Царква
Ня крадзь
(8 запаведзь, Выхад 20:15)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Навіны хрысьціянскага сьвету

Бенядыкт XVI: сьвецкія вернікі павінны зьдзейсьніць “рэвалюцыю любові” ў сёньняшнім сьвеце

У жыцьці сучаснага сьвету неабходна сапраўдная “рэвалюцыя любові”, а зьдзейсьніць яе павінны сьвецкія вернікі, якія ўдзельнічаюць у грамадзкім жыцьці, – падкрэсьліў Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI у звароце да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэньня Папскай Рады па справах сьвецкіх на чале са старшынём ведамства кардыналам Станіславам Рылкам, якім удзяліў аўдыенцыю 21 траўня 2010 году.

Зьвяртаючыся да тэмы пасяджэньня Рады – “Сьведкі Хрыста ў палітычнай супольнасьці”,– Папа адзначыў, што “місіяй Царквы не зьяўляецца тэхнічная падрыхтоўка палітыкаў”. Адначасова, спасылаючыся на Другі Ватыканскі Сабор, Пантыфік падкрэсьліў, што часткай гэтай місіі зьяўляецца, тым ня менш, “выказваньне маральнага меркаваньня, у тым ліку пра справы, якія датычацца палітычнай сферы, асабліва там, дзе таго патрабуюць фундаментальныя правы чалавека або збаўленьне душаў, пры ўдзеле ўсіх тых дапаможных сродкаў, якія згодныя з Евангельлем і з агульным дабром”.

Задачай вернікаў, паводле словаў Сьвятога Айца, зьяўляецца “сьведчаньне ў асабістым і сямейным, грамадзкім, культурным і палітычным жыцьці, што вера дазваляе па-новаму і глыбей зразумець рэчаіснасьць і зьмяняць яе; што хрысьціянская надзея пашырае абмежаваныя гарызонты чалавека,… што любоў у праўдзе – наймацнейшая сіла, здольная зьмяніць сьвет; што Евангельле – гарантыя свабоды і прылада вызваленьня; што фундаментальныя прынцыпы навукі Царквы пра грамадзтва, такія, як годнасьць чалавечай асобы, дапамога і салідарнасьць, заўсёды актуальныя для пракладаньня новых шляхоў разьвіцьця ў служэньні кожнаму чалавеку і ўсім людзям”.

Як дадаў Бенядыкт XVI, палітыка – гэта сфера, “надзвычай важная для праяўленьня любові”, а значыць, “патрэбны палітыкі сапраўды хрысьціянскія, а разам з тым і сьвецкія вернікі, якія былі б сьведкамі Хрыста і Евангельля ў грамадзкай і палітычнай супольнасьці”.

Папа зьвярнуў увагу на пашырэньне хаатычнага культурнага рэлятывізму, а таксама ўтылітарнага і геданістычнага індывідуалізму ў сёньняшнім сьвеце. “Трэба адшукаць і ажывіць аўтэнтычную мудрасьць палітыкі… Неабходна сапраўдная “рэвалюцыя любові”,– сказаў Пантыфік.

Паводле Catholic.by

Гэты артыкул чыталі 45 разоў (-ы)