Царква
Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Бенядыкт XVI у Бразіліі

Пяць дзён – з 9 па 13 траўня 2007 году – праходзіў візіт Папы Бенядыкта XVI у Бразілію. Гэта было першае заакіянскае падарожжа Бенядыкта XVI. Папа адзначыў, што бразільскі ды іншыя лацінаамерыканскія народы зьяўляюцца “вартаўнікамі хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і надзеяй Каталіцкай Царквы”.

Сярод публікацыяў, якія можна было сустрэць у СМІ на тэму папскага візіту, настойліва паўставала адно і тое ж пытаньне: чаму для першага падарожжа Папы на іншы кантынент была абрана менавіта Бразілія?

Па-першае, Бразілія – гэта адна з найвялікшых краінаў сьвету з насельніцтвам больш за 180 мільёнаў, з іх – 155 мільёнаў чалавек лічаць сябе каталікамі. Вось жа гэта ёсьць самая вялікая каталіцкая краіна. І адначасова тут існуе незвычайна вялікі разрыў, які датычыць узроўню жыцьця паміж беднымі і багатымі.

Другой важнай прычынай можна назваць разьвіцьцё ў гэтым рэгіёне гэтак званай тэалогіі вызваленьня. Яна была распрацаваная ў 1960-70-ыя гады лацінаамерыканскімі рыма-каталіцкімі сьвятарамі і зьявілася як рэакцыя на велізарную сацыяльна-эканамічную несправядлівасьць, якая панавала ў гэтым рэгіёне. Тэалогія вызваленьня – дактрына з радыкальным левым сацыяльна-палітычным ухілам. У свой час яна выклікала вялікія дыскусіі ў Каталіцкай Царкве, але таксама прымусіла яе заняцца грунтоўнай распрацоўкай сацыяльнай канцэпцыі. Кангрэгацыя навукі веры, якую ўзначальваў кардынал Ёзаф Рацынгер – цяперашні Папа Бенядыкт XVI,– выдала два дакументы, дзе падсумавала вынікі дыскусіі і асудзіла асноўныя палажэньні тэалогіі вызваленьня. Тым ня менш, яна ўсё яшчэ мае нямала прыхільнікаў.

Трэцяя прычына – гэта імклівае разьвіцьцё пратэстантызму і сектанства. Паводле розных ацэнак, ад 15% да 18% бразільцаў зьяўляюцца пасьлядоўнікамі розных пратэстанцкіх дэнамінацыяў і сектаў, а прапаведнікаў-некатолікаў у краіне, як сьцьвярджаюць некаторыя аналітыкі, у 3,7 разы больш, чым каталіцкіх сьвятароў. Адным з першых крокаў Папы па прыезьдзе ў Бразілію была кананізацыя манаха-франціш­канца Антоніа дэ Сант’Ана Гальвао (Antonio de Sant’Ana Galvao), пра якую Бенядыкт XVI аб’явіў падчас імшы, якую ён адслужыў на галоўным стадыёне Сан-Паўла. Гэткім чынам, Бразілія атрымала першага “тутэйшага” сьвятога. Малітвамі брата Антоніа Гальвао, які жыў у 1739-1822 гг., вось ужо больш за дзьвесьце гадоў бразільцы атрымліваюць ацаленьні ад розных хваробаў. Папа прывёў жыцьцё Гальвао як прыклад для вернікаў і супрацьпаставіў яго сучаснаму сьвету, “перанасычанаму геданізмам”. Да гэтага ён дадаў, што неабходна супрацьстаяць высьмейваньню такіх каштоўнасьцяў, як перадшлюбная чысьціня і таямніца шлюбу.

Наступная навука Папы была сфармулявана падчас Канферэнцыі епіскапату Лацінскай Амерыкі і краінаў Карыбскага басейну ў мястэчку Апарэсіда, што за 170 км ад Сан-Паўла. Навука закранала вышэйадзначаныя праблемы, і яе можна акрэсьліць як наступныя папскія контрапункты: “не” марксізму, “не” аўтарытарным рэжымам, “не” абортам і наркотыкам, а таксама асьцярога ад манапалізацыі, пагроза якой зьявілася ў кантэксьце сусьветнай глабалізацыі. Папа адзначыў: “Як капіталізм, гэтак і марксізм паабяцалі знайсьці шлях да справядлівага ладу, сьцьвярджаючы, што індывідуальная мараль непатрэбная, бо ёй на зьмену прыйдзе мараль грамадзкая. Як паказалі факты, гэтыя ідэалагічныя абяцаньні былі фальшывымі”. “Марксісцкая сістэма, там дзе была пры ўладзе, пакінула пасьля сябе ня толькі сумную спадчыну ў выглядзе эканамічнага ўпадку і экалагічных бедаў, але і балеснае зруйнаваньне духу”. Тое ж самае мы бачым на Захадзе, дзе павялічваецца разрыў паміж беднымі й багатымі, і дзе пры дапамозе наркотыкаў, алкаголю ды падманлівых міражоў фальшывага шчасьця адбываецца дэградацыя годнасьці чалавечай асобы, якая выклікае непакой”,– дадаў Сьвяты Айцец.

На тэму глабалізацыі Бенядыкт XVI выказаўся наступным чынам: “У сучасным сьвеце феномен глабалізацыі зьяўляецца зьявай планетарнага характару, і хоць у некаторых асьпектах яна ідзе на дабро вялікай чалавечай сям’і і паказвае яе глыбокае імкненьне да еднасьці, тым ня менш, глабалізацыя пагражае рызыкай манапалізацыі і ўзьнясеньня ўзбагачэньня як найвышэйшай каштоўнасьці”.

Паводле электронных СМІ падрыхтаваў
а. Андрэй Буйніч

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)