Царква
Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні
(Кніга Прарока Ераміі 10:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

Новыя біскупы Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў у Еўропе

На працягу мінулых месяцаў 2008 году грэка-каталіцкія Цэрквы ва Ўкраіне, у Грэцыі ды Вугоршчыне атрымалі новых біскупаў. Ніжэй даем кароткую інфармацыю пра гэтыя радасныя таксама і для беларускіх грэка-католікаў падзеі царкоўнага жыцьця.

УКРАІНА

15 студзеня 2008 году Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI блаславіў рашэньне Сіноду Біскупаў УГКЦ пра заснаваньне ў Луцку новага экзархату (які мае статус архібіскупскага) і пра прызначэньне а. Язафата Алега Гавэры яго экзархам (у мінулым нумары “Царквы” мы пісалі пра гэта). У склад новага экзархату ўваходзяць Валынская і Ровенская вобласьці. Рэзідэнцыя новага экзарха знаходзіцца ў Луцку.
Айцец Язафат Алег Гавэра нарадзіўся 12 верасьня 1967 году ў Івана-Франкоўску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы вучыўся ў падпольнай духоўнай семінарыі. 30 траўня 1990 году ён быў рукапакладзены на сьвятара і прызначаны парахам парафіі сьвятых Уладзіміра і Вольгі ў м. Вялікая Беразавіца. З 1996 па 1999 гг. навучаўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Пасьля гэтага працаваў віцэ-рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі Тарнопальскай япархіі УГКЦ. На працягу 2004-2007 гг. а. Язафат навучаўся ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, дзе абараніў ліцэнцыят па пастаральнай тэалогіі. Да моманту новага прызначэньня ён выконваў абавязкі рэктара Духоўнай семінарыі імя Ёсіфа Сьліпога ў Тарнопалі.

7 красавіка 2008 году, у сьвята Дабравешчаньня па юльянскім календары, у Тарнопальскім катэдральным саборы адбылася хіратонія новага грэка-каталіцкага біскупа. Для гэтага ў Тарнопаль прыехалі Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Любамір, біскупы Грэка-Каталіцкай Царквы з Украіны і замежжа. На хіратоніі прысутнічаў і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Чын біскупскай хіратоніі ўзначаліў Яго Блаславенства Любамір, з якім саслужылі правячы біскуп Тарнопальска-Збораўскі Ўладыка Васіль Семянюк і Ўладыка Павел Хамніцкі, ардынарый Стэмфардзкай япархіі ў ЗША.

У суботу, 12 красавіка 2008 году, у луцкім храме Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, які цяпер зьяўляецца катэдральным саборам, падчас Боскай Літургіі адбылася інтранізацыя Ўладыкі Язафата (Гавэры). З гэтай нагоды ў Луцк прыехалі Яго Блаславенства Вярхоўны Архібіскуп Кіеўска-Галіцкі Любамір, архібіскуп Львоўскі Ігар (Возьняк), біскупы УГКЦ, сьвятары і сьвецкія вернікі. У літургіі прыняў удзел ардынарый Луцкай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне, а таксама прысутнічаў Уладыка Міхаіл, япіскап Луцкі і Валынскі Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату. Ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на інтранізацыі прысутнічаў ераманах Лявонцій Тумоўскі, які прачытаў прысутным віншавальны ліст ад Апостальскага Візітатара БГКЦ архімандрыта Сяргея Гаека.

У сваім лісьце на імя Высокадастойнага Ўладыкі Язафата (Гавэры) ад імя духавенства і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ён выказаў радасьць з нагоды прызначэньня яго на пасад Экзарха Валынскага і прывітаў з пачаткам пастырскага служэньня на гэтай, блізкай таксама і для нас, беларусаў, зямлі. “Ваш Экзархат знаходзіцца на мяжы з Беларусьсю, і мы спадзяемся, што гэтая тэрытарыяльная блізкасьць будзе таксама нагодаю да супрацоўніцтва на карысьць еднасьці, пра якую рупліва дбаў Слуга Божы Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі”,– адзначае ў лісьце Апостальскі Візітатар беларускіх грэка-католікаў.

Архімандрыт Сяргей таксама зьвяртае ўвагу на духовыя повязі ўкраінскіх і беларускіх грэка-католікаў у XX ст., калі Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, дбаючы пра адраджэньне грэка-каталіцтва на Ўсходзе, у 1915 годзе прызначыў для працы на Валыні біскупа Луцкага Ёсіфа (Боцяна), які пэўны час апекаваўся таксама і грэка-католікамі ў Беларусі. Пазьней Слуга Божы Андрэй гэтаксама актыўна дапамагаў Апостальскаму Візітатару для Валыні, Падляшша і Палесься Ўладыку Мікалаю (Чарнецкаму), а ўвосень 1939 году, стварыўшы Беларускі грэка-каталіцкі экзархат, даручыў яму выконваць абавязкі Экзарха Беларусі да 1940 году, да часу, калі гэтае служэньня прыняў ад яго а. Антон Неманцэвіч.

“Цэнтральна-Заходні Протапрасьвітарат (дэканат) Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы сёньня носіць імя Блаславёнага Мікалая Чарнецкага,– піша Візітатар БГКЦ.— Няхай прыклад Блаславёнага сьвятамучаніка будзе для нас добрым сьведчаньнем ахвярнасьці і адданага служэньня верным”.

