Царква
Пакуль ты жывы і дыханне ў табе, не замяняе сябе нікім, бо лепей, каб дзеці прасілі цябе, чым табе глядзець у рукі сыноў тваіх
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 23:21-22)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Думкі з «Жывога Журналу»

Трошкі пра любоў, пра ўдзячнасьць, пра шчасьце і славалюбства...

На старонках «Царквы» мы вырашылі зьмяшчаць цікавыя думкі і выказваньні з «Жывога Журналу» ў інтэрнэце. Гэтыя думкі і перажываньні карыстальнікаў «ЖЖ», адшуканыя і падрыхтаваныя Надзеяй Ярмішынай, падаліся нам цікавымі і вартымі, каб пазнаёміць з імі іншых. У сваіх дзёньніках іх аўтары разважалі пра пакліканьне, малітву, пра грэх і пра сьвятасьць, пра любоў і пра ўдзячнасьць, пра прыгажосьць. Розныя думкі. Можна ўзгадаць самога сябе і свой вопыт адносінаў з Богам і сьветам, што вакол нас. З імі можна пагаджацца ці спрабаваць аспрэчваць. Не судзіце строга. Бо адзінае, што аб’ядноўвае гэтыя выказваньні, – шчырасьць.

• Шлях болю і шлях радасьці
Боль і пакуты неабходныя, калі душа ўпіраецца, супраціўляецца і чыніць перашкоды волі Божай у адносінах да яе. Калі Бог кліча да Сябе, да любові і сьвятла, а душа прагне толькі асабістых задавальненьняў і эгаістычных радасьцяў, не жадае, каб зачапалі яе і дзеля ўласнага супакою хаваецца ў шкарлупіну. Вось тады ў жыцьці атрымліваецца боль і стрэс, якія ламаюць гэтую шкарлупіну. Але калі душа пагаджаецца зрабіць крок, згодна з Ягонай воляй, куды заўгодна, таму што яе паклікаў Бог і Яму так трэба, такой душы няма сэнсу пакутаваць – тады гэта шлях радасьці. Я за згоду, прыняцьце, радасьць. А далей – як атрымаецца…
(gua-nyin / Натальля Вараніцына)
• Быць вінным...
Чалавек, які ня любiць Бога, нічога Яму ня вінны. У гэтым закон свабоды. Гасподзь даў чалавеку свабоду любіць альбо не любіць. Верыць альбо ня верыць. Служыць альбо не служыць. Калі было б іначай – Сусьвет быў бы не каштоўнейшы за цацку і нішто ў прыродзе (уключаючы самога чалавека) ня мела б сэнсу. А Бог надаў і працягвае надаваць сэнс усяму, што творыць. Гасподзь і дагэтуль дарам спасылае сонца і дождж як на злых, так і на добрых. Гэта дарунак, за які Бог нічога не патрабуе ўзамен. Таму чалавек Яму нічога ня вінны. І гэта шлях сьмерці.

Але калі чалавек пачынае любіць Госпада, тады ён становіцца Яму вінаватым. Нават калі тая любоў існуе толькі ў форме самага першага выбару – слабога і няўпэўненага. Усё адно яна робіць чалавека вінаватым за ўсё, што ёй не адпавядае. І чым больш чалавек любіць, тым больш ён вінны. Страшна, пакутліва і несправядліва! Але ў гэтым праўда. І толькі праз гэта пралягае шлях жыцьця. Усё астатняе прыходзіць у нягоднасьць – раней ці пазьней... Усё астатняе – шлях сьмерці.

Гасподзь можа прыняць, панесьці і дараваць любыя правіны, якія мы маем. І гэта робіць нас блізкімі і роднымі. Калі мы нічога Богу ня вінныя, то Ён застаецца для нас чужым. І мы яму тады чужыя.

Нам усім у той ці іншай ступені ўласьцівы страх быць вінаватымі. І гэты страх вядзе нас на сьцяжыну сьмерці. Але калі зусім пазбавіцца ад гэтага страху, то што тады будзе ў нас чыніць надзорак, каб не грашылі? Божае дараваньне тады будзе нам надзоркам! Госпадзе, дай нам сілы не баяцца быць віннымі Табе. І прабач нам даўгі нашыя!
(volny_licwin / Алесь Сьпіцын)

• Трошкі пра любоў
Любоў – шматгранны крышталь, які не перастае раскрываць свае грані тым, хто просіць. Жыцьцё набывае новы сэнс, ты нібыта пазнаеш усё нанова, ты бачыш схаваныя скарбы, адчуваеш незвычайную моц, не баішся зусім анічога, а хочаш толькі растварыцца ў гэтай плыні любові. Калі ты любіш – у табе вельмі многа Божага. Калі ты любіш – ты адно з Богам, таму што Ён і ёсьць Любоў, і, знаходзячы яе, ты знаходзіш Бога, становішся часьцінкай бязьмежнага Сусьвету, ён увесь можа зьмясьціцца ў тваім сэрцы. Няма нічога мацней за гэта, таму што толькі ў любові ты пачынаеш Бачыць. Толькі ў Любові адкрываеш вочы і адкрываеш сябе. Духоўная любоў не згасае, а расьце і становіцца мацнейшай з кожным днём, таму што гэта Любоў, якая адкрываецца, калі мы прымаем Хрыста і называем Яго сваім Госпадам і Настаўнікам, і чым больш мы любім Яго, тым больш любові паміж намі. І чаго тады мы можам баяцца? Выпрабаваньняў? Цяжкасьцяў? Тое, што мы атрымалі – непамерна важнейшае і вельмі рэальнае. І не баючыся нічога, неадрыўна гледзячы на Яго, трымаючыся сваёй Любові, мы пройдзем праз усё – па любой вадзе, праз любы агонь…
(inessa_sunrise / Агнэса)

