Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

Гістарычная даведка
пра царкву Сьвятога Духа
манастыра базыльянаў
у Менску

У 1617 г. для мужчынскага Сьвятадухаўскага манастыра быў адведзены «пляц пустый, до церкви святого духа, в рынку против ратуши лежачы... для побудованья монастыра и школ».

У 1636 г. менскім базыльянам перадалі суседні пусты пляц пад назвай «Лужа», ушыркі 8 сажняў, для пабудовы на ім мураванае царквы замест драўлянай. Паводле зьвестак дасьледчыцы гісторыі архітэктуры Беларусі А.Квітніцкай, арыгінальны прыём, выкарыстаны пры аздабленьні храму, зьяўляецца ўкладам Беларусі ў агульнаеўрапейскае дойлідзтва Рэнесансу.

Сучасьнікаў царква Сьв. Духа зьдзіўляла сваёй прыгажосьцю. Маскоўскі дыпламат П.А. Талстой у 1697 г. пісаў: «В том монастыре церковь каменная великая, в которой своды изрядные, каких сводов мало в Польше обретается в каменном строении».

У час маскоўскай навалы 1654-1667 гг. комплекс менскіх базыльянскіх манастыроў выкарыстоўваўся ў абарончых мэтах.

У XVII-XVIII стст. пры манастыры Сьвятога Духа існавала школа (заснавана ў 1633 г.), дзе выкладаліся грэцкая, лацінская, стараславянская, старабеларуская і польская мовы. Вядома, што пры манастыры ў XVII ст. дзейнічала друкарня. У манастырскай бібліятэцы была сабрана вялікая колькасьць рукапісных і друкаваных кніг, каштоўных дакументаў і рэдкіх рукапісаў. Дастаткова сказаць, што тут у XVII-XVIII стст. захоўваўся вядомы беларуска-літоўскі «Нікіфараўскі» летапіс.

У 1795 г. мужчынскі і жаночы базыльянскія манастыры Сьвятога Духа былі зачыненыя, а царква аддадзена пад катэдральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Да 1799 г. у будынках манастырскага комплексу знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага архіяпіскапа, а затым у корпус былога мужчынскага манастыра была пераведзена Менская дваранская вучэльня, у 1803 г. пераўтвораная ў гімназію. Наступныя перабудовы да непазнавальнасьці зьмянілі выгляд храму і значна пагоршылі яго выгляд.

15 сакавіка 1936 году на прапанову старшыні Савету народных камісараў М.Галадзеда Бюро ЦК КП(б)Б прыняла рашэньне аб зьнішчэньні храму...

На фота: Царква Сьв. Духа. Рэканструкцыя. Літаграфія В. Сташчанюка.(1988). Справа – будынак ратушы.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)