Царква
Які кіраўнік народа, такія і служачыя пры ім
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 10-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

“Таямніца любові”
“СТАРЫЯ” І “НОВЫЯ” РЭЧЫ Ў АПОСТАЛЬСКІМ ПАСЛАНЬНІ
“SACRAMENTUM CARITATIS” ПАПЫ БЕНЯДЫКТА XVI

14 сакавіка ў офісе ватыканскай прэс-службы адбылася прэзентацыя адгартацыі (Апостальскага пасланьня) Бенядыкта XVI “Sacramentum Caritatis” (“Таямніца любові”). Гэты дакумент, які прысьвечаны Еўхарыстыі, зьяўляецца вынікам працы Сіноду Біскупаў, які праходзіў у кастрычніку 2005 году. Дакумент складаецца з трох частак, кожная з каторых закранае розныя асьпекты навукі пра Еўхарыстыю.

Repetitio mater studiorum est

Першая частка “Еўхарыстыя – таямніца веры” ўяўляе сістэматычны багаслоўскі выклад. Пра яе можна сказаць, што гэта спазіраньне праз “акуляры” еўхарыстычнай тэматыкі на паасобныя трактаты дагматычнай тэалогіі. Бачна гэта і з падразьдзелаў узгаданай часткі: “Найсьвятая Тройца: Еўхарыстыя”, “Ісус – праўдзівы Агнец, прынесены ў ахвяру”, “Сьвяты Дух і Еўхарыстыя”, “Еўхарыстыя і Царква”, “Еўхарыстыя і Таямніцы”, “Еўхарыстыя і эсхаталогія”, “Еўхарыстыя і Дзева Марыя”. Такі метадалагічны падыход пакліканы абгрунтаваць сьцьверджаньне, якое знаходзім на пачатку першай часткі: “Вера Царквы зьяўляецца ў сваёй істоце верай еўхарыстычнай і сілкуецца ў асаблівы спосаб ля стала Еўхарыстыі” (SC, 6).

Зьвяртаюць на сябе ўвагу некаторыя пункты, на якіх у сваім пасланьні Папа робіць асаблівы акцэнт, тлумачачы навуку Царквы. Адзін з іх датычыць цэлібату (бязжэнства) рыма-каталіцкіх сьвятароў. Тут Папа пералічвае і зьвяртае ўвагу на актуальнасьць традыцыйных аргументаў, якія абгрунтоўваюць такую царкоўную дысцыплінарную практыку. У іншым месцы гаворка ідзе пра недапушчэньне разьведзеных асобаў да сьв. Таямніцаў. У гэтай справе Сінод “пацьвердзіў практыку Царквы, што грунтуецца на Сьвятым Пісаньні (пар. Мк 10, 2-12), адносна недапушчэньня да Таямніцаў разьведзеных асобаў, якія ўступілі ў новы саюз, бо сваім станам і сітуацыяй аб’ектыўна супрацівяцца таму адзінству ў любові паміж Хрыстом і Царквою, якая акрэсьлена і рэалізавана ў Еўхарыстыі” (SC, 29). Нягледзячы на гэта – як падкрэсьлівае далей адгартацыя – узгаданыя вышэй асобы належаць да Царквы, і Царква – наколькі гэта мажліва – спрыяе ім у іх прагненьні практыкаваць хрысьціянскі стыль жыцьця. Папа ў першай частцы пасланьня таксама нагадвае пра актуальнасьць і сэнс водпустаў (індульгенцыяў) ды заахвочвае карыстацца імі ў духоўным жыцьці (пар. SC, 21).

