Царква
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Навіны хрысьціянскага сьвету
 
У Пінскай семінарыі вывучаюць усходні абрад

11 лютага 2009 году ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай рыма-каталіцкай семінарыі імя сьв. Тамаша Аквінскага ў Пінску ўпершыню была адслужана Боская Літургія ў візантыйскім абрадзе. Многія рыма-каталіцкія семінарысты ўпершыню змаглі ўзяць удзел і на практыцы пазнаёміцца з усходняй літургіяй. Узначальваў набажэнства грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні а. Андрэй Крот, з якім саслужылі 6 сьвятароў лацінскага абраду.

Трэба адзначыць, што ў міжваенны час Пінск быў значным цэнтрам унійнага руху: тут адбываліся Унійныя канферэнцыі, у Пінскай семінарыі быў унійны гурток і асобная бібліятэчка, прысьвечаная Уніі, семінарысты (сярод іх былі і будучыя сьвятары ўсходняга абраду) знаёміліся з усходняй літургікай і багаслоўем, традыцыйнымі былі ўрачыстыя набажэнствы ва ўсходнім абрадзе ў дзень памяці сьв. Андрэя Баболі і сьв. Язафата, а пад Пінскам у Зарэччы (Церабунь) дзейнічаў грэка-каталіцкі жаночы манастыр і парафія.

Для сёньняшніх навучэнцаў старэйшых курсаў Пінскай семінарыі айцец Андрэй Крот прачытаў невялікі курс лекцыяў. На іх семінарысты пазнаёміліся з духоўнай спадчынай хрысьціянскага Ўсходу, паглыбілі свае веды ў галіне візантыйскай літургіі, даведаліся пра дасягненьні ўсходняй тэалогіі і антрапалогіі. Ад часоў хрысьціянскай старажытнасьці існавалі розныя тэалагічныя плыні. На Ўсходзе была прынята канцэпцыя, паводле якой сэнсам прыйсьця Хрыста на зямлю было «абагаўленьне» чалавека – павелічэньне ў ім духоўнага элементу, на што і павінна быць накіравана духоўнае жыцьцё кожнага хрысьціяніна.

На фота: Айцец Андрэй Крот правіць Боскую Літургію паводле ўсходняга абраду для рыма-каталіцкіх семінарыстаў.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)