Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Гісторыя Царквы

Літургія за супакой пахаваных у крыпце

У сувязі з нядаўнімі знаходкамі ў Менску парэшткаў невядомых пакуль асобаў (магчыма, манахаў-базыльянаў і фундатараў царквы Сьвятога Духа) у выпадкова выяўленай падчас будаўнічых працаў крыпце (гл. фота), 9 верасьня 2009 году ў памяць пра іх і за іх супакой маліліся менскія грэка-католікі.

Літургію за супакой усіх вядомых і невядомых уніяцкіх дабрадзеяў ды манахаў-базыльянаў адслужылі віцэ-дэкан грэка-каталіцкіх парафіяў Менску і Менскай вобласьці а. Яўген Усошын і душпастыр парафіі Праведнага Язэпа а. Аляксандр Аўдзеюк.

«Для вернікаў і для ўсіх цывілізаваных людзей парэшткі памерлых – гэта рэч сьвятая. Нашыя продкі ў веры маюць права на нашую малітву і на пашану з боку ўсіх жыхароў Менску», – сказаў віцэ-дэкан а. Яўген Усошын.

Хто быў пахаваны ў крыпце царквы Сьвятога Духа – пакуль не ўстаноўлена. Верагодна, гэта былі манахі-базыльяне і фундатары.

Вядома імя першага ігумена манастыра Апанаса Пакосты, якому некаторымі дасьледчыкамі прыпісвалася нават будаўніцтва мураванай царквы і манастыра ў 1617 годзе. Аднак будаўніцтва гэтай унікальнай царквы стала магчымым толькі пасьля атрыманьня ў 1634-ым 2000 злотых, ахвяраваных манастыру багатым полацкім гараджанінам Іванам Блажковічам-Латышам. У 1636 годзе менскім базыльянам перадаецца суседні пусты пляц пад назвай «Лужа», ушыркі 8 сажняў, для пабудовы на ім мураванай царквы замест драўлянай. Тады ігуменам быў ужо а. Генадзь. Уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі Антон Сялява пакінуў тэстамент у 1651 г. з просьбай пахаваць яго менавіта ў прыдзеле менскай царквы Сьв. Духа. На ўзьвядзеньне гэтага прыдзелу і будынка жаночага манастыра базыльянак (засанаваны ім для апекі над беднымі дзяўчатамі ў 1641 г.) ён фундаваў 20 тысячаў злотых. Гэта дало падставы некаторым дасьледчыкам меркаваць, што ў крыпце царквы маглі быць знойдзеныя парэшткі мітрапаліта А.Сялявы. Аднак малаверагодна, каб ён быў там пахаваны, бо гэты ўніяцкі мітрапаліт памёр, уцякаючы ад маскоўскага войска, у Тыкоціне на Падляшшы і быў пахаваны ў Супрасьлеўскім базыльянскім манастыры.

Сярод знакамітых фундатараў, што маглі быць пахаваныя у крыпце царквы Сьвятога Духа, – Кацярына Сапега, першая ігуменьня манастыра базыльянак (1650-1676 гг.), якая ахвяравала на яго ўзьвядзеньне 9 000 злотых і яшчэ 10 000 – на ўтрыманьне пры ім сіротаў. Магчыма, у крыпце царквы былі пахаваныя першы ігумен манастыра Апанас Пакоста і яго наступнік а. Генадзь, пры якім пачалося будаўніцтва царквы.Досыць верагодна, што мог быць пахаваны ў ёй і архімандрыт Аўгустын Любянецкі, які ў 1733 годзе ахвяраваў 1000 талераў на ўтрыманьне хору, каб штодзень у царкве Сьвятога Духа было вельмі ўрачыстае, з духоўнымі гімнамі ранкам і ўвечары, ушанаваньне слаўнай цудамі іконы Маці Божай Менскай.

Можна спадзявацца, што гэтыя знаходкі прыцягнуць увагу дасьледчыкаў нашай гісторыі і дапамогуць нам нанова адкрыць невядомыя сёньня старонкі беларускай гісторыі.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)