Царква
Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:5)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Гісторыя Царквы

На месцы царквы
Сьвятога Духа знайшлі крыпты
з астанкамі фундатараў

У Менску пры аднаўленьні ўнікальнага ўніяцкага храму XVII ст. знайшлі склеп з пахаваньнем фундатараў царквы. Сам храм быў зьнішчаны ў часы ваяўнічага атэізму ў 1930-ыя, але да трунаў тады не дабраліся.

З канца лета 2009 году вось ужо некалькі тыдняў працоўныя КУП «Менская спадчына» раскопваюць падмуркі гэтай славутай царквы. Падчас працы коўш экскаватара раптам прабіў невядомую крыпту (пахавальны склеп), не пазначаную ні на адным з планаў царквы. Прараб будоўлі выклікаў сьпецыялістаў з Інстытуту археалогіі НАН Беларусі, якія пачалі прафесійна раскопваць крыпту. Астанкі фундатараў царквы засталіся некранутымі, нягледзячы на трагічны лёс храму.

Побач са знойдзеным склепам, які належыць да «крыптаў закрытага тыпу», знайшлі яшчэ адно пахаваньне – ужо ў адкрытай крыпце. Падчас ранейшых раскопак, апошнія з якіх праводзіліся ў 1980-ыя, знайшлі толькі крыпту XIX стагоддзя, у якой таксама знаходзіцца некалькі пахаваньняў.

Цяпер праектны план будзе скарэктаваны, а знойдзеныя крыпты і лёхі царквы – музеефікаваныя. Хутчэй за ўсё, можна будзе спусьціцца пад зямлю, каб убачыць падмуркі царквы, прыкладна так, як гэта зроблена ў Сафійскім саборы ў Полацку.

У старых еўрапейскіх гарадах крыпты, якія зьяўляюцца рэдкасьцю, адкрытыя для наведваньня і зьяўляюцца важным пунктам турыстычных і адукацыйных падарожжаў. Напрыклад, у суседняй Польшчы ёсьць толькі дзьве падобныя крыпты.

Калісьці храм Сьвятога Духа ў стылі рэнесансу і барока лічыўся найпрыгажэйшым у горадзе. Яго вылучаў пышны фасад – нібы іканастас: размаляваны фрэскамі, прарэзаны нішамі, з якіх пазіралі на мінакоў сьвятыя, увасобленыя ў скульптурах. Каб уявіць, як выглядаў гэты шэдэўр, можна ўзгадаць універсітэцкі касьцёл сьв. Яна ў Вільні – іх сілуэты пераклікаюцца.

Комплекс базыльянскіх манастыроў з царквой Сьвятога Духа па праву зьяўляецца найбольш значным помнікам у гісторыі архітэктуры Менска. Ён быў пабудаваны ў першай палове XVII ст. на Высокім рынку (сучасная пл. Свабоды) – у адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтры сярэдневяковага гораду. Да нашага часу захаваліся асобныя пабудовы некалі велічнага ансамбля: карпусы мужчынскага (пл. Свабоды, 23) і жаночага (вул. Энгельса, 1) базыльянскіх манастыроў, перабудаваных у XIX ст. На жаль, галоўнае збудаваньне ўсяго комплексу – царква Сьвятога Духа – не захавалася. Яна складала цэласную кампазіцыю Ратушнага пляцу, які быў моцна зьнішчаны за царскім і савецкім часам. У 1990-ыя гады пачалося аднаўленьне Ратушнага пляцу. Ужо адноўлена каталіцкая архікатэдра, адбудавана ратуша, гатэль «Еўропа». Сёньня на чарзе – царква Сьвятога Духа.

Ідэя аднавіць гэтую прыгожую царкву зьявілася яшчэ ў 1980-ыя гады. Тады вядомы архітэктар Сяргей Багласаў распрацаваў праект рэстаўрацыі, за ажыцьцяўленьне якога ўзяліся толькі сёлета.

Планавалася, што храм Сьвятога Духа, узьведзены пасьля 1636 году і разбураны ў 1936-м, адновяць у 2010-2011 гадах. Сёлета ўвесну, калі яшчэ планаваліся археалагічныя раскопкі і інжынерныя працы на месцы царквы, Павел Шыкунец, дырэктар камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага УП Менгарвыканкаму «Менская спадчына», арганізацыі, што адказвае за аднаўленьне помніка, у інтэрв’ю «Народнай газеце» казаў, што ўжо да сёлетняга Дня гораду павінен быў паўстаць сам будынак храму – такі наказ далі рэстаўратарам улады сталіцы. Далей займаліся б ужо аздабленьнем фасадаў і інтэр’еру. Рэаліаваць гэткі хуткі план будаўніцтва не атрымалася – працы пачаліся толькі напрыкацы лета.

«Мы ведаем, што ў зямлі залягаюць падмуркі царквы XVII стагоддзя», – гаварыў тады П.Шыкунец. Сёньня, калі на месцы царквы адкрыта новая невядомая крыпта, зьдзіўляе, што ўскрыта яна была не археолагамі, як абяцалася, але... экскаватарам. І толькі тады былі выкліканы археолагі. Такі падыход пры аднаўленьні храму на самым пачатку прац ня можа не выклікаць насьцярожанасьці ў тых, каго хвалюе лёс гэтай старажытнай царквы: што ж мы атрымаем напрыканцы, ці будзе захавана тое, што захавалася пад зямлёй?

Паводле словаў П.Шыкунца, уся праца па адбудове царквы павінна заняць 19 месяцаў. Над старажытным фундаментам узьвядуць платформу, на якой, уласна кажучы, і будзе аднаўляцца царква. А пад платформай застануцца рэшткі першапачатковага храму, якія змогуць пабачыць турысты – або звонку будынка, або спусьціўшыся ў сутарэньне. Узьвядзеньне платформы над старымі падмуркамі дазволіць засьцерагчы новы будынак ад «землятрусу», бо ў гэтым месцы праходзіць лінія метрапалітэну.

На жаль, пры аднаўленьні храму не прадугледжваецца аднаўленьне ў нішах галоўнага фасаду скульптураў і выяваў сьвятых. Нішы аздобяць арнаментам, а стральчатыя гатычныя вокны ўпрыгожаць вітражамі. У адноўленым сакральным будынку, нягледзячы на звароты да ўладаў менскай грэка-каталіцкай інтэлігенцыі, разьмесьціцца не царква, а канцэртная зала дзіцячай філармоніі на 250 месцаў... У планах таксама адбудова галерэі, што калісьці злучала царкву Сьвятога Духа з манастыром базыльянак, дзе сёньня разьмешчана дзіцячая музычная школа № 10. Такім чынам, вуліца Энгельса акажацца «перарэзанай» аркамі галерэі, пад якімі, як мяркуюць архітэктары, стане папулярным звычаем прызначаць спатканьні.

Якім будзе лёс знойдзеных астанкаў фундатараў царквы Сьвятога Духа, ці будуць яны спачываць у крыпце ў сутарэньнях адноўленага будынка храму – адказ на гэтае пытаньне пакуль ня дадзены.

Ігар Бараноўскі

Паводле матэрыялаў Еўрарадыё, «Народнай газеты», Radzima.org

На фота:
2. Царква Сьв. Духа. Від з апсіды на катэдру (рэканструкцыя). 3. Літаграфія В. Сташчанюка.(1988).
3. Пляц на месцы царквы Сьв. Духа перад пачаткам аднаўленьня. Фота В. Груздава.
4. Падмуркі царквы Сьв. Духа. Фота В. Груздава.
5. Праект адбудовы царквы Сьвятога Духа.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)