Царква
Ня чыні пералюбу
(7 запаведзь, Выхад 20:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Катэдральны пляц

Пра шабат і сьвяткаваньне нядзелі

У Бібліі напісана, што трэба сьвяткаваць суботу. Чаму тады для хрысьціянаў сьвятым днём зьяўляецца нядзеля?

Аляксандар Іванавіч,
г. Горадня


Сьвяткаваньне нядзелі – гэта старажытны хрысьціянскі звычай, які паходзіць з часоў апосталаў. Узгадкі пра гэты звычай мы знаходзім у Новым Запавеце. У “першы дзень тыдня” (паводле габрэйскага лічэньня, бо сёмы дзень – гэта субота) вучні ў Траадзе зьбіраліся на Еўхарыстыю – “ламаньне хлеба” (Дз 20, 7-13). Важным быў гэты дзень для карынцянаў (1 Кар 16, 2). На пачатку ІІ стагоддзя рымскі губернатар правінцыі Віфінія Пліній Малодшы пісаў, што хрысьціяне зьбіраліся ў гэты дзень і сьпявалі гімны да Хрыста. У першыя стагоддзі нядзеля не была днём вольным ад працы, таму хрысьціянам даводзілася зьбірацца да ўзыходу сонца, каб пасьпець выконваць свае штодзённыя працы. Дзень пасьля суботы хрысьціяне пачалі называць таксама “дзень Госпада” (хоць у габрэйскай традыцыі так называлася субота), бо “Ісус Хрыстос ёсьць Госпад” (Флп 2, 11).

Аднак сьвяткаваньне нядзелі – гэта ня толькі звычай, але і Божае прыказаньне, якое бярэ свой пачатак у Старым Запавеце, у загадзе “сьвяткаваньня суботы”. Габрэйскае слова, якое ў сінадальным расейскім перакладзе Сьвятога Пісаньня (а таксама ў беларускім перакладзе Васіля Сёмухі) тлумачыцца як “субота”, некаторыя сучасныя пераклады пакідаюць бяз зьменаў – “шабат”. Для габрэяў у часы Старога Запавету сьвяткаваньне шабату было ня проста адзначэньнем пэўнага дня тыдня, але ў першую чаргу ўспамінам важных падзеяў з Гісторыі Збаўленьня. Шабат быў успамінам пра стварэньне сьвету і адпачынак Бога на сёмы дзень. Таксама ў шабат узгадвалася выйсьце габрэяў з Ягіпту. Кніга Другога закону тлумачыць, чаму трэба сьвяткаваць шабат: “Памятай, што быў рабом у зямлі Ягіпецкай, але Госпад, Бог твой, вывеў цябе адтуль рукою моцнаю і мышцаю высокаю, таму і загадаў табе Госпад, Бог твой, сьвяткаваць дзень шабату” (Друг 5, 15).

Для хрысьціянаў разуменьне прыказаньняў і звычаяў Старога Запавету адбываецца ў сьвятле асобы і справы Ісуса Хрыста. У першыя стагоддзі, асабліва ў асяроддзі, зьвязаным з габрэйскім народам, хрысьціяне захоўвалі звычай сьвяткаваньня суботы. Аднак паступова на першы план выходзіў дзень уваскрасеньня Хрыста – нядзеля, бо ў гэты дзень адбыліся дзьве найважнейшыя падзеі Новага Запавету – Уваскрасеньне Ісуса Хрыста і Зыход Сьвятога Духа. Гэта не азначае, што адбылася замена аднаго сьвяточнага дня іншым. Сьвяты Рыгор Вялікі пісаў, што для хрысьціянаў сапраўдным шабатам зьяўляецца Асоба Ісуса Хрыста. Таму нядзеля стала днём больш важным за суботу.

Сьвяткуючы нядзелю, мы ня проста адзначаем пэўную гістарычную падзею – Уваскрасеньне Ісуса Хрыста. Нядзеля – гэта таксама выкананьне ўсіх тых вобразаў, якія паказваў нам старазапаветны шабат. Варта памятаць, што паводле габрэйскага лічэньня дзён тыдня нядзеля – гэта першы дзень. Айцы першых стагоддзяў параўноўвалі нядзелю з першым днём стварэньня. У першы дзень Бог пачаў ствараць сьвет, у першы ж дзень пасьля шабату Бог зьдзейсніў новае стварэньне – адкупіў чалавецтва праз Уваскрасеньне Ісуса Хрыста. У гэты ж дзень Дух Сьвяты сышоў на апосталаў, і гэта было апошняе вялікае дзеяньне Бога, як бы дапаўненьне стварэньня. Айцы называлі нядзелю таксама восьмым днём тыдня, падкрэсьліваючы, што Ўваскрасеньне – гэта таксама пачатак новай эры, а таксама апошні дзень стварэньня, дапаўненьне апісанага ў кнізе Быцьця. Уваскрасеньне Ісуса Хрыста – гэта вызваленьне чалавецтва з няволі граху. Таму нядзелю хрысьціяне сьвяткуюць і як новы Выхад, аналагічны да Выхаду Ізраіля з Ягіпту.

У рымскай культуры нядзеля называлася “днём сонца” (гэтая назва захавалася да сёньня ў некаторых мовах). Можна сказаць, што Царква “ахрысьціла” і гэтую назву. Хрыстос – гэта “Сьвятло сьвету” (Ян 9, 5), “Усход з вышыні” (Лк 1, 78), “сьвятло на прасьвятленьне паганаў” (Лк 2, 32). У нашай візантыйскай літургічнай традыцыі падчас службы Вячэрні Хрыста мы называем “Сьвятлом лагодным”. Таму, як напісаў Ян Павел ІІ, нядзеля – гэта дзень Хрыста- Сьвятла.

а. Андрэй Крот,
г. Горадня


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)