• Пра ўдзячнасьць
Сучаснае чалавецтва не шануе таго, што яму дадзена, ня бачыць свайго натуральнага і духоўнага багацьця; не бярэ са свайго ўнутранага сьвету таго, што там закладзена. Яно шануе ня ўнутраную моц духа, а зьнешнюю ўладу – тэхнічную і дзяржаўную. Яно хоча не ствараць і ўдасканальваць, а валодаць і атрымліваць асалоду. І таму яму заўсёды і ўсяго мала: яно лічыць свае “страты” і наракае. Яно апантанае сквапнасьцю і зайздрасьцю, і нічога ня ведае пра ўдзячнасьць.

Спадзяюся, чалавецтва знойдзе шляхі, якія вядуць да абнаўленьня, паглыбленьня, захапленьня. Але для гэтага яно павінна навучыцца ўдзячнасьці і на ёй будаваць сваё духоўнае жыцьцё. І кожнаму з нас трэба вучыцца ўдзячнасьці. Варта нам толькі адкрыць вочы і прыгледзецца да жыцьця – і мы ўбачым, што кожнае імгненьне нібыта выпрабоўвае нас, ці сасьпелі мы да ўдзячнасьці, ці умеем мы дзякаваць…
(inessa_sunrise / Агнэса)

• Пра шчасьце
Напэўна, шчырае перажываньне жыцьця, сваёй прысутнасьці ў гэтым сьвеце нараджаецца тады, калі не хапаешся за шчасьце, ня прагнеш у любы спосаб завалодаць ім, не вырываеш сілком у іншага, а калі атрымліваеш тое шчасьце на кароткі час, то не прыніжаеш самоты іншага чалавека... Не зайздросьціш, не шукаеш свайго... Жывеш з удзячнасьцю за ўсё – за радаснае ці сумнае, прымаеш і адпускаеш усіх з усьмешкай...
(don_bosko / Ільля Астапаў)

• Славалюбства
Славалюбства і жаданьне прызнаньня ад іншых – гэта дзіця блуду. Яно нараджаецца з неасьвечанай духам жывёльнасьці, якая прысутнічае ў чалавеку. Гэта адна з тых страсьцяў, якія супрацьстаяць ляноце і могуць стацца рухавіком на шляху. Але ня доўга ім завесьці на няправую сьцяжыну.

Жаданьне славы ад зямной Царквы не нашмат лепей за жаданьне славы ад сьвету. Як бы добра было, калі б слава, прадугледжаная для нас Міласэрнасьцю, чакала нас у Гасподнім веку, а ня зараз. Толькі як цяжка для грэшнага чалавека на яе спадзявацца. І як цяжка вызначыць слушнасьць сваіх справаў, ня маючы за іх ні славы, ні падзякі.

Госпадзе, як мне навучыцца быць удзячным за тое, што не атрымліваю ўзнагароды за сваю працу ў гэтым распусным веку?

Госпадзе, як мне навучыцца спадзявацца на тое, што Ты адплаціш мне, як і ўсім нам, паводле Тваёй Міласэрнасьці?

Госпадзе, як мне навучыцца цаніць узнагароду веку вечнага больш за ўзнагароду веку распуснага?

Госпадзе, як мне навучыцца не патрабаваць падзякі?

Госпадзе, як мне навучыцца вызначаць праведнасьць сваіх справаў не паводле славы, якую яны прыносяць?
(volny_licwin / Алесь Сьпіцын)

• Асалода імгненьня
Ёсьць імгненьне, калі вы складваеце рукі і падыходзіце да чашы. Вы прымаеце прычасьце. Гэта асаблівае імгненьне. Але кожнае імгненьне можа быць такім. Перад чашай мы спыняемся, заміраем – і адбываецца цуд. Але, можа быць, цуд таму і адбываецца, што мы заміраем? Можа быць, цуд заўсёды з намі, але мы ня бачым яго, бо не заміраем? Проста мы ня складваем рукі. А што ў гэтым жэсьце? Глыбокі давер да Бога, давер да ўсяго, што Ён даў чалавеку. Звычайна, калі размахваеш рукамі, то падымаеш пыл вакол сябе. Як тады адчуць водар жыцьця, калі вакол – адзін пыл. І мы дыхаем пылам. Пылам мітусьлівых думак. І ў гэтым пыле праходзіць нашае жыцьцё. Калі ж нарэшце мы перастанем махаць, складзем рукі, і скажам: “Госпадзе, я давяраю Табе, што б ні адбывалася зараз. Няхай падаюць сьцены вакол мяне, падаюць метэарыты, прачынаюцца вулканы. Я Табе давяраю. Гэта неспасьцігальна для мяне. Я давяраю Табе, нават знаходзячыся ў віхуры зла, якое творыцца вакол мяне. Я давяраю Табе…”
а. Ільля Дарагойчанка

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)