Царква
Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Падзеі і сьвяты

Адкрыцьцё Году сьв. Паўла ў Рыме

28 чэрвеня 2008 г. у рымскай базыліцы сьв. Паўла «за мурамі горада» Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI адкрыў Год сьв. Апостала Паўла. Год сьв. Паўла мае экуменічны характар, таму ў цырымоніі адкрыцьця ўдзельнічаў таксама Канстанцінопальскі Патрыярх Яго Сьвятасьць Бартламей I і высокія ярархі іншых хрысьціянскіх Цэркваў: праваслаўных (у тым ліку РПЦ з Украіны), дахалкідонскіх (нехалкідонскіх), англіканскай і пратэстанцкіх.

Ва ўрачыстай Вячэрні падчас адкрыцьця гэтага юбілейнага году ўдзельнічалі шматлікія ярархі (кардыналы, біскупы) Каталіцкай Царквы, сярод іх і грэка-каталіцкі мелхіцкі Патрыярх Антыёхіі Яго Блаславенства Рыгор III.

У нядзелю, 29 чэрвеня 2008 г., ва ўрачыстасьць сьвятых Вярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла, у базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане, Папа Бенядыкт XVI, згодна з традыцыяй, наклаў на плечы новапрызначаных мітрапалітаў паліюм, знак іх мітрапалічай улады.

Сярод мітрапалітаў, якія атрымалі паліюм, быў Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі (на здымку) і Мітрапаліт Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Архібіскуп Прэшаўскі Ўладыка Ян Бабяк.

У гэтых урачыстасьцях удзельнічалі з Беларусі Біскуп Віцебскай Дыяцэзіі Ўладыка Ўладзіслаў Блін і Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) разам з групай пілігрымаў, якія адмыслова прыбылі у Рым.

На фота:

1. Рым, базыліка сьв. Паўла, 28.06.2008. Папа Бенядыкт XVI і Патрыярх Бартламей I на адкрыцьці Году сьв. Паўла.

2. 29.06.2008. Папа Бенядыкт XVI вітае мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пасьля атрыманьня паліюма.

3. Рым, 28.06.2008. Ярархі ўсходніх Цэркваў вітаюць Папу Бенядыкта XVI.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)