Напрыканцы свайго віншавальнага ліста Архімандрыт Сяргей пажадаў новапрызначанаму Валынскаму Экзарху Ўладыку Язафату Божага блаславеньня ў працы на душпастырскай ніве: “Няхай Міласэрны і Чалавекалюбны Госпад зьберажэ Вас для сьвятых сваіх Цэркваў, у супакоі, цэласьці, добрай славе, здароўі і даўгалецьці, каб маглі верна навучаць словам Яго праўды. А ўсе сьвятыя Ўкраінскай зямлі няхай суправаджаюць Вас сваімі малітвамі і апекаю ў Вашым служэньні”.

(Арыгінальны ўкраінскі тэкст віншавальнага ліста Валынскаму экзарху можна прачытаць тут)

ГРЭЦЫЯ

23 красавіка 2008 году Папа Бенядыкт XVI прыняў просьбу Біскупа Анаргіраса Прынтэсіса аб звальненьні яго па стане здароўя з пасады апостальскага экзарха для католікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі.

Адначасова Сьвяты Айцец паклікаў да біскупскага сану а. Дымітрыяса Салахаса ды прызначыў яго новым Апостальскім Экзархам Эладзкай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Новы апостальскі экзарх нарадзіўся ў 1939 годзе ў Афінах. Вывучаў філасофію ў Папскім універсітэце “Урбаніяна” ў Рыме ды тэалогію ў Ерусаліме, дзе ў 1964 годзе быў рукапакладзены на сьвятара.

Акрамя гэтага Ўладыка Дымітрыяс мае юрыдычную адукацыю, якую атрымаў на юрыдычным факультэце Афінскага ўніверсітэту. Ён шмат гадоў выкладаў усходняе кананічнае права ў Экуменічным інстытуце ў Бары, у папскіх навучальных установах Рыма і ў Каталіцкім інстытуце ў Парыжы. Таксама ён уваходзіць у Міжнародную камісію па каталіцка-праваслаўным дыялогу ад моманту яе стварэньня. Дзякуючы шматгадовым кантактам і сяброўству з архім. Сяргеем (Гаекам) новы зьверхнік Эладзкай Грэка-Каталіцкай Царквы вельмі добра ведае жыцьцё БГКЦ.

Апостальскі Экзархат Эладзкай Грэка-Каталіцкай Царквы налічвае каля 3000 вернікаў у трох парафіях, ёсьць таксама пэўная колькасьць вернікаў, якія жывуць па-за структурамі парафіяў. У Экзархаце ЭГКЦ служыць 10 сьвятароў.

Акрамя таго парафіі Экзархату гасьцінна адкрытыя на патрэбы ўкраінскіх грэка-каталікоў, якіх сёньня тысячы працуюць у Грэцыі, а таксама і для вернікаў Халдэйскай Каталіцкай Царквы.

ВУГОРШЧЫНА

2 траўня 2008 году Вянгерская Грэка-Каталіцкая Царква атрымала свайго новага Пастыра. Папа Бенядыкт XVI прызначыў Біскупам япархіі Гайдудораг (Hajdudorog) ды Апостальскім Адміністратарам “ad nutum Sanctae Sedis” Апостальскага Экзархату ў Мішкальцы (Miskolc) ігумена грэка-каталіцкай Абіцелі Перамяненьня Гасподняга ў м. Дамац – ераманаха Філіпа Кочыша.

Новапрызначаны біскуп нарадзіўся 13 студзеня 1963 году ў горадзе Сэгэд у япархіі Гайдудораг. Закончыў епархіяльную семінарыю у г. Ньірэдзьгаза і быў рукапакладзены на сьвятара 2 жніўня 1989 году. Пасьля вышэйшых студыяў у Рыме нёс душпастырскае служэньне ў Мішкальцкім Экзархаце.

Пасьля манаскай фармацыі (у 1995-1999 гг.) ва ўсходне-каталіцкім манастыры бенядыктынцаў у Шэўтоні ў Бельгіі, з блаславеньня біскупа Гайдудоражскага, арганізаваў манастырскую абіцель у мясцовасьці Дамац ва ўсходняй Вугоршчыне ды быў прызначаны яе ігуменам.

Уладыка Філіп уступае на пасад Архіпастыра Вянгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы (ВГКЦ) пасьля шматгадовага служэньня (1988-2007) біскупа Сіларда Кэрэстэша, які ў 2007 годзе адышоў на пенсію.

Сёньня Грэка-Каталіцкая Царква ў Вугоршчыне (у Гайдудоражскай япархіі ды экзархаце Мішкальц) налічвае амаль 300 тысячаў вернікаў, існуе 180 парафіяў, якія абслугоўваюць 270 сьвятароў.

На фота:

1. Тарнопаль (Украіна), 07.04.2008. Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек вітае Валынскага Экзарха Ўладыку Язафата Гавэру пасьля яго хіратоніі.

2. Луцк (Украіна), 12.04.2008. На ўрачыстасьці інтранізацыі Валынскага Эказарха УГКЦ Уладыку Язафата Гавэру вітае Дэкан Ўсходняга протапрасьвітарату БГКЦ ерам. Лявонці Тумоўскі.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)