Царква
I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны
(Кніга Эклезіяста 9:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Навіны хрысьціянскага сьвету

Сустрэча ўсходніх
каталіцкіх ярархаў Еўропы
ў Вужгарадзе

Багаслоўскім, літургійным і пастаральным асьпектам Тайны сьвятарства была прысьвечана сустрэча біскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы, якая 12-14 траўня праходзіла ў Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі на Закарпацьці.

Гэта ўжо шостая падобная сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў. Яны пачалі праводзіцца з 1997 году, а з 2004 году адбываюцца штогод, і кожная з іх прысьвечана пэўнай тэматыцы. Сёлета сустрэча ўсходніх-каталіцкіх ярархаў упершыню адбывалася пад патранатам Рады Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы.

У сустрэчы ў Вужгарадзе ўзялі ўдзел 38 ярархаў з 14 Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы. Гэта найбольшая колькасьць удзельнікаў за ўсю гісторыю правядзеньня такіх сустрэчаў. Акрамя біскупаў УГКЦ (з Украіны, Польшчы, Нямеччыны, Францыі і Італіі) на чале са сваім Першаярархам кардыналам Любамірам Гузарам, прыехалі грэка-каталіцкія ярархі з Славакіі, Румыніі, Чэхіі, Грэцыі, Венгрыі, Італіі, Босьніі, Балгарыі, Беларусі, а таксама мараніцкі архібіскуп Кіпру. БГКЦ на форуме прадстаўляў Апостальскі Візітатар архімандрыт Сяргей (Гаек). На адкрыцьці прысутнічаў таксама Апостальскі нунцый ва Ўкраіне архібіскуп Іван Юркавіч.

Усе пленарныя паседжаньні і праца ў рабочых групах праходзілі ў памяшканьні Вужгарадзкай грэка-каталіцкай багаслоўскай акадэміі імя блаславёнага Тэадора Ромжы.

У першы дзень сустрэчы ўладыкі заслухалі два даклады: праф. Пятра Галадзы пра Тайну хросту з Боскай Літургіяй і праф. Манэля Нін, ЧСВ, пра багаслоўскія і літургійныя асьпекты Тайны сьвятарства. Пасьля абеду ярархі наведалі базыльянскі манастыр з цудатворнай іконай Маці Божай у Бараняве і адслужылі Боскую Літургію ў г. Хуст.

Другі дзень сустрэчы распачаўся дакладам праф. Цырыла Васіля, SJ "Правы і абавязкі біскупа і сьвятара". Яму былі складзены віншаваньні і пажаданьні ў сувязі з яго намінацыяй на пасаду Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў і наданьнем годнасьці архібіскупа. У гэты ж дзень усходнія каталіцкія ўладыкі разам з сьвятарамі і ў прысутнасьці вялікай колькасьці мясцовых вернікаў адслужылі Боскую Літургію ў Сьвятаўсьпенскай конкатэдры ў Мукачаве, на якой для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якая сёньня яшчэ ня мае ўласнага біскупа, быў высьвячаны на дыякана беларускі семінарыст Алесь Аўдзяюк. Сьвячаньні ўдзяліў яму мукачаўскі япарх Уладыка Мілан (Шашык). Пасьля архірэйскай літургіі ўсе ўладыкі ўдзялялі блаславеньне сужэнскім парам, што зьяўляецца ўжо шматгадовай традыцыяй у Мукачаве.

У трэці і апошні дзень сустрэчы ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы ўдзельнікі выслухалі даклад а. Роберта Ягера пра сьвятарства ў сьв. Паўла і сустрэліся з кардыналам Пятром Эрдо, Старшынём Канферэнцыі Біскупаў Еўропы. Заключнай кропкай форуму ўсходніх каталіцкіх ярархаў стала Боская Літургія ў грэка-каталіцкай катэдры ў Вужгарадзе, якую ўзначальваў мітрапаліт Прэшаўскі архібіскуп Ян Бабяк. Казаньне падчас багаслужбы прамовіў курыяльны біскуп Вярхоўнага Архібіскупа ў Румыніі Васіле Бізау.

У апошні дзень сустрэчы ярархі ўзялі ўдзел таксама ў асьвячэньні памятнага знаку на ўспамін пра выхад з падпольля Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі. Помнік быў устаноўлены ў Вужгарадзе, паблізу капліцы ў мясцовасьці Кальварыя, дзе ўпершыню пасьля доўгіх гадоў перасьледу ў савецкія часы была публічна адслужана Боская Літургія.

Распавядаючы Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ пра сёлетнюю сустрэчу ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы і мэту падобных спатканьняў, Першаярарх УГКЦ кард. Любамір Гузар сказаў: "Звычайна нашыя зьезды маюць падвойны характар: мы, калі ёсьць такая магчымасьць, зьбіраемся ў цудатворных месцах, каб разам зьдзейсьніць супольнае паломніцтва і мець нагоду для супольнай малітвы; іншай мэтай зьяўляецца жаданьне лепш пазнаць традыцыю Ўсходняй Царквы. Для гэтага ў апошнія гады мы разважаем над Сьвятымі тайнамі". Яшчэ адным заданьнем такіх форумаў усходніх каталіцкіх ярархаў, паводле Зьверхніка УГКЦ, стварэньне нагоды быць разам, бо ня ўсе біскупы, як ва Ўкраіне, маюць свой Сінод, а некаторыя ёсьць самыя. Таму, адзначыў кардынал Любамір, мы "разам раздумваем, якім ёсьць іхняе заданьне, як яны павінны дзяліцца сваёй усходняй духоўнасьцю з біскупамі Рыма-Каталіцкай Царквы".

На фота:
1. Мукачава (Украіна), 13.05.2009. Уладыка Мілан (Шашык) удзяляе семінарысту БГКЦ Алесю Аўдзеюку дыяканскія сьвячаньні.
2. Мукачава (Украіна), 14.05.2009. Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей Гаек і беларускія грэка-католікі з новым Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх ЦэркваўУладыкам Кірылам (Васілём) і грэцкім біскупам Дзімітрыясам Салахасам.
На фота: 12-14.05.2009. Набажэнствы з удзелам усходніх каталіцкіх ярархаў у храмах Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)