Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

Сустрэча грэка-каталіцкіх ярархаў у
санктуарыюме ў Марыяпоўч

20-22 траўня 2008 г. у грэка-каталіцкім Сантуарыюме Багародзіцы ў г.Марыяпоўч (усходняя Вугоршчына) прайшла чарговая, штогадовая Сустрэча Ўсходніх Каталіцкіх Ярархаў Еўропы (на лацінскай мове яна называецца Conventus Hierarcharum Orientalium Catholicorum Europae, адкуль і скарочаная назва форуму — CHOCE).

Удзельнічалі ў ёй ярархі 10 грэка-каталіцкіх Цэркваў “свайго права” (або іх прадстаўнікі). Не змаглі прыбыць біскупы з Македоніі, Харватыі, Грэцыі, Сіцыліі, Францыі, Германіі ды Вялікабрытаніі. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву прадстаўляў Апостальскі Візітатар Архім. Сяргей (Гаек).

Быў гэта сапраўды высокі прадстаўнічы форум, у якім удзельнічалі 3 архібіскупы, 20 біскупаў, 6 архімандрытаў. Прыбылі яны на запрашэньне Апостальскага Адміністратара Вянгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы (эмерытаванага біскупа япархіі Гайдудораг ды Апостальскага Экзархату Мішкальц) Уладыкі Сіларда (Канстанціна) Кэрэстэша. У сустрэчы ўдзельнічаў таксама новапрызначаны біскуп ВГКЦ Уладыка Філіп Кочыш.

Сустрэчы CHOCE – гэта нефармальная форма, у якой ярархі ўдзельнічаюць дабраахвотна. Духоўным кіраўніком гэтых сустрэчаў зьяўляецца Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Любамір (Гузар). Па стану здароўя ён ня мог удзельнічаць у чарговым форуме ўсходніх ярархаў у Марыяпоўч, таму роля мадэратараў выпала мясцоваму вугорскаму ярарху Ўладыку Канстанціну (Кэрэстэшу) ды мітрапалітам Яну (Мартыняку) з польскага Перамышля і Яну (Баб’яку) з славацкага Прэшава.

Уся праца падчас сустрэчы была сканцэнтравана на багаслоўска-пастаральных праблемах сакраманту споведзі. Выклады на гэтую тэму рабілі рэктар Папскай Грэцкай калегіі архімандрыт праф. Манэль Нін, рэктар Папскага Ўсходняга інстытуту ў Рыме ераманах праф. Кіріла Васіль ды два прафесары Багаслоўскага інстытуту сьв. Атанасія ў г.Ньірэдзьгаза (Вугоршчына).

Вялікая вартасьць форуму ў Марыяпоўч у тым, што ён даў чарговую магчымасьць свабодна, нефармальна сустрэцца ярархам амаль усіх грэка-каталіцкіх Цэркваў Еўропы і абмеркаваць надзённыя пытаньні. Вечарам кожнага дня ярархі служылі Боскую Літургію ў прысутнасьці шматлікіх вернікаў. Багаслужба адбывалася па чарзе ў трох мовах і трох месцах: у марыйным санктуарюме ў Марыяпоўч яна правілася па-ўкраінску, у Ньірэдзьгазе (у прысутнасьці вянгерскага рыма-каталіцкага кардынала Пэтэра Эрдзё, старшыні CCEE – Рады Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы, які прамовіў казаньне) – па-вугорску, а ў г.Гайдудораг літургія была на царкоўнаславянскай мове. Сустрэча CHOCE-2008 у Марыяпоўч дала ўдзельнікам каштоўны духовы вопыт еднасьці ды братэрства.

На фота:

1. Урачыстая працэсія ўсходне-каталіцкіх ярархаў у санктуарыюме Маці Божай у Марыяпоўч (Венгрыя).

2. Марыяпоўч (Венгрыя), 20.05.2008. Малітва ўсходне-каталіцкіх ярархаў перад пачаткам сустрэчы.

3. Санктуарыюм у Марыяпоўч (Венгрыя). Удзельнікі Сустрэчы ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы ля цудатворнай іконы Маці Божай.

4. Грэка-каталіцкія ярархі падчас багаслоўска-пастаральных выкладаў.
Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)