Царква
Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху; і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Цімафея 4:3-4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

РАЗАМ – старонкі грэка-каталіцкіх семінарыстаў, выпуск № 1 (29), 2008

Як нам пасьціцца?

«Пасьцімся пастом прыемным, угодным Госпаду; праўдзівы пост – ёсьць пазбыцьцём злога, устрыманьнем языка, адкладаньнем гневу, адлучэньнем пажаданьняў, абгаворваньня, хлусьні і парушэньня клятвы – адкіданьне ўсяго гэтага, тады гэта пост праўдзівы і спрыяльны».

Сьціхіра ў панядзелак першага тыдня Вялікага посту

Няма Вялікага посту без устрыманьня. Здаецца, аднак, што сёньня людзі альбо несур’ёзна ставяцца да «царкоўных забаронаў», альбо няслушна разумеюць іх сапраўднае духоўнае значэньне. Для адных пост складаецца з сымбалічнага пазбаўленьня сябе чаго-небудзь, для іншых пост – добрасумленнае выкананьне правілаў посту, г. зн. ужываньне поснай ежы. Аднак у тым, і ў іншым выпадку ўстрыманьне рэдка разглядаецца як частка вялікапоснага подзьвігу.

Практыка хрысьціянскага посту бярэ свой пачатак яшчэ ў Старым Запавеце (Вых 34, 28; Ёны 3, 7; Дан 10, 2-3). Ісая вучыць праўдзіваму посту: «Вось пост, які Я выбраў: разамкні аковы няпраўды, разьвяжы путы ярма, і прыгнечаных адпусьці на волю і разарві кожнае ярмо: падзяліся з галодным хлебам тваім, і бяздомных бедных увядзі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго, і ад адзінакроўнага твайго не хавайся» (Іс 58, 6-7). У Новым Запавеце прыклад посту падае Госпад Ісус Хрыстос (Мц 4, 2), а пазьней навучае ў казаньні на гары: «Калі посьціце, ня будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посьцяць... Ты, калі посьціш, намасьці галаву сваю ды абмый твар свой, каб паказацца посьнікам ня людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасьці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасьці, аддасьць табе» (Мц 6, 16-18). У першаснай Царкве не было агульнацаркоўнага саракадзённага посту, які пачаў распаўсюджвацца на ўсю Царкву толькі на пачатку IV стагоддзя.

Што да формы ўстрыманьня падчас посту, у які спосаб, што есьці і піць – на гэтыя пытаньні можна знайсьці адказ у царкоўных пастановах і дакументах. Папа Павел VI у 1966 годзе ў сваім Motu proprio «Paenitemini» забараніў спажываньне мяса па пятніцах. У канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору «Аб літургіі» (п. 110) напісана: «Пакутную практыку варта падтрымліваць адпаведна магчымасьцям нашай эпохі і розных краінаў, а таксама становішчу вернікаў». Фактычна форма посту акрэсьліваецца статутам і ўладай мясцовай Царквы.

Да посту трэба падыходзіць разумна. Сьвяты Васіль Вялікі піша, што несправядліва для моцнага і для слабога прызначаць адну і тую ж меру посту: «У адных цела падобна жалезу, а ў іншых – саломе».

Трэба ведаць свае сілы, і не пасьціцца вельмі строга або вельмі лёгка. У першым выпадку, можна лёгка ўпасьці ў расчараваньне або ў роспач, у другім выпадку цяжка дасягнуць духоўнага і цялеснага подзьвігу. Часам узьнікаюць сумнівы з нагоды ўжываньня таго або іншага прадукту. Можна ў гэтым выпадку параіцца з лекарам, пацікавіцца ў сьвятара, якія паслабленьні дазваляюцца Царквой. Пост палягчаецца для цяжарных і тых, што толькі нарадзілі і кормяць грудзямі; для тых, хто ў дарозе, і тых, што патрапілі ў экстрэмальныя ўмовы; для дзяцей да 14 гадоў і састарэлых (пасьля 59 гадоў), асабліва калі старасьці спадарожнічаюць немач і слабасьць. Пост адмяняецца ў тых умовах, калі фізічна немагчыма здабыць поснай ежы й чалавеку пагражае хвароба або галодная сьмерць, а таксама, калі чалавек выздараўлівае пасьля цяжкай хваробы.

Аскетычны пост, які заключаецца ў абмежаваньні ў ежы, у такі спосаб, каб адчуваўся сталы стан лёгкага голаду, як памяць пра Госпада, і падтрымліваўся сталы высілак захоўваць гэтую памяць. Кожны, хто выконваў такі пост, ведае, што замест таго, каб аслабляць, ён стварае пэўную лёгкасьць, сабранасьць, цьвярозасьць, радасьць і чысьціню. Ежа ўспрымаецца сапраўды як Божы дар. Посьцячы, трэба бачыць у сваім жыцьці доказ таго, што немагчымае для чалавека – магчыма Богу.

семінарыст Аляксей Філіпенка

Гл. таксама: «Пост у грэка-католікаў»


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)