Царква
Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе; ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 4:7-9)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Разам на шляху веры i сьвятасьцi

У суботу, 30 сьнежня 2006 году, грэка-каталiцкую парафiю сьвятога Язэпа ў Менску наведаў Апостальскi Адмiнiстратар Менска-Магiлёўскай Архiдыяцэзii бiскуп Антон Дзям'янка. Архiпастыр Рыма-Каталiцкай Царквы ў Беларусi адгукнуўся на запрашэньне Апостальскага Вiзiтатара для грэка-католiкаў Беларусi Архiмандрыта Сяргея Гаека (МIС) i параха менскай грэка-каталiцкай парафii сьвятога Язэпа протапрасьвiтара Андрэя Абламейкi, каб разам з каталiкамi ўсходняй традыцыi паўдзельнiчаць у патранальным сьвяце iх парафii.

Паколькi ў гэтай менскай парафii пакуль няма сваёй сьвятынi, урачыстасьць адбылася ў рыма-каталiцкiм касьцёле сьв. Яна Хрысьцiцеля ў Серабранцы, якiм апякуюцца айцы салезiяне i ў якiм яны гасьцiнна прымаюць грэка-каталiцкую супольнасьць.

Боскую Лiтургiю ва ўсходнiм абрадзе ўзначальвалi архiмандрыт Сяргей i бiскуп Антон Дзям'янка. Разам з iмi саслужылi 15 сьвятароў усходняга й лацiнскага абраду (сярод iх былi i два новавысьвячаныя грэка-каталiцкiя сьвятары а. Аляксандр Шаўцоў i а. Андрэй Буйнiч). У кароткiм казаньнi Архiмандрыт гаварыў пра сьвятога Язэпа, Абраньнiка Багародзiцы (якi ў вiзантыйскiм лiтургiчным календары названы Праведным) як пра прыклад веры .

2007 год Беларуская Грэка-Каталiцкая Царква адзначае як "Год веры". У гэтым годзе спаўняецца 490 гадоў з таго часу, калi ўсходне-славянскi першадрукар Францiшак Скарына пачаў друкаваць у Празе Бiблiю ў перакладзе на старабеларускую мову. Таму ў духу ўдзячнасьцi Богу за каштоўны дар Слова Божага на роднай мове вернiкi заклiканыя ў новым годзе штодзённа чытаць фрагмент Слова Божага i ў сэрцы разважаць над iм. Гэта паспрыяе ўмацаваньню iхняй веры.

Дастойны госьць бiскуп Антон Дзям'янка прамовiў да сьвятароў i вернiкаў напрыканцы Боскай Лiтургii перад архiпастырскiм блаславеньнем. У сваiм слове ён адзначыў, што Канферэнцыя Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi абвясьцiла 2007 год Годам разважаньня пра паклiканьне да сьвята­сьцi. Сьвятасьць зьяўляецца плодам жывой веры, а асаблiвым месцам, дзе хрысьцiяне ўзрастаюць у сьвятасьцi, зьяўляецца сям'я, адзначыў Уладыка Антон. Ён таксама нагадаў, што выдатны прыклад сьвятасьцi дае ўсiм вернiкам Сьвятая Сям'я – Iсус, Дзева Марыя i сьвяты Язэп.

Прысутнасьць архiпастыра Менска-Магiлёўскай архiдыяцэзii бiскупа Антона Дзям'янкi на сумесным сьвяткаваньнi памяцi сьвятога Язэпа была каштоўным выразам духоўнай еднасьцi вернiкаў абодвух каталiцкiх абрадаў i заахвоцiла iх у новым 2007 годзе руплiва крочыць разам шляхам веры i сьвятасьцi.

Прэс-служба сакратарыяту Апостальскага Вiзiтатара для грэка-католiкаў Беларусi


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)