Царква
Бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай, а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта - неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 3:7-8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (54), 2007

Разважаньні пра шчасьце

Апошнія некалькі месяцаў асабліва моцна задумваюся над пытаньнем, што такое шчасьце для мяне, дваццацідвухгадовага хлопца, верніка, хрысьціяніна.

Спаглядаеш на сваё мінулае, дзе жыцьцё – маятнік падзеньняў і ўзьняцьцяў. А менавіта падзеньняў для ўзьняцьцяў. У 16 гадоў — першая пілігрымка на сьвята Язафата, размовы пра еднасьць, пачатак веры і даверу. Прыпадзеньне да Крыніцы жыцьця і атрасаньне пылу ад старога. Слуханьне казаньняў і новыя сябры... Госпад даў мне захапіцца Ім і паклікаў да служэньня іншым. Разам з Богам у жыцьцё ўвайшоў сэнс і адказ на пытаньне: “Дзеля чаго?” Менавіта тады прыйшло рашэньне ісьці ў семінарыю, а разам з гэтым рашэньнем пачуцьцё спакою і шчасьця.

Перад заканчэньнем школы мы задавалі пытаньне адзін аднаму: “Куды?” Мне было прыемна адказваць:
– У семінарыю, на сьвятара.
– Клас! А жаніцца можна?
– Можна.
– Супер!
Зьнешне было супер, але ўнутры захапленьне сабой ужо адкінула, засланіла Хрыста. Я не пайшоў.
Рок-гурты, тусоўкі, зрэдку — у царкву да сяброў. Цыгарэтны дым стаўся больш рэальным сябрам, чым Ісус. Цемра, што была ў закутках сэрца, выходзіла навонкі. Я проста працягваў жыць далей, стараючыся мінаць некаторыя пытаньні. А падчас дэпрэсіяў я казаў Яму: “Вызвалі мяне Госпадзе, калі хочаш...”

У жыцьці, бывае, вагаешся, разважаеш, вылічваеш, стараешся даказаць, абаперціся на штосьці па-за Богам. Сэрца не знаходзіць спакою і стараецца вярнуцца да граху. Так моцна любіць сэрца грэх і прывязваецца да яго.

Пасьля я паступіў у вучэльню, скончыў яе і стаў кухарам. Спрабаваў абаперціся на прафесію, на грошы... Гэта была гульня ў хованкі, бо ад Бога нідзе не схавацца. Госпад не адступіўся, і праз некаторы час я зноў сказаў свайму параху, што хачу ісьці ў семінарыю. І ён падтрымаў мяне.

Пасьля адказу на Божы заклік “Так!” прыходзіць супакой, радасьць і шчасьце. Цьвёрда веру, што Госпад прыйшоў, каб збавіць сьвет: “Абвяшчаць свабоду вязьням, сьляпым зрок, адпусьціць прыгнечаных свабоднымі” (пар. Лк 4, 18).

Шчасьце для мяне – любіць Бога і быць разам з Ім. Мудры Айцец, крыніца кожнага дару, Ён дае і Ён забірае, каб нам узрастаць у любові і абапірацца на Яго з радасьцю і даверам.

семінарыст Сяргей Раюнец

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)