Царква
Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 16:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Гасьцёўня

Кардынал Барбарэн: “Няхай Касьцёл у Беларусі захоўвае свой унікальны характар”

Пра персьпектывы разьвіцьця адносінаў паміж Каталіцкім Касьцёлам у Беларусі і Францыі, пра міжрэлігійны дыялог, а таксама ўражаньні, якія выклікала Беларусь у архібіскупа Ліёнскага кардынала Філіпа Барбарэна,– у інтэрв’ю Catholic.by.

– Ваша Эмінэнцыя, якімі Вы бачыце персьпектывы ў разьвіцьці адносінаў паміж Каталіцкім Касьцёлам у Беларусі і Францыі?

– Вялікае значэньне мае праграма “Эразм”. Паводле гэтай праграмы ва ўніверсітэце Ліёну навучаецца духавенства. Сярод іх шмат біскупаў, сьвятароў, напрыклад, з Германіі. З Мітрапалітам Кандрусевічам я час ад часу сустракаюся ў Рыме. Такія сустрэчы біскупаў маюць вялікае значэньне. А тыя кнігі, якія я прывёз у падарунак, таксама зьяўляюцца сур’ёзным адукацыйным момантам для разьвіцьця навучаньня і фармацыі духавенства тут, у Беларусі.

Важнымі зьяўляюцца пабрацімскія адносіны паміж дыяцэзіямі. Напрыклад, дыяцэзія Ліёну мае дыяцэзіі-сёстры: адна дыяцэзія ў Буркіна Фасо (Афрыка) і адна – у Ліване. Гэтыя дыяцэзіі-сёстры падтрымліваюць узаемасувязі і аказваюць адна адной дапамогу. Безумоўна, больш дапамогі ідзе з боку дыяцэзіі Ліёну.

– Вас у сьвеце ведаюць як прыхільніка экуменічнага дыялогу. Што б Вы адказалі праціўнікам такога дыялогу?

– Гэта цалкам супярэчыць волі Ісуса. У сваёй першасьвятарскай малітве, у вечар перад сваёю мукай Ісус, калі маліўся (як мы чытаем у Евангельлі паводле сьвятога Яна), прасіў, каб усе Яго наступнікі былі адно. Гэта – асноўная інтэнцыя Яго першасьвятарскай малітвы.

Вяршыняю літургічнага году зьяўляецца Вялікі тыдзень. Аднак, можна сказаць, што ў літургічным годзе ёсьць таксама другая вяршыня – Тыдзень малітваў за адзінства хрысьціянаў. Ісус вельмі рашуча перапыняе сваіх вучняў, калі тыя пачынаюць спрачацца адносна таго, хто з іх большы, хто з іх заслугоўвае большай пашаны. Увесь 18-ы разьдзел Евангельля паводле сьвятога Мацьвея прысьвечаны менавіта арганізацыйным пытаньням Царквы: калі вы будзеце шукаць, хто з вас большы, тады вы ніколі ня будзеце адным цэлым, і тады ніколі ня будзе Царквы.

У міжрэлігійным дыялогу асаблівае значэньне мае дыялог з юдаізмам, бо Ісус – гэта слава Ягонага народу, Ізраіля, і ўсе мы – католікі, праваслаўныя, хрысьціяне самых розных веравызнаньняў – маем адзін супольны корань, якім зьяўляецца юдаізм. Калі параўноўваць, то можна сказаць, што юдаізм – гэта дом нашых дзядоў і бабуль.

Кожны дзень мы чытаем і молімся псальмамі, кожны дзень мы чытаем закон Майсея, чытаем прарокаў, і менавіта гэта зьяўляецца той платформай, тым фундаментам, на якім мы можам весьці дыялог з іншымі, таму што гэта аб’ядноўвае нас з іншымі хрысьціянскімі веравызнаньнямі. Гэта зьяўляецца адзіным для нас усіх.

Іншае таксама вельмі важнае і асаблівае месца ў міжрэлігійным дыялогу займаюць мусульмане, але, у адрозьненьне ад юдэяў, для нас тэксты Карану не зьяўляюцца сьвятымі. Мы не чытаем тэксты Карану і ня молімся на іх падставе. У мусульманаў, з іншага боку, мы можам павучыцца палымянасьці, іх насычанаму духоўнаму жыцьцю, іх прыгожым чалавечым адносінам, іх прыхільнасьці да міласьціны і дапамогі іншым. Назіраючы ў іншых рэлігіях самае лепшае, я магу таксама станавіцца лепшым у насьледаваньні Хрыста сваім шляхам – шляхам, вызначаным Хрыстом.

Напрыклад, у дыялогу паміж хрысьціянамі, юдэямі і мусульманамі важным момантам можа быць супольнае разважаньне над Божай міласэрнасьцю, і такім чынам, разважаючы над гэтым, мы можам дапамагаць адно аднаму, можам знаходзіць нейкія супольныя інтарэсы.

– Якою Вы ўбачылі Беларусь? Якія ў Вас засталіся пра яе ўражаньні?

– Для мяне вялікая радасьць трапіць сюды, таму што гэтая краіна вельмі гасьцінная, вельмі адкрытая і вельмі простая. Вельмі парадаваў гэты цёплы, заўсёды адкрыты прыём. Цешаць добрыя і прыязныя адносіны, якія тут існуюць паміж Каталіцкім Касьцёлам і Праваслаўнай Царквой. Горад таксама выглядае вельмі цудоўна, ён вельмі чысты. Людзі выглядаюць спакойнымі, што сапраўды вельмі важна. Вельмі прыемнае ўражаньне пакінула тое, што рэлігія тут у пашане, што да Мітрапаліта і да рэлігійных дзеячаў ставяцца з павагаю ў дзяржаўных структурах, у адрозьненьне ад Францыі, дзе хрысьціяне выклікаюць гнеў і часам нават нянавісьць. Безумоўна, тут ёсьць таксама свае пакуты, цярпеньні. Учора я наведаў Курапаты, тое месца, дзе Сталін забіў вельмі вялікую колькасьць людзей. Аднак, калі вы гаворыце пра тыя часы, пра зачыненыя ў тыя часы сьвятыні, вы гаворыце бяз горычы, бяз гневу, без раздражненьня, бяз жалю. І гэта паказвае, што вы жывеце сёньняшнім днём і тымі заданьнямі, якія ставіць перад вамі Ісус сёньня. “Господи, устне мои отверзеши, и уста моя возвестят хвалу Твою”, – гэтыя словы застануцца для мяне як памяць пра Беларусь. Кожную раніцу я буду іх паўтараць у сваіх малітвах.

– Што б Вы пажадалі Касьцёлу ў Беларусі?

– Няхай ён разьвіваецца ў супакоі, у міры. Няхай ён захоўвае свой асабісты, унікальны, уласьцівы толькі яму характар. Няхай ён знойдзе сваё годнае месца сярод сваіх суседзяў. Гісторыя яго дастаткова нядаўняя, і няхай яна знойдзе таксама сваё месца ў Еўропе.

– Дзякуем за размову.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)