Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

«Адчыніце шырока дзьверы Хрысту!»

У Менску ўрачыста адзначылі 30-ыя ўгодкі абраньня Папы Яна Паўла ІІ.

Урачыстую сьв. Імшу ў Менску з нагоды 30-х угодкаў абраньня кардынала Караля Вайтылы на пасад Сьвятога Пятра ўвечары 16 кастрычніка 2008 г. у касьцёле сьвятых Сымона і Алены ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі Высокадастойны Ўладыка Архібіскуп Марцін Відавіч. З ім саслужылі Апостальскі Візітатар БГКЦ у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), протапрасьвітар Андрэй Абламейка з менскімі грэка-каталіцкімі сьвятарамі а. Пахомам Кавалёвым, а. Яўгенам Усошыным, а. Аляксандрам Шаўцовым з Полацку і а. Андрэем Буйнічам з Ліды, а таксама менскія каталіцкія сьвятары лацінскага абраду – а. дэкан Пётр Бялевіч (OMI) і кс. дэкан Уладзіслаў Завальнюк – гаспадар касьцёлу. (Гл. фота).

Прысутнічаў таксама Пасол Рэспублікі Польшча ў Менску спадар Генрык Ліцьвін разам з дыпламатычным персаналам.

Казаньне прамовіў Сакратар Апостальскай Нунцыятуры манс. Крысьпін Дубель. Узгадаў ён, між іншым, гістарычнае значэньне словаў, якімі новаабраны Папа Ян Павел ІІ распачаў свой пантыфікат: «Ня бойцеся! Адчыніце шырока дзьверы Хрысту!»

Вернікі абодвух абрадаў супольна дзякавалі Госпаду за першасьвятарскае служэньне Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ і маліліся за Яго кананізацыю.

Пасьля сьв. Імшы некалькі хораў прадставілі музычную праграму для ўшанаваньня памяці Папы Яна Паўла ІІ.

а. Яўген Усошын, г.Менск
Паводле сайту Svjazep.org
Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)