Царква
Не рабі зла, і цябе не напаткае зло; адыходзь ад няпраўды, і яна збочыць зь цябе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 7:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Дзяды ў Альбярціне

2 лістапада адзначаецца ў Беларусі традыцыйнае сьвята Дзяды. У Рыма‐Каталіцкай Царкве гэта ўспамін усіх памерлых вернікаў, таму ў гэты дзень рыма‐католікі прыходзяць на могілкі, каб памаліцца за памерлых і асьвяціць магілы сваіх блізкіх. У візантыйскім абрадзе гэты дзень прыпадае блізка Зьмітраўскай бацькоўскай задушнай суботы. Таму вернікі БГКЦ прытрымліваюцца традыцыі сьвяткаваньня Дзядоў і запрашаюць сьвятароў на могілкі, каб адслужылі Малую паніхіду ды асьвяцілі магілкі памерлых сваякоў, знаёмых і сяброў.

З практычных прычынаў малітву за памерлых у слонімскай парафіі перанесьлі на нядзелю 4‐га лістапада. У касьцёле, што на могілках у Альбярціне, а. Аляксандр Шаўцоў адслужыў Боскую Літургію за памерлых сваякоў слонімскіх вернікаў, а пасьля на могілках памаліўся разам з парафіянамі Малую паніхіду за памерлых манахаў‐езуітаў і манахінь, якія працавалі ў Альбярцінскай Усходняй місіі ў міжваенны час. Іхнімі магілкамі рупліва апякуецца верніца слонімскай парафіі спн. Яўгенія Дзмітрыеўна Лазар.

Пасьля малітвы спн. Яўгенія запрасіла а. Аляксандра з матушкай Тацянай ды іншых вернікаў, якія прыехалі ў Слонім, на традыцыйную брацкую вячэру.

А. Ш.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)