Царква
Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - іня будзе пачуты
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 21:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

"Чалавечая асоба – сэрца мiру"

"Чалавечая асоба – сэрца мiру" – гэткую тэму прапанаваў Папа Бенядыкт XVI у сваiм Пасланьнi з нагоды сьвяткаваньня 40-га Сусьветнага дня мiру, якi традыцыйна адзначаецца ў першы дзень новага году. Пасланьне Сьвятога Айца, падрыхтаванае iм сумесна з Папскай Радай "Iustitia et Pax", закранае надзвычай важнае пытаньне: каштоўнасьць чалавечай асобы. Па словах Папы, гэта – стоўп, на якiм трымаецца ўся канструкцыя вялiкага будынку мiру. "Я перакананы,– адзначае на пачатку свайго Пасланьня Бенядыкт XVI,– што, паважаючы асобу, абараняеш справу мiру, а ў будаваньнi мiру закладзены перадумовы для сапраўднага iнтэгральнага гуманiзму".

Пра чалавечую асобу i мiр

Бенядыкт XVI нагадаў, што чалавек створаны на вобраз i падабенства Бога (Быц 1, 27). Менавiта гэты факт зьяўляецца крынiцай i падставай годнасьцi чалавека. З гэтага дару Бога вынiкае таксама i заданьне для ўсяго чалавецтва: "узрастаць у здольнасьцi да любовi i садзейнiчаць прагрэсу ўсяго сьвету, аднаўляючы яго ў духу справядлiвасьцi й мiру".

Папа падкрэсьлiў важнасьць прызнаньня i шанаваньня гэтага натуральнага права, якое зьяўляецца фундаментам для дыялогу памiж вернiкамi розных рэлiгiяў, а таксама памiж веруючымi i няверуючымi. У асаблiвы спосаб Бенядыкт XVI зьвярнуў увагу на тое, што асноўным аргументам для iснаваньня "маральнай логiкi" ёсьць рацыянальнасьць нашага сьвету: "Мы верым, што ў вытоках знаходзiцца спрадвечнае Слова, Розум, а не Iррацыянальнасьць".

Пра каштоўнасьць жыцьця i свабоду веравызнаньня

У Пасланьнi гаворыцца, што Царква заўсёды патрабуе пашаны права на жыцьцё i рэлiгiйную свабоду кожнага чалавека. Асаблiва падкрэсьлiваецца, што гэтыя правы не знаходзяцца ў сферы заканадаўчай улады чалавека. Для мiру неабходна, каб дакладна была акрэсьлена мяжа памiж тым, што зьяўляецца для чалавека даступным, а што не; што чалавек у сiстэме каштоўнасьцяў зьмянiць можа, а што не. Далей у Пасланьнi пералiчана ўсе тыя зьявы, якiя супярэчаць жыцьцю i ставяць супрацiў устанаўленьню сапраўднага мiру. Сярод iх ня толькi ўзброеныя канфлiкты, тэрарызм, шматлiкiя формы прымяненьня сiлы, але таксама i цiхiя сьмерцi ў вынiку голаду, аборты, эксперыменты над чалавечымi эмбрыёнамi, эўтаназiя...

Адносна права чалавека на свабоднае выяўленьне сваёй веры Папа з сумам канстатуе той факт, што сёньня ў сьвеце хрысьцiяне, а таксама пасьлядоўнiкi iншых рэлiгiяў часта сутыкаюцца з рознымi абмежаваньнямi для публiчнага i свабоднага вызнаньня ўласных рэлiгiйных перакананьняў. У некаторых дзяржавах, адзначае Папа, хрысьцiяне нават перасьледуюцца. Iснуюць рэжымы, якiя маюць канфесiйны характар, дзе ўсiм грамадзянам накiдваюць адзiную рэлiгiю, а iншыя рэжымы – рэлiгiйна-абыякавыя – займаюцца сiстэмным культурным высьмейваньнем рэлiгiйных перакананьняў чалавека. Усё гэта парушэньнi важных падставовых правоў чалавека, што "ня можа не нараджаць менталiтэт i культуру, негатыўныя для справы мiру".

"Экалогiя мiру" i канцэпцыя чалавека

Бенядыкт XVI зазначае, што побач з экалогiяй прыроды неабходна зьвярнуць увагу на экалогiю, якую можна назваць "чалавечай", i якая, у сваю чаргу, патрабуе "экалогii сацыяльнай". Чалавечае iснаваньне шчыльна зьвязана з сiтуацыяй у навакольным асяроддзi i наадварот. Як яскравы прыклад такой сувязi Папа гаворыць пра энэргетычныя пастаўкi: некаторыя краiны моцна ўзбагацiлiся, а ў iншых рэгiёнах планеты людзi жывуць вельмi бедна, бо разьвiцьцё iх краiнаў заблакаванае падвышэньнем коштаў на энэрганосьбiты.

