Царква
Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:3)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Сьвятло Ўсходу

Бенядыкт XVI зьвярнуўся
да Патрыярха Барталамея
з заклікам аб супольным
 сьведчаньні веры

У Апостальскай Сталіцы было апублікавана пасланьне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI да Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея, якое абвясьціў падчас візіту ватыканскай дэлегацыі ў Стамбул (Турцыя) старшыня Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці кардынал Вальтар Каспэр. Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы наведала Стамбул 30 лістапада 2009 году з нагоды сьвята сьв. Андрэя, апостала.

У пасланьні Пантыфік падкрэсьліў, што супольнае сьведчаньне веры Каталіцкай і Праваслаўнай Царквы зьяўляецца асабліва важным у наш час, калі хрысьціянства сустракаецца з усё больш складанымі праблемамі. Сьвяты Айцец адзначыў, што гэтае сьведчаньне будзе больш дасканалым, калі ўсе тыя, хто верыць у Хрыста, будуць мець «адзінае сэрца і адзіную душу».

У гэтым кантэксьце Папа закрануў тэму каталіцка-праваслаўнага дыялогу, які дасягнуў значнага разьвіцьця на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Нягледзячы на тое, што канчатковая мэта яшчэ не дасягнута, аднак, паводле словаў Сьвятога Айца, зроблена ўжо нямала крокаў, якія дазваляюць паглыбіць сувязь паміж абедзьвюма Цэрквамі. Гэтай тэндэнцыі, як адзначана ў пасланьні, не павінна перашкаджаць меркаваньне тых, хто падкрэсьлівае гістарычную розьніцу паміж імі.

Бенядыкт XVI высока ацаніў таксама працу Міжнароднай зьмешанай камісіі па справах тэалагічнага дыялогу, апошняе пасяджэньне якой адбывалася на Кіпры. Папа падкрэсьліў, што ўдзельнікі пасяджэньня выказалі жаданьне працягваць працу, нягледзячы на існуючыя перашкоды і непаразуменьні. Сьвяты Айцец узгадаў пра асноўныя праблемы, што закраналіся падчас пасяджэньня камісіі, дзе разглядалася роля Папы Рымскага ў першым тысячагоддзі хрысьціянства.

«Каталіцкая Царква разумее служэньне сьв. Пятра як дар Госпада для сваёй Царквы, – падкрэсьліваецца ў пасланьні. – Гэтае служэньне нельга інтэрпрэтаваць у персьпектыве ўлады, але выключна ў межах эклезіялагічнай сулучнасьці як служэньня еднасьці ў праўдзе і любові. Біскуп Рыма-Каталіцкай Царквы, які кіруе Царквой у любові, разумеецца як Слуга Слугаў Божых». У гэтым кантэксьце Рымскі Архірэй заахвоціў да пошуку новых формаў, у якіх можа выконвацца служэньне Рымскага Папы.

Акрамя гэтага, у пасланьні была падкрэсьлена важнасьць супрацоўніцтва абедзьвюх Цэркваў, асабліва ў галіне абароны годнасьці чалавечай асобы, ва ўмацаваньні галоўных этычных прынцыпаў, усталяваньні справядлівасьці і спакою ў сьвеце, ліквідацыі голаду, нястачы, неадукаванасьці і несправядлівага падзелу матэрыяльных дабротаў. Сьвяты Айцец падкрэсьліў вялікую ролю Патрыярха Барталамея ў гэтай дзейнасьці, выказаўшы кіраўніку Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы свае найлепшыя пажаданьні ў дзень сьвята.
Паводле Catholic.By

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)