Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Царква і грамадзтва

дыякан Пётр Рудкоўскі, OP

Хто ў Беларусі павінен
выступіць у абарону
беларускай мовы?

«У мове і праз мову выражаецца супольная памяць, традыцыя і культура народу. Мова яднае народ, робіць яго маральна моцным і трывалым, нягледзячы на зьменлівыя каляіны лёсу. Мова, зьяўляючыся сінтэзам нацыянальных каштоўнасьцяў, утварае фундамент тоеснасьці нацыі», – гэта ўрывак з пастырскага пасланьня Епіскапату Польшчы адносна пытаньня культуры польскай мовы, якое было зачытана альбо вывешана ва ўсіх каталіцкіх сьвятынях Польшчы 17 студзеня 2010 году.

Чаму біскупы Польшчы вырашылі на такім высокім узроўні заняцца тэмай, якая, здавалася б, не зьвязана непасрэдна з рэлігіяй і евангелізацыйнай місіяй Царквы? Хоць гэта непасрэдна і не гаворыцца ў пасланьні, але няцяжка здагадацца, што біскупы Польшчы зыходзяць тут з інтэгральнага разуменьня чалавечай істоты. Філасофская антрапалогія настойліва падкрэсьлівае, што чалавек ёсьць істота разумная (homo sapiens), грамадзкая (homo socialis) і рэлігійная (homo religiosus) адначасова. Немагчыма па-сапраўднаму служыць чалавеку ў яго рэлігійным вымярэньні, ігнаруючы, напрыклад, яго грамадзка-культурнае вымярэньне. Таму, хоць моўная культура не належыць да рэлігійнага вымярэньня чалавечай экзістэнцыі, аднак жа клопат высокіх прадстаўнікоў Царквы апраўданы тым, што гэтая культура мае вялікае значэньне для інтэгральнага разьвіцьця чалавека.

Усё гэта міжволі прымушае падумаць пра стан беларускай мовы ў нашай краіне ў цэлым і ў Каталіцкай Царкве ў прыватнасьці. Наша мова прайшла і ўсьцяж праходзіць непараўнальна большыя выпрабаваньні, чым мова суседніх народаў. Пасьля заняпаду старабеларускай культуры ў XVII–XVIII стст. мы, можна сказаць, ня мелі ані сіл, ані гістарычных магчымасьцяў, каб прыўзьняцца і адрадзіцца. Мы ня мелі міжваеннага перыяду незалежнасьці, як палякі альбо літоўцы, а ў дарэвалюцыйны час ні адзін гектар Беларусі ня меў таго камфорту, які мелі тыя ўкраінцы, якія аказаліся пад аўстрыйскай уладай. У той час як у Літве ці Польшчы рыма-каталіцкае духавенства, на Ўкраіне – грэка-каталіцкае, можна сказаць, было авангардам моўна-культурнага адраджэньня, у Беларусі толькі адзінкі адважваліся стаць на такі шлях.

Сёньня адважваюцца стаць на гэты шлях не адзінкі, а, скажам, дзясяткі. Не бяз радасьці і ўдзячнасьці трэба адзначыць, што ўнутры Рыма-Каталіцкай Царквы беларуская мова гучыць часьцей, чым у іншых сферах публічнага жыцьця. У нешматлікай Грэка-Каталіцкай Царкве родная мова замацавана шматвекавой традыцыяй і займае выключнае месца.

Аднак ці дастаткова гэтага? Ці беларуская мова ў Беларусі мае менш праблемаў, чым польская мова ў Польшчы? Ці не павінна яна стаць прадметам больш пільнай увагі з боку пастыраў?

Моўнае пытаньне ў Царкве ў Беларусі мае, вядома ж, свой кантэкст і сваю сьпецыфіку. Ведаем, што многія католікі схіляюцца да польскай мовы ў касьцёле – хтосьці таму, што сьвядома атаясамлівае сябе з польскай нацыяй, а хтосьці ў сілу традыцыі. Несумненна, польскамоўная каталіцкая культура мае права існаваць і разьвівацца ў Беларусі, а клопат пра беларускую мову ні ў якім разе не павінен быць скіраваны на выкараненьне ці несправядлівае выцясьненне польскай мовы.

Тут, аднак, неабходна тое, што называецца «прытомнасьцю сэрца». Беларуская мова канае на сваёй уласнай тэрыторыі. Пытаньні, хто вінаваты ў гэтым, трэба адсунуць у бок. Трэба адмовіцца таксама ад недарэчных спрэчак наконт таго, якое ведамства і калі павінна займацца гэтай праблемай. Бо адказ тут відавочны: кожны чалавек добрай волі павінен гэтым займацца. А таксама кожная ўстанова, якая называецца «культурнай», «рэлігійнай» альбо «хрысьціянскай». Кожны, хто імкнецца служыць інтэгральнаму чалавеку, павінен адчуваць сваю адказнасьць за беларускую мову.


Гэты артыкул чыталі 7 разоў (-ы)