Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Падзеі і сьвяты

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на сьвяце ў менскіх грэка-католікаў

30 сьнежня 2007 году грэка-каталіцкая парафія Праведнага Язэпа ў Менску адзначала сваё патранальнае сьвята. З гэтай нагоды па запрашэньні Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека) і параха гэтай парафіі протапрасьвітара Андрэя Абламейкі менскую супольнасьць каталікоў візантыйскага абраду наведаў рыма-каталіцкі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Яго Эксцэленцыя Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з кс. д-рам Янам Крэмісам ён прысутнічаў на сьвяточнай Боскай Літургіі ў касьцёле сьв. Яна Хрысьціцеля ў мікрараёне Серабранка, дзе моляцца грэка-каталікі.

Гэта была вельмі прыемная і чаканая сустрэча грэка-каталікоў г.Менску з Высокадастойным Уладыкам Мітрапалітам.

Пасьля Евангельля Мітрапаліт Тадэвуш прамовіў казаньне да ўдзельнікаў сьвята. У сваім слове ён выказаў радасьць, што можа супольна маліцца з грэка-каталікамі, якія разам з вернікамі лацінскага абраду складаюць Супольнасьць Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Архібіскуп зьвярнуў увагу, што сьв. Язэп, які ў Евангельлі названы «мужам справядлівым», застаецца сёньня вельмі каштоўным і актуальным прыкладам мужчыны. «Сёньня патрэбныя людзі фармату сьвятога Язэпа. Паўтаруся яшчэ раз, Язэпа ўжо дваццаць першага стагоддзя, каторы хоча жыць праўдай Божай, каторы Бога ставіць на першае месца, а не разьлічвае толькі на свае фізічныя сілы, на свой інтэлект, на дасягненьні навукі. Усё гэта добра, але гэта ніколі не заменіць справаў духоўных, гэта ніколі не заменіць духоўнага выхаваньня чалавека, яго духоўнай фармацыі»,– падкрэсьліў Мітрапаліт.

На заканчэньне Боскай Літургіі, якую разам з Архімандрытам Сяргеем саслужылі душпастыры менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў – сьвятары Андрэй Абламейка, Казімір Ляховіч, Андрэй Буйніч і Яўген Усошын – Высокадастойны Ўладыка Мітрапаліт удзяліў усім прысутным пастырскае блаславеньне, а вернікі засьпявалі яму архірэйскае «Многія леты».

На фота: Менск, 30.12.2007. Уладыка Тадэвуш Кандрусевіч, рыма-каталіцкі мітрапаліт Менска-Магілёўскі, сярод менскіх грэка-католікаў.

Тэкст казаньня Мітрапаліта Т.Кандрусевіча гл. тут


Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)