Царква
Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:20)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Падзеі і сьвяты

Пакліканыя для дыяканскага служэньня ў БГКЦ

У траўні 2009 году духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы папоўнілася двума новымі дыяканамі. Для Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі іх высьвяцілі біскупы з Украіны.

Алесь Аўдзяюк, які родам з прыбужскага мястэчка Дамачава Берасьцейскага раёну, быў высьвячаны на дыякана 13 траўня 2009 году, у дзень успаміну цудоўнага зьяўленьня Маці Божай у Фаціме. Сьвячаньні яго адбываліся падчас Сустрэчы ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы, якая праходзіла ў Вужгарадзе – цэнтры Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі ў Закарпацьці. Падчас урачыстай архірэйскай багаслужбы дыяканскія сьвячаньні Алесю Аўдзеюку ўдзяліў Уладыка Мілан Шашык, біскуп Мукачаўскі, з якім ва Ўсьпенскай конкатэдры г. Мукачава разам саслужылі амаль чатыры дзясяткі біскупаў, у тым ліку Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар, шматлікія ўкраінскія, славацкія, італа-албанскія, румынскія, мараніцкія і інш. усходнія каталіцкія ярархі з 14 краінаў Еўропы, а таксама Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандрыт Сяргей (Гаек).

За новага дыякана БГКЦ на сьвячаньнях у Мукачаве малілася таксама невялікая група беларускіх вернікаў – старшыня івацэвіцкай парафіі іпадыякан Вячаслаў Гарчакоў і два беларускія грэка-каталіцкія семінарысты, якія вучацца ў Івана-Франкоўску.



16 траўня 2009 году, у дзень успаміну (па юльянскім календары) перастаўленьня вялебнага Тэадозія Пячорскага – пачынальніка супольнага манаскага жыцьця на ўсходнеславянскіх землях, Львоўські архібіскуп дастойны Ўладыка Ігар Возьняк у царкве сьв. Язафата паставіў у дыяканы двух рэдэмптарыстаў – украінца бр. Багдана Гелету і беларуса бр. Антона Нікалаева. Удзел у архірэйскай сьв. Літургіі ўзялі таксама Апостальські Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, вікары Львоўскай Правінцыі Чыну Найсьвяцейшага Адкупіцеля а. Пятро Баран і іншыя айцы і браты рэдэмптарысты, а таксама а. Ігар Кандрацьеў, парах парафії сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці, з якой паходзіць новавысьвячаны ерадыякан Антон Нікалаеў. На яго сьвячаньні прыехала некалькі дзясяткаў вернікаў БГКЦ з Берасьця, Менску, Івацэвічаў, Пінску, а таксама семінарысты, якія вучаццца ў Івана-Франкоўску, ды с.Вікторыя (Чэкан). Урачыстасьці сваім сьпевам суправаджала супольнасьць “Маран ата” з грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці.

Першае сваё дыяканскае служэньне для БГКЦ новавысьвячаны дыякан Алесь Аўдзяюк меў у Львове падчас ўдзяленьня дыяканскіх сьвячаньняў беларускаму манаху-рэдэмптарысту Антону (Нікалаеву), а ў Беларусі – у Горадні, 17 траўня, на парафіяльным сьвяце мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай.

Абодва дыяканы пакуль знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Дыякан Алесь жыве ў Айхштэце, што ў Баварыі, дзе сёлета заканчвае навучаньне на багаслоўскім факультэце мясцовага ўніверсітэту (сьпецыялізуецца на патралогіі). Дыяканскую практыку ён праходзіць ва Ўсходняй калегіі ў Айхштэце. Ерадыякан Антон знаходзіцца ў Львове ў манастыры айцоў-рэдэмптарыстаў, ён таксама заканчвае навучаньне – ва Ўкраінскім каталіцкім універсітэце.

Ігар Бараноўскі
Гэты артыкул чыталі 7 разоў (-ы)