Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Сьвятло Ўсходу

Юбілей Зьверхніка УГКЦ

Свой дзень народзінаў – 26 лютага – Уладыка Любамір Гузар, Першаярарх УГКЦ, Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі, правёў як звычайна, на сваім працоўным месцы. Сьвяткаваньне адбылося ў нядзелю, 2 сакавіка 2008 году. На гэтай урачыстасьці ў Кіеве вернікі УГКЦ віншавалі свайго духоўнага Бацьку – Яго Блаславенства Любаміра Гузара – з 75-годдзем, а таксама з 50-годдзем сьвятарства, бо 30 сакавіка 1958 году ў Стэмфардзе (ЗША) ён быў высьвячаны на сьвятара.

Галоўным сьвяточным дзействам гэтага дня была падзячная Архірэйская Боская Літургія, якая была адслужана ў храме сьв. Васіля Вялікага ў Кіеве. Яе, у саслужэньні з Архібіскупам Іванам Юркавічам, Апостальскім Нунцыем ва Ўкраіне, Уладыкам Ігарам Возьнякам, Архібіскупам Львоўскім, Улыдыкам Мечыславам Макшыцкім, Архібіскупам-каад'ютарам Львоўскай архідыяцэзіі РКЦ ва Ўкраіне, іншымі біскупамі Грэка- і Рыма-Каталіцкай Царквы, шматлікімі сьвятарамі (на юбілей былі запрошаныя ўсе дэканы УГКЦ з Украіны), адслужыў сам юбіляр Яго Блаславенства кардынал Любамір Гузар. Шматлікае духавенства і вернікі, што напоўнілі храм, мелі нагоду сумесна дзякаваць Госпаду і маліцца за Божае блаславеньне для Вярхоўнага Архіпастыра Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

У казаньні, якое прамовіў падчас урачыстай Літургіі Ўладыка Дыянісі Ляховіч, ён так ахарактарызаваў жыцьцё і служэньне Першаярарха УГКЦ: «Жыцьцё Яго Блаславенства – гэта пастаянная вандроўка насустрач іншым. Я ня маю на ўвазе яго частыя падарожжы ў розныя краіны. Гэта хутчэй вандроўка насустрач людзям, здольнасьць кантактаваць з рознымі катэгорыямі людзей.

Ва ўсіх кантактах Яго Блаславенства праяўляецца глыбокая мудрасьць, сімпатыя, іх пранізвае здаровы гумар. Яго Блаславенства мае праблемы са зрокам, але ж цешыцца праніклівым сьвятлом мудрасьці, памяці і веры; веры чыстай, шчырай, адкрытай, прадбачлівай. З яго постаці выпраменьваецца лагоднасьць, спакой, сімпатыя, бацькоўская любоў, і гэта заўважаюць усе – нават дзеці. Прыкладам гэтага ёсьць тое, што сталася ў аэрапорце ў Сан-Паўла. Сядзела мама з дачушкаю. Малая зацікавілася Яго Блаславенствам, падыходзіць да яго і пытаецца: «Ты часам не сьвяты Мікалай?»

Усе ведаюць, што Яго Блаславенства дасканала размаўляе на розных мовах. Але я думаю хутчэй пра дар – пра харызму Сьвятога Духа, якая дае магчымасьць гаварыць рознымі мовамі: моваю дзіцяці і простага чалавека; моладзі і старэйшых; моваю палітыкаў і дзяржаўных лідараў, моваю творцаў культуры і навукі; моваю Царквы; і пра здатнасьць весьці экуменічны дыялог. Дар мовы, які дае магчымасьць карыстацца сучаснымі медыйнымі сродкамі камунікацыі. Мова, якая не баіцца прамовіць у абарону тых, што ня маюць голасу. Прарочая мова, якая праяўляецца ў прыватнасьці ў пастырскіх лістах, якая падтрымлівае тых, што церпяць, і не баіцца асуджаць грэх, несправядлівасьць, карупцыю ды іншыя маральныя хібы грамадзтва. Мова прарочая, якая гаворыць пра Бога ў грамадзтве бяз Бога і супраць Бога. Мова прарочая, якая прамаўляе нават тады, калі маўчыць. Яго Блаславенства гаворыць шмат і піша шмат, бо ў свой час навучыўся маўчаць»,– падкрэсьліў прапаведнік.

Пасьля Боскай Літургіі вітальную прамову ад імя Сьвятога Айца Бенядыкта XVI меў Апостальскі Нунцый ва Ўкраіне Архібіскуп Іван Юркавіч, ад сваіх братоў у біскупстве Яго Блаславенства кардынала Любаміра віншавалі Архібіскуп Львоўскі Ўладыка Ігар Возьняк, а ад імя рыма-каталіцкіх біскупаў – Уладыка Станіслаў Шырокарадзюк.

У гэты дзень сьвяткаваньня юбілею Першаярарха УГКЦ у храме маліліся таксама Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны і члены Кабінету Міністраў Украіны.

Падчас свайго кароткага слова Зьверхнік УГКЦ сказаў, што для яго гэты дзень ёсьць днём падзякі Госпаду за ўсе Яго дабрадзействы. «Сёньня я хачу з поўнай перакананасьцю заявіць, што ўсё дабро, якое ў жыцьці я атрымаў, і ўсё дабро, якое мог зрабіць,– ёсьць дарам Божым»,– сказаў юбіляр.

Прыгожым працягам юбілейных урачыстасьцяў стаў сьвяточны вечар у Нацыянальнай оперы Ўкраіны імя Т.Шаўчэнкі, дзе прысутнічаў Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка з сужонкай, а такасама іншыя высокія ўкраінскія ўрадоўцы. Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў Першаярарха УГКЦ Уладыку Любаміра Гузара ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені – за значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэньне ўкраінскага народу і шматгадовую царкоўную дзейнасьць. Зьвяртаючыся да Зьверхніка УГКЦ, Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка адзначыў: «Вашае падзьвіжніцтва, апостальская руплівасьць, пастырская мудрасьць і цеплыня заслужылі глыбокую пашану ня толькі нашых суайчыньнікаў, але і ўсёй Хрыстовай Царквы». Да гэтых словаў украінскага прэзідэнта шчыра далучаюцца і ўсе беларускія грэка-католікі, праўдзівым сябрам якіх ёсьць Уладыка Любамір, ды зычаць Яго Блаславенству «Многія леты!»

Паводле Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)