Царква
Ня крадзь
(8 запаведзь, Выхад 20:15)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Падзеі і сьвяты

«Гэта момант глыбокай духовай Сулучнасьці»

Прывітальнае Слова Архімандрыта Сяргея Гаека
падчас сустрэчы Дзяржаўнага Сакратара Сьвятой Сталіцы Кардынала Тарчызіё Бэртонэ
з духавенствам і вернікамі БГКЦ 19 чэрвеня 2008 г. у Менску

Эмінэнцыя, Высокадастойны Ўладыка Кардынал Тарчызіё,
Эксцэленцыя, Высокадастойны Ўладыка
Апостальскі Нунцый Архібіскуп Марцін,
Эмінэнцыя, Эксцэленцыі, Дастойныя Ярархі
Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі,
паважаныя Прадстаўнікі Ўладаў Дзяржаўных, гарадзкіх, раённых.
Браты і Сёстры!


1. Першапастыр Паўсюднай (Каталіцкай) Царквы Яго Сьвятасьць Папа Рымскі Бенядыкт XVI прыслаў у нашую Богам любімую Бацькаўшчыну Беларусь, Вас, Эмінэнцыя Кардынал Тарчызіё, свайго бліжэйшага Супрацоўніка – Дзяржаўнага Сакратара Сьвятой Сталіцы.

Абедзьве часткі Вашага візіту ў Беларусь – дзяржаўную і рэлігійную – грэка-каталікі (каталікі візантыйскага абраду ў Беларусі) суправаджаюць сваімі малітвамі.

Ад свайго і іх імя, ад імя сьвятароў, манахаў, манахіняў, семінарыстаў ды ўсіх вернікаў Супольнасьці Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі вітаю Вас, Эмінэнцыя, вельмі шчыра тут, у гэтым грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры ў Менску.

2. Вернікі паасобных грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі, разам са сваімі душпастырамі, уключаюцца ў малітоўныя сустрэчы з Вамі, Высокім Прадстаўніком Сьвятога Айца, разам з нашымі братамі і сёстрамі рыма-каталікамі ў Пінску, Горадні і Менску.

Аднак сёньняшняя сустрэча тут, у Менску, у гэтым душпастырскім цэнтры, мае асаблівы характар; Вашая сустрэча – з прадстаўнікамі духавенства і вернікаў грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі.

Эмінэнцыя Кардынал Тарчызіё! Праз Вашае пастырскае служэньне як Пасланьніка Сьвятога Айца – гэта ёсьць момант глыбокай духовай Сулучнасьці (Communio) Паўнаты нашае Царквы з Найвышэйшым Пастырам Бенядыктам XVI.

Гэта ёсьць час малітвы да Хрыста Чалавекалюбцы – малітвы разам з Валадаркай Беларусі Найсьвятой Багародзіцай Марыяй, Сьвятым Язэпам, Сьвятым Язафатам ды ўсімі Сьвятымі Беларускай Зямлі, асабліва з Беларускімі Новамучанікамі ХХ стагоддзя.

Гэта блаславёны час паглыбленьня ў жыцьці сьвятароў і вернікаў веры і надзеі, крыніцай якіх ёсьць Слова Божае, ды ўзмацненьне служэньня нашае Царквы дзеля духовага дабра Беларускага Народу, як гэта на працягу стагоддзяў рабіла Ўніяцкая Царква на Беларускіх Землях.

3. Праз хвіліну пачнем Малебен, малітву за ўсіх жыхароў горада Менску. Таму цешымся, што з намі ёсьць тут паважаныя Прадстаўнікі Ўладаў Дзяржаўных, гарадзкіх, раённых. На гэтым месцы дзякуем усім ім за дапамогу, якую мы атрымалі, каб годна прыняць Вас, Эмінэнцыя.

Прымаем Вас, Уладыка Кардынал, як нашага Пастыра ды просім узначаліць гэтую малітоўную cустрэчу.

Менск, 19 чэрвеня 2008 г.

+ Архімандрыт Сяргей Гаек
Апостальскі Візітатар
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)