Царква
Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Навіны хрысьціянскага сьвету

Сербскі патрыярх
гатовы cустрэцца з Папам

Апостальская Сталіца з задавальненьнем і ўдзячнасьцю ўспрыняла заяву новага Першаярарха Сербскай Праваслаўнай Царквы Патрыярха Ірынэя, які адзначыў, што настаў час для яго сустрэчы са Сьвятым Айцом Бенядыктам XVI.

Старшыня Прэс-службы Ватыкану а. Федэрыка Ламбардзі, SI заўважыў, што словы зьверхніка Сербскай Праваслаўнай Царквы пра гатоўнасьць распачаць дыялог з Папам сьведчаць пра «адкрытую і экуменічную пазіцыю» новага Патрыярха, якую Апостальская Сталіца ўспрымае з глыбокай удзячнасьцю. Паводле словаў прадстаўніка ватыканскага ведамства, гэтае сьцьверджаньне зьяўляецца знакам, што дыялог, распачаты яшчэ пры ўдзеле папярэдняга Патрыярха Сербскага Паўла, будзе пасьпяхова працягнуты. Як дадаў а.Ламбардзі, можна спадзявацца, што гэты дыялог «выйдзе за папярэднія рамкі».

Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы таксама зьвярнуўся да тэмы магчымасьці сустрэчы Патрыярха з Папам у Сербіі ў 2013 годзе з нагоды сьвяткаваньня 1700-годдзя падпісаньня міланскага эдыкту, які даваў хрысьціянам Рымскай імперыі дазвол на свабоднае вызнаньне сваёй рэлігіі. Як паведаміў а. Ламбардзі, магчымасьць такой сустрэчы ўжо абмяркоўвалася падчас аўдыенцыі, удзеленай Сьвятым Айцом Прэзідэнту Сербіі Барысу Тадзічу ў лістападзе 2009 году, аднак дакладна яна яшчэ не была запланавана.

Паводле Catholic.by

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)