Царква
Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі
(2 запаведзь, Выхад 20:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Сьвятло Ўсходу

Грэка-каталіцкая літургія ў Супрасьлі

Група вернікаў гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай зьдзейсьнілі 7-8 сьнежня 2007 году пілігрымку ў старажытны Супрасьль, што каля Беластока, дзе ў XVII-XIX стагоддзях дзейнічаў адзін з найбуйнейшых цэнтраў духовага жыцьця Ўніяцкай Царквы на беларускіх землях – Супрасьлеўскі базыльянскі манастыр.

У суботу, 7 сьнежня, а. Андрэй Крот адслужыў візантыйскую літургію ў супрасьлеўскім рыма-каталіцкім касьцёле Сьвятой Тройцы. Гэтая падзея выклікала вялікую цікавасьць вернікаў мясцовых рыма-каталіцкіх парафіяў, дзеля гэтага багаслужба адбывалася на беларускай і польскай мовах. Падчас набажэнства сьпявала харавая група гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай, якая ўразіла гаспадароў высокім майстэрствам царкоўнага сьпеву. Пілігрымка адбывалася на наступны дзень пасьля сьвята сьв. Мікалая Цудатворцы, архібіскупа Мірлікійскага, і з гэтай нагоды грэка-каталікі з Горадні падаравалі мясцовай парафіі Сьвятой Тройцы ікону гэтага сьвятога. На наступны дзень, у сьвята Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Багародзіцы паводле календара Рыма-Каталіцкай Царквы, душпастыр гарадзенскіх грэка-каталікоў а. Андрэй Крот саслужыў сьв. Імшу ў лацінскім абрадзе, а харавая група выканала некалькі сьпеваў падчас набажэнства.

Пробашч парафіі Сьвятой Тройцы кс. Анджэй Хуткоўскі адзначыў, што для каталікоў Супрасьля гэта была вельмі важная падзея, паколькі ўсе яны, нягледзячы на тое, што ўжо шмат дзесяцігоддзяў практыкуюць ў лацінскім абрадзе, захоўваюць памяць пра свае ўніяцкія карані і ганарацца імі. Ён таксама дадаў, што гэта была першая Боская Літургія ва ўсходнім абрадзе ад часоў ІІ Сусьветнай вайны. У міжваенны час у Супрасьлі раз на месяц правілася грэка-каталіцкая літургія. Пасьля адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Польшчы Супрасьль наведвалі айцы базыльяне, якія служылі паніхіду па сваіх памерлых братах-манахах і верніках-уніятах.

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)