Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Горадня: пілігрымка ў Сьвіслач

Шмат у Беларусі гарадоў, мястэчак і маленькіх вёсачак, вядомых сваімі гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі, славутымі постацямі.

Вось і мы, група вернікаў парафіі Маці Божае Фацімскае, вырашылі адведаць адметны куток Гарадзенскай вобласьці — мястэчка Сьвіслач, што ляжыць непадалёк Белавежскай пушчы. Для паездкі абралі дзень 13 кастрычніка, на які прыпалі падвойныя ўгодкі — 90 гадоў ад апошняга Зьяўленьня Маці Божай у Фаціме, а таксама 123-ія ўгодкі нараджэньня а. Баляслава Пачопкі, знакамітага беларускага дзеяча і параха ўніяцкае парафіі ў Бабровічах на Палесьсі. Менавіта ў Сьвіслачы, дзе будучы сьвятар працаваў у Беларускай настаўніцкай семінарыіі ў 1916‐1918 гадах, ён стварыў першую граматыку беларускай мовы.

Сабраўшыся апоўдні ў суботу і памаліўшыся аб шчасьлівым падарожжы, мы выправіліся ў дарогу. Ружанец, духоўныя разважаньні пад кіраўніцтвам нашага душпастыра — і неўзабаве мы прыбылі ў Сьвіслач, дзе нас ветліва сустрэў пробашч айцец Міраслаў. У касьцёле а. Андрэй Крот адслужыў Боскую Літургію, на якой прысутнічала група мясцовых жыхароў — вернікаў Грэка‐Каталіцкай Царквы. Хіба ўпершыню ад часу скасаваньня Уніі ў гэтым мястэчку адбылася Боская Літургія ва ўсходнім абрадзе і на роднай мове. Пасьля службы а. Міраслаў ветліва прадаставіў нам памяшканьне для пачастунку.

Крыху адпачыўшы, мы скарысталіся з прапановы мясцовых краязнаўцаў і зрабілі невялічкую экскурсію па мястэчку і навакольлі. Убачылі мы славутую Сьвіслацкую гімназію (у 1916‐1918 гадах — настаўніцкая семінарыя), пабудаваную яшчэ ў XVIII стагоддзі, у якой навучалася шмат знакамітых людзей, сярод якіх і наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі, які вучыўся тут з 1847 па 1852 год. Пабывалі мы таксама і на могілках, на магіле старэйшага брата Кастуся — Віктара Каліноўскага, дзе памаліліся за супакой ягонай душы. Як вядома, Віктар аказаў вялікі ўплыў на фармаваньне патрыятычных поглядаў Кастуся, абудзіў у яго цікавасьць да гісторыі і накіраваў на шлях змаганьня за вызваленьне роднага краю. На жаль, сам Віктар памёр ад сухотаў незадоўга да паўстаньня, 25 кастрычніка 1862 году, у фальварку Якушоўка, што недалёка ад Сьвіслачы, куды мы і накіраваліся пасьля. У Якушоўцы сёньня акрамя крыжа, усталяванага краязнаўцамі на грамадзкія ахвяраваньні, нічога не нагадвае аб тым, што тут калісьці была сядзіба Каліноўскіх.

Памаліўшыся ля крыжа за нашу Бацькаўшчыну Беларусь, мы адправіліся ў зваротны шлях, поўныя ўражаньняў і ўдзячнасьці нашым сябрам са Сьвіслачы за цікавы экскурс у родную гісторыю. Хочацца таксама выказаць падзяку айцам‐рэдэмптарыстам з парафіі Найсьвяцейшага Адкупіцеля ў Горадні за іх дапамогу ў арганізацыі нашага падарожжа. Слава Богу за ўсё!

Андрэй Рабушкін, Горадня


На фото: Памятная шыльда ў гонар К.Каліноўскага на будынку былой гімназіі ў м. Сьвіслач, дзе вучыўся будучы кіраўнік Вызвольнага паўстаньня 1863 г.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)