Lex orandi est lex credendi

Другая частка дакументу – “Еўхарыстыя – таямніца богаслужэньня” – мае літургічна-душпастырскі характар і ўказвае на сувязь паміж верай і еўхарыстычным культам Рыма-Каталіцкай Царквы. Можна тут знайсьці падрабязныя ўказаньні, якія датычаць як сьв. Імшы, так і сакральнай архітэктуры. З асаблівай моцай тут падкрэсьліваецца каштоўнасьць грыгарыянскага сьпеву і лацінскай мовы ў рыма-каталіцкай літургіі, больш таго Бенядыкт XVI адзначае: “Ня можна таксама занядбаць магчымасьці, каб самыя вернікі ведалі найбольш ужываныя малітвы на лаціне і сьпявалі некаторыя часткі літургіі ў грыгарыянскі спосаб” (SC, 62). Яшчэ адзін моцны акцэнт, які можна знайсьці ў гэтай частцы дакументу, датычыць удзелу ў Еўхарыстыі хрысьціянаў-некатолікаў. Зьвяртаючы ўвагу на тое, што Еўхарыстыя ня ёсьць толькі выявай нашай асабістай сувязі з Ісусам Хрыстом, але таксама сьведчыць пра поўную еднасьць (communio) з Царквою, Папа кажа: “Гэта ёсьць прычынай, дзеля якой з болем, але не без надзеі, просім хрысьціянаў-некатолікаў, каб зразумелі і паставіліся з пашанай да нашага перакананьня, якое мае падставы ў Бібліі і Традыцыі. Мы сьцьвярджаем, што еўхарыстычная еднасьць і еднасьць Царквы так унутрана адна ад адной залежаць, што ў прынцыпе немагчыма, каб хрысьціяне-некатолікі прыступалі да адной, не карыстаючыся з другой” (SC, 56). Бенядыкт XVI, аднак, ня выключыў цалкам магчымасьці ўдзелу ў Таямніцах для хрысьціянаў-некатолікаў, указваючы на тое, што ў некаторых акалічнасьцях, якія акрэсьлены ў Катэхізісе Каталіцкай Царквы, гэта дапушчальна, але гэтых умоваў належыць дакладна прытрымлівацца. Таксама ў гэтай частцы адгартацыі можна знайсьці шматлікія іншыя літургічныя і пастырскія ўказаньні, што датычаць служэньня Еўхарыстыі і ўдзелу ў ёй.

“Жыць у стылі дня Гасподняга”

У трэцяй частцы Апостальскага пасланьня, якая названа “Еўхарыстыя – містэрыя жыцьця”, Папа, словамі сьв. Ігната Антыяхійскага, заклікае “жыць у стылі дня Гасподняга”. Бенядыкт XVI зьвяртае ўвагу на вартасьць “радыкальнай навіны, якую прынёс Хрыстос у Еўхарыстыі” (SC, 71). Азначае гэта, што вера кожнага хрысьціяніна (якая мае еўхарыстычны характар) павінна натуральным чынам знаходзіць адбітак у нашым штодзённым жыцьці. Еўхарыстычная таямніца мае яшчэ і важны грамадзкі асьпект, бо ёсьць “таямніцай еднасьці паміж братамі і сёстрамі”, якія паяднаныя з Ісусам Хрыстом, і таму мы “ня можам мець Хрыста толькі для сябе”.

Да “стылю дня Гасподняга” належыць таксама асабістае сьведчаньне веры кожнага хрысьціяніна: “Нашае веравызнаньне Бога ў істоце не зьяўляецца ніколі чыста прыватным актам, без уплыву на нашыя грамадзкія сувязі: яно вымагае публічнага сьведчаньня нашай веры” (SC, 83). “Хрыстос праз успамін пра сваю ахвяру ўзмацняе еднасьць сярод братоў, а асабліва запрашае тых, якія ёсьць у канфлікце, каб прысьпешылі паяднаньне, адкрываючыся на дыялог і будаваньне справядлівасьці. Няма сумненьня, што ўмоваю пабудовы сапраўднага міру ёсьць аднаўленьне справядлівасьці, паяднаньне і прабачэньне”,– адзначае Папа ў сваім пасланьні (SC, 89). Уласна з усьведамленьня гэтага нараджаецца таксама і “жаданьне перамяненьня несправядлівых структураў, каб зноў вярнуць павагу да годнасьці чалавека, створанага на вобраз і падабенства Бога”. У той жа час Сьвяты Айцец перасьцерагае ад крайнасьцяў: “...Ня ёсьць заданьнем Царквы ўдзел у палітычнай барацьбе, каб збудаваць больш справядлівае грамадзтва; тым ня менш Царква ня можа і нават не павінна заставацца з краю барацьбы за справядлівасьць. Царква “павінна ўключыцца ў яе праз аргументацыю розуму і абудзіць духоўныя сілы, без якіх справядлівасьць, якая заўсёды патрабуе ахвярнасьці, ня можа ўсталявацца ды разьвівацца» (SC, 89).

Напрыканцы Апостальскага пасланьня Папа заклікае ўсіх вернікаў да поўні жыцьця ў Сьвятым Духу. Бенядыкт XVI узгадвае ды ставіць як узор шматлікіх сьвятых розных часоў, цэнтрам сьвятасьці якіх заўсёды была Еўхарыстыя. Асобна Сьвяты Айцец зьвяртае ўвагу на Багародзіцу: “Ад яе павінны мы вучыцца, як станавіцца людзьмі Еўхарыстыі і Царквы, каб мы маглі, паводле словаў сьв. Паўла, быць “беззаганнымі” перад абліччам Госпада, так як Ён гэтага прагнуў ад пачатку (пар. Кал 1, 21; Эф 1, 4)” (SC, 96).

а. Андрэй Буйніч

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)