Царква
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 1:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Івацэвічы: Сустрэча сяброў «Каны»

Так сталася, што сёлета не было ў Беларусі сэсіі «Каны» — адмысловай праграмы духовай фармацыі сужэнстваў, якую праводзіць Супольнасьць «Chemin Neuf». Таму і кола сяброў «Каны» не павялічылася. Але, калі мы атрымалі блаславеньне Апостальскага Візітатара на ўік-энд «Канны» ў Івацэвічах, выявілася, што дзесяці дзён для большасьці з нас дастаткова, каб падрыхтавацца, уладкаваць свае штодзённыя справы і знайсьці час для спатканьня 3-4 лістапада 2007 г.

На ўік-энд «Каны» прыехалі сем’і з Берасьця, Менску, сужэнства Ахматавых з Барысава (Юры — на наступны дзень пасьля хірургічнай аперацыі), а таксама а. Алесь Шаўцоў з жонкай Тацянай з Горадні. Гасьціннымі гаспадарамі сустрэчы былі сем’і Гарчаковых і Ракоўскіх з Івацэвічаў.

Крыніцай разважаньняў на сустрэчы паслужылі два артыкулы: «Небясьпека актывізму» а. Хассо Баера і «Варта бласлаўляць» а. Анджэя Бжазоўскага.

Толькі едучы ў Івацэвічы мы сьцямілі: апякункамі гэтага спатканьня будуць біблійныя сёстры Марта і Марыя. Паспрабуем разам паразважаць і памаліцца, каб навучыцца лепш спалучаць служэньне Марты і служэньне Марыі ў сужэнстве, у Царкве ды ў грамадзтве!

Мы з радасьцю маліліся на Боскай Літургіі і Вячэрні, мелі час на асабістую і сужэнскую малітву, а таксама на споведзь. Сям’я Ахматавых склала сьведчаньне пра блаславенства і неблаславенства, а Шаўцовы распавялі, як ім даводзіцца аб’ядноўваць служэньні Марты і Марыі ў штодзённым жыцьці.

У нядзелю, 4 лістапада, мы маліліся на Боскай Літургіі разам з вернікамі Івацэвіцкай парафіі і глядзелі фільм «Супольнасьць «Chemin Neuf» у Кіншасе».

У парафіяльным доме ў Івацэвічах нам было вельмі ўтульна. Душпастыру — а. Ігару і ўсёй івацэвіцкай парафіі — «Вялікі дзякуй»!

Гэта вялікі Божы дар — ісьці разам па жыцьці, сустракацца з сябрамі. А мы — сапраўды сябры, якіх блізка пазнаёміла і паяднала «Кана».

Сяргей Панасевіч,
г.Берасьце

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)