Царква
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:3)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (54), 2007

Новы прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў

9 чэрвеня 2007 году Папа Бенядыкт XVI прызначыў аргентынскага архібіскупа Леанарда Сандры, які да гэтага быў намесьнікам Дзяржсакратара Ватыкану, новым Прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Сьвяты Айцец выказаў асаблівую ўдзячнасьць былому Прэфекту 77-гадоваму кардыналу Ігнату Майсею I Дауду, які склаў на імя Папы заяву з просьбай вызваліць ад спаўненьня абавязкаў Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў з прычыны ўзросту. Патрыярх на спачынку Ігнат Майсей I з Сірыйскай Каталіцкай Царквы ўзначальваў Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў на працягу 7 гадоў з лістападу 2000 году. У 2001 годзе ён быў галоўным ініцыятарам візіту Папы Яна Паўла II у Сірыю, аднак у тым самым годзе ня змог разам з Папам узяць удзел у падарожжы Папы ў Афіны з прычыны адмоўнага стаўленьня да яго, як прадстаўніка адной з усходніх каталіцкіх Цэркваў, ярархіі Праваслаўнай Царквы Грэцыі.

Новапрызначаны Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Леанарда Сандры, каментуючы сваё прызначэньне, адзначыў: «Я ўсьведамляю, што Сьвяты Айцец даверыў мне скарб літургічнай малітвы, духоўныя традыцыі, жыцьцё манаства, жыцьцё шматлікіх сьвятых, навуку айцоў і дактароў Усходняй Царквы». «Я ізноў выказваю абсалютную вернасьць просьбам і ўказаньням Пераемніка Пятра і вікарыю Хрыста»,– дадаў ён.

Архібіскуп Сандры нарадзіўся ў Аргентыне, у Буэнас-Айрэсе, 18 лістапада 1943 году ў сям’і італійскіх эмігрантаў. У 1967 годзе ў 24 гады быў высьвячаны на сьвятара ў архіяпархіі Буэнас-Айрэсу. Вывучаў тэалогію ў Каталіцкім універсітэце Аргентыны, атрымаў ступень доктара кананічнага права пасьля студыяў у Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.

У 1974 годзе Леанарда Сандры быў прыняты на дыпламатычную службу ў Ватыкан, працаваў у нунцыятуры ў Мадагаскары да 1977 году, а затым, з 1977 па 1989 год – у Дзяржаўным сакратарыяце Ватыкану. З 1989 па 1991 год ён зьяўляўся дарадцам Апостальскага нунцыя ў Злучаных Штатах Амерыкі і ў Арганізацыі Амерыканскіх дзяржаў.

У 1997 годзе ён быў хіратанізаваны на архібіскупа і прызначаны Апостальскім нунцыем у Венесуэле. У сакавіку 2000 году быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Мексіцы, а ўжо ў верасьні таго ж году яму было прапанавана заняць пасаду намесьніка Дзяржсакратара Ватыкану па агульных пытаньнях.

У апошнія месяцы жыцьця Папы Яна Паўла II, які пасьля перанесенай аперацыі ня мог гаварыць, архібіскуп Леанарда Сандры стаў «голасам Папы» — менавіта ён чытаў для вернікаў казаньні хворага Папы.

Акрамя гішпанскай, архібіскуп Сандры валодае італійскай, французскай, ангельскай і нямецкай мовамі. Як зьверхнік адной з Кангрэгацыяў Ватыкану, чакаецца, што архібіскуп Леанарда Сандры атрымае годнасьць кардынала на наступнай кансісторыі, што мае адбыцца ў лістападзе.

Свае абавязкі новы Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Леанарда Сандры пачаў выконваць з 1 ліпеня 2007 году. З гэтага часу беларускія грэка-католікі, якія сёньня наўпрост падпарадкаваныя Апостальскай Сталіцы, падчас кожнай Боскай Літургіі ўзгадваюць у малітвах як свайго Архіпастыра архібіскупа Леанарда.

На фота:
1. Новы Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Леанарда Сандры.
2. Архібіскуп Леанарда Сандры падчас беатыфікацыйнай сьв. Імшы.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)