У гэтым кантэксьце Папа кажа пра неабходнасьць фармаваньня экалогii чалавека. Гэта мажлiва толькi на цьвёрдым груньце здаровай канцэпцыi чалавека, несапсаванай iдэалагiчнай i культурнай перадузятасьцю або палiтычна-эканамiчнымi iнтарэсамi. Побач з канцэпцыяй чалавека недапушчальна дазволiць разьвiцца канцэпцыям Бога, якiя б несьлi ў сабе непрыманьне i агрэсiю да iншых людзей. "Вайна ў iмя Божае непрымальная анi ў якiм разе!"– падкрэсьлiвае Папа. Такога тыпу канцэпцыя ўжо сама ў сабе сталася iдэалогiяй.

Паводле Папы памылковая канцэпцыя чалавека вынiкае перш за ўсё з абыякавасьцi да таго, што ёсьць сапраўднай прыродай чалавека. Менавiта адмаўленьне асаблiвасьцi чалавечай прыроды адкрывае шляхi да экстравагантных iнтэрпрэтацыяў асноўных чыньнiкаў чалавечага быцьця.

Правы чалавека i мiжнароднае гуманiтарнае права

Папа зьвяртае ўвагу, што "сапраўдны i трывалы мiр грунтуецца на пашане да правоў чалавека". Але гэтая пашана немагчымая, калi ня будзе яснага ўяўленьня пра чалавека. Чалавечай асобе, сьцьвярджае Папа, уласьцiвы "непарушная годнасьць i правы, сапраўдныя заўсёды, паўсюль i для ўсiх". Заданьне мiжнародных арганiзацыяў – не губляць з вачэй менавiта аснову правоў чалавека. Гэтая аснова – прырода чалавека, якая створана Богам.

У сваiм пасланьнi Сьвяты Айцец адзначае, што ў апошнiя часы неаднаразова было парушана мiжнароднае гуманiтарнае права, якое датычыць, мiж iншым, паводзiнаў дзяржаваў падчас вайны. Як канкрэтны прыклад Бенядыкт XVI указвае на сiтуацыю ў паўднёвым Лiване, дзе абавязак абараняць i дапамагаць бязьвiнным ахвярам, не ўцягваць у збройны канфлiкт грамадзянскае насельнiцтва ў значнай ступенi ня быў выкананы. Таксама Папа кажа пра новыя праблемы i выклiкi, якiя ставiць перад сусьветнай цывiлiзацыяй пагроза тэрарызму, iснаваньне якога патрабуе паглыбленага разважаньня пра этычныя абмежаваньнi што да выкарыстаньня наяўных сёньня сродкаў абароны нацыянальнай бясьпекi. Бо ўсё часьцей узброеныя канфлiкты не аб'яўляюцца, асаблiва, калi iх правакуюць тэрарыстычныя групы, якiя вырашылi любымi сродкамi дасягнуць уласных мэтаў. Моцную занепакоенасьць выклiкаюць таксама й спробы некаторых дзяржаваў займець ядзерную зброю, што стварае атмасферу няўпэўненасьцi i страху ў грамадзтве перад магчымасьцю атамнай катастрофы. Папа настойлiва заклiкае выкарыстаць усе магчымыя шляхi, каб дабiцца нераспаўсюджваньня, скарачэньня i лiквiдацыi ядзернай зброi, якая ставiць на кон лёс чалавецтва.

Царква ў абароне асобы чалавека

Напрыканцы свайго Пасланьня Бенядыкт XVI зьвяртаецца да ўсiх хрысьцiянаў з заклiкам, каб кожны быў "нястомным мiратворцам i мужным абаронцам годнасьцi чалавечай асобы i яе неад'емных правоў". Iсус адкрыў нам, што "Бог ёсьць любоў" (1 Ян 4, 8) i да яе Госпад заклiкае кожнага чалавека. У Хрысьце трэба бачыць рацыю быцьця i аснову мiру ды iншых вышэй узгаданых вартасьцяў. "Няхай жа Марыя пакажа нам у Сваiм Сыне Шлях супакою, няхай прасьвятлiць вочы нашыя, каб яны былi здольныя распазнаць Яго Аблiчча ў аблiччы кожнай асобы",– заканчвае сваё Пасланьне Бенядыкт XVI.

айцец Андрэй БУЙНIЧ


Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)