Царква
Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 29:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Сьвятло Ўсходу

Усёй Царкве патрэбны досьвед Усходніх
Каталіцкіх Цэркваў

Папа Бенядыкт XVI прыняў патрыярхаў і вярхоўных архібіскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

Адказваючы на пажаданьні патрыярхаў ды вярхоўных архібіскупаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якія яны неаднаразова выказвалі з розных нагодаў, Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI запрасіў іх на сустрэчу, якая адбылася ў суботу, 19 верасьня 2009 году, у летняй рэзідэнцыі Папы ў Кастэль Гандольфа, недалёка ад Рыму.

У сустрэчы ўдзельнічала 6 патрыярхаў усіх Усходніх Каталіцкіх Цэркваў: Патрыярх Мараніцкай Царквы кардынал П’ер Сфэір, Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы кардынал Эмануэль ІІІ Дэльлі, Патрыярх Копцкай Каталіцкай Царквы Антоні Нагіб, Патрыярх Грэка-Мелхіцкай Царквы Рыгор ІІІ Лагам, Патрыярх Сірыйскай Каталіцкай Царквы Ігнаці Юсуф ІІІ Юнан; Патрыярх Армянскай Каталіцкай Царквы Нэрсэс Бэдрос ІІІ Тармуні ды Лацінскі Патрыярх Ерусаліму Фуад Туаль, а таксама 4 вярхоўныя архібіскупы: Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Любамір (Гузар), Першаярарх Сірыйска-Малабарскай Царквы Варкей Вітхаятхіл, Першаярарх Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы Архібіскуп-Мітрапаліт Луцыян (Мурэшан) ды Першаярарх Сірыйска-Маланкарскай Царквы Базеліяс Моран Мор Кліміс Тоттункал.

Разам з Сьвятым Айцом на сустрэчы прысутнічалі Дзяржаўны Сакратар Сьвятой Сталіцы кардынал Тарчызіё Бэртонэ і кардынал Леанарда Сандры, Прэфэкт Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, ды іншыя прадстаўнікі ватыканскіх установаў.

Сустрэча распачалася малітвай, пасьля якой выступілі ўсе прысутныя першаярархі Ўсходніх Цэркваў, выказваючы падзяку за гэтую нефармальную, сяброўскую ініцыятыву Сьвятога Айца ды робячы акцэнт на двух асьпектах харызмы сваіх Цэркваў у еднасьці праўды і любові, а менавіта, на вернасьці спадчыне хрысьціянскага Ўсходу ды на сулучнасьці з Папам Рымскім, Наступнікам сьвятога Пятра, Усяленскім Пастырам.

Папа, між іншым, падкрэсьліў, што ўсёй Царкве патрэбны досьвед, які каталіцкія супольнасьці Ўсходу напрацавалі ўжо на працягу першага тысячагоддзя хрысьціянства, асабліва ў экуменічнай і міжрэлігійнай персьпектыве. Ён запэўніў ярархаў, якія прысутнічалі на сустрэчы, што клапоціцца пра разьвіцьцё Цэркваў, якімі яны кіруюць, і пра якія ён заўсёды памятае і моліцца.

Яго Сьвятасьць Бенядыкт ХVІ нагадаў пра сталы заклік да міру ў Сьвятой Зямлі i на ўсім Блізкім Усходзе і абвясьціў скліканьне Сіноду, які будзе прысьвечаны Каталіцкай Царкве на Блізкім Усходзе ды будзе праходзіць у Ватыкане з 10 па 24 кастрычніка наступнага, 2010 году.

На заканчэньне Бенядыкт XVI удзяліў усім прысутным ярархам ды ўсім Усходнім Каталіцкім Цэрквам Апостальскае блаславеньне.

Схм. Вікторыя, г. Рым
Паводле: www.radiovaticana.org/ucr

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)