Царква
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 1:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Шлях да Бога

Прэзентацыі дыску
«Песьні Духа»

Адбыліся першыя выступы з прэзентацыяй дыску «Песьні Духа», які нядаўна запісалі берасьцейскія грэка-католікі з харызматычнай супольнасьці «Маран ата».

18 ліпеня 2009 году на шматлюдным фэсьце ў Гудагаі ў гонар цудатворнай іконы Маці Божай, перад урачыстай сьв. Імшой, гэтыя песьні на словы кармельскіх містыкаў на працягу гадзіны маглі слухаць пілігрымы з розных куткоў Беларусі. А напярэдадні ўвечары многія вернікі лацінскага абраду былі ўражаныя прыгажосьцю Акафісту да Маці Божай, якія сьпявалі берасьцейскія грэка-католікі ў касьцёле перад цудатворнай іконай. Некаторыя потым нават запытваліся, ці няма запісанага дыску з такім цудоўным сьпевам. 19 ліпеня прэзентацыя адбылася ў касьцёле сьв. апостала Андрэя ў курортным мястэчку Нарач, дзе таксама, як і ў Гудагаі, працуюць айцы-кармяліты, якія падтрымалі запіс гэтага дыску.

Перад гэтым, 20 чэрвеня, некалькі песьняў з альбому «Песьні Духа» прагучалі таксама ў касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці. У гэты дзень дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец удзяліў сьв. Тайну сьвятарства брату Юрыю ад Маці Божай Нястомнай Дапамогі з супольнасьці Босых Братоў Ордэна Найсьвяцейшай Панны Марыі з гары Кармель. Песьні на словы вялікіх містыкаў Кармелю сталі падарункам берасьцейскіх грэка-католікаў свайму земляку а. Юрыю Кулаю.

14 верасьня, на сьвята Ўзвышэньня Пачэснага Крыжа Гасподняга, песьні з гэтага дыску, а таксама іншыя сьпевы гучалі для вернікаў рыма-каталіцкай парафіі на Кальварыі ў Менску, якая адзначала ў гэты дзень сваё парафіяльнае сьвята.

Ігар Бараноўскі

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)