Царква
Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Сьвятло Ўсходу

Грэка-католікі – перашкода?

Першаярарх УГКЦ Уладыка Любамір (Гузар) пракаментаваў абвінавачаньні ў адрас грэка-каталікоў, выказаныя кіраўніком Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў РПЦ МП Архіяпіскапам Іларыёнам падчас афіцыйнага візіту ў Ватыкан 17-18 верасьня 2009 году.

Як заявіў прадстаўнік РПЦ, для таго, каб адбылася сустрэча Патрыярха Кірыла з Папам Бенядыктам XVI, неабходны канкрэтныя крокі для «кардынальнага паляпшэньня сітуацыі ў Заходняй Украіне». Зьверхнік УГКЦ у інтэрв’ю для «Дзеркала тижня» пракаментаваў гэта так: «Калі ёсьць шчырае жаданьне збліжэньня, стасункаў, тады ня ставяць умоваў, а сустракаюцца і размаўляюць. А калі вы пачынаеце ставіць умовы «зрабі тое і тое, тады будзем цябе любіць», – дык гэта адсутнасьць шчырага жаданьня размаўляць, адсутнасьць сапраўднай любові». На яго думку, «розьніца паміж палітыкай былога і цяперашняга патрыярхаў Маскоўскіх толькі ў форме – шмат галасу, але нічога новага па сутнасьці не адбываецца». У інтэрв’ю BBC кардынал Любамір таксама дадаў, што закіды адносна «разгрому» трох праваслаўных япархіяў і захопу храмаў робяцца пастаянна, але ён яшчэ ня чуў, каб хтосьці іх абгрунтавана давёў. «У 1946 годзе Расейская Праваслаўная Царква ў Заходняй Украіне атрымала ад дзяржавы больш за 500 храмаў. Дык ці ж варта казаць, што гэта былі храмы РПЦ?» – растлумачыў Зьверхнік УГКЦ. Паводле яго словаў, падчас выхаду УГКЦ з падпольля здараліся прыкрыя выпадкі, калі грамада разьдзялялася і былі вялікія непаразуменьні. Але гэта ўжо даўно мінула і сёньня практычна няма канфліктных сітуацыяў. «Я ўсё яшчэ чакаю аб’ектыўныя доказы таго, што грэка-каталікі гвалтоўна забралі нейкія храмы або перашкаджаюць будаваць новыя цэрквы», – сказаў Першаярарх УГКЦ Любамір Гузар.

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)