Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Сьвята Маці Божай Фацімскай у Горадні

У нядзелю, 13 траўня 2007 году, гарадзенскія грэка-католікі адзначалі сьвята сваёй парафіі, названай у гонар Маці Божай Фацімскай. Сёлета мінула 90 гадоў з часу Фацімскага пасланьня Маці Божай сьвету, якое яна перадала падчас сваіх зьяўленьняў праз трох маленькіх пастушкоў. Гэтая падзея надала адметнасьць сёлетнім парафіяльным урачыстасьцям. Варта адзначыць, што ў адным з пасланьняў Маці Божай гаварылася пра патрэбу навяртаньня людзей да Бога, асабліва тых, якія жывуць на Ўсходзе Еўропы.

Маленькая капліца па вуліцы Гараднічанскай, дзе звычайна адбываюцца грэка-каталіцкія набажэнствы, не зьмясьціла б усіх парафіянаў і гасьцей сьвята (іх было каля ста), таму сваю капліцу грэка-каталікам гасьцінна прапанавалі айцы-рэдэмптарысты.

Урачыстую літургію ўзначаліў айцец Андрэй Абламейка з Менску – дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Казаньне з нагоды сьвята сказаў айцец Аляксандр Шаўцоў, неапрасьвітар, які паходзіць з гарадзенскай парафіі. Сваім сьпевам урачыстасьць упрыгожыў беларускі хор “Бацькаўшчына”. Сярод гасьцей былі прадстаўнікі інтэлігенцыі, пратэстанцкіх Цэркваў, грэка-каталікі са Слоніма.

Добрым падарункам для гарадзенскай парафіі стала ікона Маці Божай Вастрабрамскай (на фота), а таксама амафор Уладыкі Ўладзіміра Тарасевіча (1921-1986) – беларускага грэка-каталіцкага біскупа з Чыкага, які родам з-пад Ліды. Яны былі перададзеныя з Беларускай місіі ў Лондане айцом Сяргеем Стасевічам. Пасьля набажэнства парафіяне і госьці сьвята разам накіраваліся на супольны пачастунак, падчас якога мелі магчымасьць лепей пазнаць адзін аднаго.

а. Андрэй Крот

Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)