розныя рэкалекцыі, духоўныя практыкаваньні ды семінары для тых, хто хоча пазнаць Хрыста і шукае жывога кантакту з Ім. У нашых праграмах вельмі часта ўдзельнічае моладзь. У кантэксьце літургічнай малітвы дапамагаем іншым паглыбіць разуменьне Слова Божага, “быць выканаўцамі” гэтага “Слова жыцьця” ды адкрываць сваё пакліканьне ў сьвеце і ў Царкве.

Я сама імкнуся перадаць іншым тое, што калісьці атрымала ад Бога, дзякуючы пасярэдніцтву сьвятароў, якія праводзілі нашыя трохдзённыя рэкалекцыі ў манастыры ў Чанстахове.

* * *

Ад вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Бельгіі, якія нас наведвалі, я атрымала прыгожы “Царкоўны каляндар 2008”. З яго я даведалася, што тытул душпастырскіх праграмаў у Беларусі ў 2008 годзе гучыць “Слова Божае – крыніца надзеі”. Усім чытачам старонак “РАЗАМ”, асабліва беларускай моладзі, хачу пажадаць, каб Божае Слова, якое будзеце чытаць кожны дзень на роднай мове, сапраўды сталася для вас “Крыніцай надзеі”.
Барбара

г.Фішарман, Бельгія
www.leverbedevie.net

На фота: Супольнасьць “Le Verbe de Vie” – “Слова жыцьця” з манастыру Фішарман, што каля Ватэрлоа ў Бельгіі.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)