Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Шлях да Бога

Евангелізацыйны канцэрт на плошчы Незалежнасьці ў Менску

19 верасьня 2009 году вечарам, пасьля міжнароднай канферэнцыі “Сям’я – супольнасьць любові і жыцьця” у Чырвоным касьцёле (сьв. Сымона і Алены), адбыўся евангелізацыйны канцэрт-праслаўленьне на галоўнай плошчы нашай сталіцы, у самым сэрцы нашай Радзімы.

Удзел у гэтым канцэрце ўзялі вернікі розных канфесіяў: рыма-каталікі, грэка-каталікі, праваслаўныя і пратэстанты, а таксама людзі розных нацыянальнасьцяў: беларусы, палякі, расейцы, украінцы і інш. Канцэрт-праслаўленьне зладзілі супольнасьць “Каштоўная перліна” з руху “Сьвятло-Жыцьцё” і грэка-каталіцкая супольнасьць з Берасьця “Маран ата”, з імі сьпявала таксама вядомая хрысьціянская сьпявачка Алеся Ўнукоўская.

Гэта была ня першая сумесная малітва і праслаўленьне гэтых двух супольнасьцяў, але ніхто і не спадзяваўся, што гэты канцэрт-праслаўленьне будзе такім маштабным. Планавалася як заўсёды – правесьці яго ўнутры храму, але Бог захацеў іначай і натхніў выйсьці на вуліцу і правесьці канцэрт на плошчы Незалежнасьці, на прыступках храму.
 
Алілуя! Ісус жыве!!! Так і адбылося! І гэта было цудоўна! На канцэрт сабралася вельмі шмат людзей – і вернікаў, і тых, хто пакуль ня верыць. На галоўнай плошчы сталіцы заўсёды вечарам шмат гуляе моладзі, якая вельмі зацікавілася такім незвычайным праслаўленьнем Бога. Падчас канцэрту было і абвяшчэньне Добрай Весткі, і супольная малітва-праслаўленьне, і розныя сьпевы, якія натоўп адразу падхопліваў і паўтараў, і, вядома, танцы. Ніхто ня змог стрымацца! Нягледзячы на тое, што адразу саромеліся і стараліся сябе стрымліваць. Пад канец танцавалі амаль усе!
 
Бог праз гэты канцэрт дакрануўся сэрца кожнага з нас і даў зразумець, што толькі з Ім мы знойдзем сапраўдную радасьць, супакой і сэнс жыцьця! Хочам падзякаваць Богу за гэты канцэрт, за сьпевакоў і ўдзельнікаў! Няхай Бог дабраславіць усіх і дапаможа як найчасьцей праводзіць такія канцэрты-малітвы праслаўленьня Госпада! Хвала Хрысту! Алілуя!

Стэфанія Манько,
г. Менск
 


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)