Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Навіны хрысьціянскага сьвету

Дыялог Цэркваў: праблемы жыцьця адзінай Царквы

Праблему жыцьця адзінай Царквы пасьля ўзьяднаньня каталікоў і праваслаўных абмеркавалі ўдзельнікі багаслоўскіх кансультацыяў у Брукліне. Гэтыя праваслаўна-каталіцкія багаслоўскія кансультацыі прайшлі з 1 па 3 чэрвеня 2010 году ў Грэцкім каледжы (Грэцкай праваслаўнай багаслоўскай школе Сьвятога Крыжа) у Брукліне, Масачусетс.

Сустаршынямі форуму выступілі мітрапаліт Пітсбурга Максім (Канстанцінопальскі патрыярхат) і рыма-каталіцкі архібіскуп Новага Арлеану Грэгары М. Эйманд. У кансультацыях прынялі ўдзел каталіцкія і праваслаўныя сьвятары, манахі і навукоўцы-тэолагі.

Удзельнікі кансультацыяў падрыхтавалі праект рэзалюцыі “Крокі на шляху да адзінай Царквы: Нарыс праваслаўна-каталіцкага бачаньня будучыні” (“Steps Towards a United Church: A Sketch of an Orthodox-Catholic Vision for the Future”).

У дакуменце коратка выкладаецца гісторыя рознагалосьсяў паміж праваслаўнай і каталіцкай Цэрквамі, прычым асаблівая ўвага нададзена ролі ў Царкве біскупа Рыму – Папы. Таксама адзначаюцца моманты, якія дагэтуль разьдзяляюць абедзьве Царквы. У праекце адлюстраваны разважаньні пра тое, як магла б выглядаць адзіная Царква ў выпадку аднаўленьня еднасьці паміж каталікамі і праваслаўнымі і якія духоўныя захады неабходныя, каб дапамагчы такой еднасьці адбыцца.

Праца над праектам працягнецца падчас наступнай сустрэчы.

Удзельнікі сустрэчы таксама разгледзелі нядаўнія падзеі ў абедзвюх Цэрквах. У прыватнасьці, гаворка пра Асамблею праваслаўных япіскапаў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, якая адбылася ў Нью-Ёрку 26-27 траўня 2010 году. Асамблея заменіць Пастаянную канферэнцыю кананічных праваслаўных япіскапаў у Амерыцы (SCOBA) і, як чакаецца, стане афіцыйным праваслаўным фундатарам Паўночнаамерыканскіх праваслаўна-каталіцкіх кансультацыяў.

Удзельнікі кансультацыяў таксама разгледзелі пытаньні пра прымат і калегіяльнасьць у Царкве, асаблівую ўвагу зьвяртаючы на багаслоўскі асьпект дзейнасьці аўтакефальных праваслаўных Цэркваў.

Паводле Седмица.Ру

Гэты артыкул чыталі 40 разоў (-ы)